/ / Новости PRAVO.BY
19.07.2023

Святыні роднага краю і духоўная спадчына Беларусі – прадметы новых школьных факультатываў

Пастановай Міністэрства адукацыі ад 26 чэрвеня 2023 г. № 177 зацверджаны вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў «Святыні роднага краю» і «Духоўная спадчына Беларусі (IX ст. – 1569 г.)».

Мінкультуры ўдасканалены парадак распрацоўкі праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

Вучэбная праграма «Святыні роднага краю» разлічана на два гады і арыентавана на вучняў IX–X класаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі. Яна накіравана на набыццё і сістэматызацыю вучнямі паглыбленых ведаў пра свой край, рэгіён, краіну і выступае ў якасці своеасаблівага «навігатара» па здабычы ведаў, перапрацоўцы інфармацыі і набыцці практыка-арыентаваных уменняў.

У рамках праграмы плануецца вырашыць задачы па:

  • фарміраванні ў вучняў ведаў аб матэрыяльных і духоўных адметнасцях роднага краю;
  • фарміраванні і асэнсаванні каштоўнасных арыенціраў; садзейнічанні развіццю духоўнай культуры вучняў;
  • фарміраванні ў вучняў патрэбы да самаадукацыі і самавыхавання, умення арыентавацца ў полікультурным асяроддзі;
  • прапагандзе і папулярызацыі матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей;
  • прывіцці даследчых навыкаў, пашырэнні і паглыбленні інтэлектуальных і пазнавальных магчымасцей вучняў.

Падчас засваення дадзенай праграмы будуць разглядацца ў тым ліку тэмы:

  • спадчына роднага краю;
  • помнікі матэрыяльнай культуры;
  • духоўная культура;
  • славутыя землякі;
  • рэлігійна-асветніцкія дзеячы Беларусі;
  • страчаная спадчына;
  • помнікі археалогіі;
  • беларускія святыні.

Праграма «Духоўная спадчына Беларусі (IX ст. – 1569 г.)» прызначана для VI класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, і накіравана на павышэнне эфектыўнасці работы па грамадзянскаму, патрыятычнаму і духоўна-маральнаму выхаванню вучняў.

Задачамі праграмы вызначаны:

  • пашырэнне ведаў вучняў аб асаблівасцях духоўнага развіцця беларускага народа на працягу IX ст. – 1569 г.;
  • фарміраванне ў вучняў каштоўнасных адносін да сваёй Радзімы, выхаванне іх на традыцыях духоўнай спадчыны;
  • выхаванне ў вучняў павагі да нацыянальнай спадчыны, традыцый, культуры беларускага народа;
  • стварэнне ўмоў для развіцця творчай асобы, самаадукацыі.

У выніку засваення праграмы вучні, у прыватнасці, павінны:

  • усвядоміць сваю ідэнтычнасць як грамадзяніна Беларусі на аснове ведаў па гісторыі і асноў культурнай спадчыны беларускага народа;
  • асэнсаваць сацыяльна-маральны досвед папярэдніх пакаленняў, мець здольнасць да вызначэння сваёй пазіцыі і адказных паводзін у сучасным грамадстве праз вывучэнне такіх гістарычных сітуацый, як захаванне гістарычнай памяці аб асобах і падзеях беларускай мінуўшчыны;
  • сфарміраваць павагу да светапогляду, гісторыі, культуры, рэлігіі, традыцый і каштоўнасцей свайго народу на аснове вывучэння яго духоўнай спадчыны;
  • мець здольнасць свядома арганізоўваць і рэгуляваць сваю навучальную дзейнасць;
  • авалодаць цэласнымі ўяўленнямі пра гістарычны шлях беларускага народа на працягу IX ст. – 1569 г., разумець асновы фарміравання грамадскіх адносін на беларускіх землях ва ўказаны перыяд.

На занятках будуць разгледжаны тэмы, сярод якіх:

  • гістарычныя крыніцы аб духоўным жыцці насельніцтва Беларусі ў IX – сярэдзіне XIII ст.;
  • чалавек і прырода ў духоўнай культуры насельніцтва беларускіх зямель;
  • правілы жыцця ў побыце беларусаў як адлюстраванне іх духоўных традыцый;
  • духоўны подзвіг першых хрысціянскіх асветнікаў на беларускіх землях;
  • старабеларуская мова – дзяржаўная мова ВКЛ і носьбіт духоўнай спадчыны беларусаў;
  • геральдыка беларускіх гарадоў;
  • беларускае народнае дойлідства як адлюстраванне духоўнага свету беларусаў;
  • захаванне гістарычнай памяці аб асобах і падзеях беларускай мінуўшчыны.

Прававы акт распрацаваны ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Іншыя навіны Pravo.by.

Па інфармацыі Нацыянальнага прававога Iнтэрнэт-партала Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні матэрыялу спасылка на крыніцу абавязковая!

Нашли ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите «Ctrl+Enter».