«Беражыце дзяцей!» <em>(Тарас Шчыры, «Звязда» ад 30 мая 2014 г.)</em>
Пра падлеткавую злачыннасць, яе прафілактыку «Звяздзе» падрабязна распавёў Віталь Янчын, начальнік аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў.
— Віталь Алегавіч, дзеці якой узроставай групы знаходзяцца ў зоне асаблівай рызыкі?
— За 4 месяцы 2014 года ў Беларусі ў выніку злачынстваў пацярпелі больш за 2 тысячы непаўналетніх. З іх 1,8 тыс. прызнаны пацярпелымі ў выніку ўхілення бацькоў ад утрымання дзяцей ці ад пакрыцця выдаткаў, якія дзяржава выдзеліла на ўтрыманне дзяцей. Калі не ўлічваць пералічаныя злачынствы, падлеткі пераважна пакутуюць ад крадзяжоў і хуліганства. Большасць непаўналетніх ахвяр падобных здарэнняў — ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў.
— Дарэчы, якая прадугледжана адказнасць для бацькоў, чыя няўважлівасць пацягнула сур’ёзныя наступствы для іх дзяцей?
— Для бацькоў і іншых асоб, якія пакінулі малалетніх да 14 гадоў у небяспечным для жыцця і здароўя стане, прадугледжваецца крымінальная адказнасць. Акрамя таго, учыненне падлеткам правапарушэння таксама цягне для бацькоў негатыўныя наступствы. І калі будзе даказана, што прычынай незаконных учынкаў непаўналетніх было невыкананне абавязкаў па іх выхаванні, бацькоў прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.
— Што можна параіць бацькам, якія выхоўваюць маленькіх дзетак?
— Зразумела, берагчы іх. Кожны з бацькоў адказны за сваё дзіця. Не пакідайце іх без нагляду не толькі на вуліцах, вадаёмах, у лесе, але і дома, у аўтамабілях. Гэта можа скончыцца непапраўна. Пацвярджэннем таму нядаўні трагічны выпадак. Бацька на некалькі хвілін адлучыўся і пакінуў у машыне малога сына. А хлопчык убачыў, што недалёка вадаём, выйшаў з аўтамабіля, пабег да вады і… патануў.
Прывівайце дзецям навык тэлефанаваць бацькам і казаць пра сваё месцазнаходжанне пасля ўрокаў, заняткаў у спартыўных секцыях і пасля іншых пазакласных мерапрыемстваў. Для гэтага будзьце не толькі бацькамі, але і сябрамі дзяцей. Цікаўцеся іх поспехамі. Менавіта тады яны будуць званіць вам больш ахвотна. Калі дзіця засталося дома адно, перад выхадам праверце, ці зачынены вокны. Яшчэ раз папярэдзьце, каб нікому не адчынялі дзверы. А калі нехта пазвоніць у дзверы ці па тэлефоне, парайце адказаць: «Тата і мама выйшлі да суседзяў і хутка вернуцца».
Каб зберагчы дзяцей ад злачынстваў і няшчасных выпадкаў, супрацоўнікамі органаў унутраных спраў разам з прадстаўнікамі іншых дзяржаўных устаноў праводзіцца прафілактычная работа з падлеткамі і іх бацькамі. Асабліва актыўна падобныя мерапрыемствы ладзяць напярэдадні школьных канікул і ў летні перыяд у аздараўленчых лагерах і іншых месцах масавага адпачынку. Значную дапамогу у гэтых пытаннях аказваюць настаўнікі і выхавальнікі, прадстаўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Таварыства ратавання на вадзе.
Таксама варта нагадаць, што, у адпаведнасці з артыкулам 32 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, бацькі абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні. Дзіця не павінна падвяргацца прыніжэнню, прыцягвацца да працы, якая можа нанесці шкоду яго фізічнаму, разумоваму ці маральнаму развіццю.
— Многіх бацькоў клапоцяць актуальныя пытанні. Напрыклад, з якога ўзросту дзіцяці можна гуляць на вуліцы самастойна? Ці да якога часу падлеткі могуць знаходзіцца на вуліцы без суправаджэння дарослых?
— Усё індывідуальна і залежыць ад узроўню развіцця, характару і, безумоўна, выхавання ў маладым чалавеку адчування адказнасці, здольнасцяў і навыкаў да самастойных дзеянняў у розных жыццёвых сітуацыях. На жаль, многія выхоўваюць дзяцей без спецыяльных ведаў. Таму наша парада — кансультуйцеся ў спецыялістаў.
