/ / Общественно-политические
01.08.2022

Лілія Кір'як аб новаўвядзеннях у сферы культуры

У канцы чэрвеня бягучага года Палатай прадстаўнікоў быў прыняты праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях культуры». Новаўвядзенні адбыліся практычна ва ўсіх сферах культуры, але асноўныя датычацца аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў, арганізацыі і правядзення культурных мерапрыемстваў, дзейнасці творчых саюзаў, а таксама бібліятэчнай і музейнай справы. Каб зразумець, якім чынам змяненні ў Кодэксе паўплываюць на звычайных грамадзян, «Звязда» звярнулася да Ліліі Кір'як, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы.

Замок

– Карпатлівая аналітычная работа па пошуку шляхоў удасканалення нормаў Кодэкса вялася да апошняга. Шмат якія папраўкі выпрацоўваліся на пасяджэннях рабочай групы пры абмеркаванні прапаноў, у тым ліку тых, што паступілі ад дэпутатаў. У ходзе карэкціроўкі дакумента істотна павялічыўся яго аб'ём – з 48 старонак да 70, – адзначыла Лілія Кір'як.

Камісіяй былі прыняты папраўкі, датычныя да дзейнасці музеяў, у прыватнасці толькі штатныя музейныя супрацоўнікі могуць праводзіць экскурсіі ў музеях.

З улікам развіцця лічбавых і сучасных тэхналогій было прынята рашэнне замацаваць новы профіль музеяў – навукова-тэхнічны, да якога адносяцца музеі прамысловасці, транспарту, сувязі, машынабудавання і іншыя. Актуалізуючы нормы закона, мы ўвялі новую катэгорыю наведвальнікаў, якая цяпер замацавана тэрмінам «віртуальны, або аддалены наведвальнік». Паняцце «віртуальны карыстальнік бібліятэк» датычыцца і бібліятэчнай справы, – распавяла Лілія Кір'як.

Згодна са змяненнямі Кодэкса, больш магчымасцяў з'явіцца ў творчых саюзаў. Напрыклад, акрамя творчай дзейнасці яны могуць займацца культурнай дзейнасцю па іншых напрамках, а мастакі змогуць пражываць у сваіх творчых майстэрнях, студыях і іншых памяшканнях на перыяд ажыццяўлення творчай дзейнасці. Дамы рамёстваў атрымліваюць права прадаваць свае вырабы падчас правядзення не толькі культурных, але і іншых мерапрыемстваў.

– Шмат паправак было ўнесена ў арганізацыю і правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў, у асаблівасці тых, што ладзяцца юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі. У выпадку, калі мерапрыемства ладзіцца без мэты атрымання прыбытку, арганізатарам трэба атрымаць пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, але без выплаты пошліны. Акрамя таго, юрыдычная асоба або індывідуальны прадпрымальнік, якія займаюцца правядзеннем культурна-відовішчных мерапрыемстваў, павінны быць уключаны ў спецыяльны рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў, – дадала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Таксама Лілія Кір'як звярнула ўвагу, што для арганізацыі і правядзення выставак уводзіцца паведамляльны прынцып.

Унесена дакладнасць і ў парадак арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў у выпадку іх адмовы або адмены. У якасці прыкладу – адмена канцэрта. Кодэксам устаноўлены не толькі тэрміны, на працягу якіх пакупнік квіткоў можа атрымаць свае сродкі, а таксама і спецыяльныя месцы, дзе здзяйсняецца вяртанне грошай: «Інтарэсы грамадзян перш за ўсё», – адзначае намеснік старшыні Пастаяннай камісіі.

Змяненні закранулі і парадак вывазу матэрыяльных культурных каштоўнасцяў, якія не прадугледжаны міжнародна-прававымі актамі, што складаюць права Еўразійскага эканамічнага саюза. Так, калі чалавек набывае, напрыклад, карціну і хоча вывезці яе за мяжу, яму не трэба ісці ў Міністэрства культуры, як гэта было раней. Дастаткова звярнуцца ў мясцовыя органы. Папраўка ўведзена з мэтай папулярызацыі айчыннай культуры і мастацтва за межамі нашай краіны.

Дэпутат акцэнтавала ўвагу на тым, што права выканкамаў абласнога ўзроўню надаваць культурнай каштоўнасці, якая мае рэгіянальную значнасць, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама пазбаўляць такога статусу, цяпер перададзена Міністэрству культуры.

Таксама Кодэксам устаноўлены пэўны памер сродкаў знадворнай рэкламы, якія размяшчаюцца на помніках архітэктуры.

– Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, абавязкі грамадзян у сферы культуры дапоўніліся абавязкам захоўваць гістарычную памяць аб гераічным мінулым беларускага народа – лічу гэта вельмі важнай папраўкай, – звярнула ўвагу Лілія Кір'як. 

Арына Карповіч, «Звязда», 1 жніўня 2022 г.