Што тычыцца часу, дык калі падлетку няма 16, ён можа знаходзіцца на вуліцы без суправаджэння дарослых толькі да 23:00. Аналіз падлеткавай злачыннасці паказвае, што большасць правапарушэнняў непаўналетнімі ўчыняецца ноччу і ўвечары. У гэты ж час падлеткі часта самі становяцца ахвярамі злачынстваў. У гэтай сувязі з 5 верасня пазамінулага года ўведзены абавязак бацькоў па суправаджэнні непаўналетніх ва ўзросце да 16 гадоў ці па забеспячэнні яго суправаджэння паўналетняй асобай з 23:00 да 6:00 у грамадскіх месцах. Шкада, але выпадкаў, калі дзеці ноччу прадастаўлены самі сабе, яшчэ хапае. Аднак прыцягненне да адказнасці бацькоў — вымушаная мера. Кожны павінен ведаць, дзе і з кім знаходзіцца яго дзіця ў позні час. Асабліва ў перыяд канікул.
— Між іншым, ці паніжаецца ў апошні час узровень падлеткавай злачыннасці?
— Я лічу, што маладзёжная палітыка нашай краіны і сучасныя падыходы ў прафілактыцы правапарушэнняў прыносяць пазітыўныя вынікі. За апошняе дзесяцігоддзе колькасць злачынстваў з удзелам падлеткаў скарацілася ў 3,5 раза (з 9407 выпадкаў у 2004 г. да 2577 у 2013 г.). Падобная тэндэнцыя назіраецца і адносна ўзроўню падлеткавай злачыннасці (каля 20 злачынстваў на 10 тысяч насельніцтва ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў). Пры гэтым яна значна ніжэй, чым, напрыклад, у суседняй Расіі.
— Якія злачынствы найчасцей здзяйсняюцца падлеткамі?
— Крадзяжы. Аднак у апошнія гады падлеткі таксама здзяйсняюць злачынствы, якія раней былі характэрны толькі для дарослых. Напрыклад, незаконныя дзеянні, звязаныя з наркотыкамі, у галіне сучасных тэхналогій, махлярства.
Праўда, цяпер найбольш актуальнымі становяцца праблемы алкагалізацыі і наркалізацыі маладзёжнага асяродку. Да 20 % ад усіх злачынстваў непаўналетнія ўчыняюць у стане алкагольнага ап’янення. Назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да «амаладжэння» спажыўцоў спіртнога. Узрост першага спажывання прыходзіцца на 12-14 гадоў. Ёсць выпадкі, калі дзеці «знаёмяцца» з алкаголем ужо ў 9-10 гадоў! На ўліку інспекцыі па справах непаўналетніх знаходзяцца больш за 4 тыс. падлеткаў за спажыванне наркатычных сродкаў і іншых адурманьваючых рэчываў, слабаалкагольных напояў ці піва.
— Што можна аднесці да распаўсюджаных матываў злачынстваў сярод непаўналетніх?
— Асноўнымі прычынамі злачынных паводзін непаўналетніх з’яўляюцца неспрыяльныя ўмовы ў сем’ях, недахоп у выхаванні, спажыванне алкагольных напояў, наркотыкаў, негатыўны ўплыў на падлеткаў з боку дарослых, недастатковая занятасць.
— Цікава, а якія прафілактычныя меры міліцыі прыносяць найбольшы плён?
— Разам з мерамі агульнай і індывідуальнай прафілактыкі значны эфект аказвае няўхільнасць пакарання. Калі аднагодкі правапарушальнікаў бачаць ці ведаюць, што за незаконныя дзеянні немінуча прыйдзе пакаранне, многія задумваюцца аб наступствах. Мы не стаім на месцы і ў плане заканадаўства. Цяпер усё часцей грамадзяне звяртаюцца да нас з-за неабгрунтаванасці, на іх думку, пастаноўкі на ўлік за здзяйсненне нязначных правапарушэнняў: безбілетны праезд, пераход вуліцы ў неналежным месцы. З іншага боку ёсць выпадкі, калі міліцыя вымушана на ўлік ставіць малалетніх ва ўзросце 5-8 гадоў, якія з-за свайго ўзросту яшчэ не могуць у поўнай ступені ўсвядоміць тое, што яны нарабілі. Каб сканцэнтраваць асноўныя меры індывідуальнай прафілактыкі ў дачыненні да падлеткаў, схільных да правапарушэнняў, МУС прапанавала ставіць на ўлік непаўналетніх у выпадку аднаразовага прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці не за ўсе правапарушэнні, прадугледжаныя адпаведным Кодэксам, а толькі за тыя, здзяйсненне якіх можа цягнуць за сабой накіраванне ў спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы. У выпадку паўторнага прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці — за любое правапарушэнне, прадугледжанае Кодэксам. Пры гэтым ставіць на ўлік толькі непаўналетніх, якія дасягнулі ўзросту 10 гадоў (гэта абумоўлена тым, што ў спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы, у адпаведнасці з заканадаўствам, пры наяўнасці неабходных умоў накіроўваюцца падлеткі, якія дасягнулі ўзросту 11 гадоў). Праўда, комплексная праца неабходна нам не заўтра, а ўжо цяпер. А гэта і прававыя механізмы, і выхаваўчыя, і медыцынскія, і ідэалагічныя. Толькі адна міліцыя падобную праблему самастойна не вырашыць.