/ / Общественно-политические
11.04.2024

Чым адзначылася беларуская касманаўтыка?

Напярэдадні Сусветнага дня авіяцыі і касманаўтыкі вучоныя распавялі, якія распрацоўкі рухаюць наперад айчынную навуку і як ствараюцца тэхналогіі для асваення і вывучэння космасу.

Космонавты

Моцныя бакі беларускай навукі і прамысловасці, якія даюць магчымасць удзельнічаць у касмічных даследаваннях, – оптыка, мікрасхемы, распрацоўка малых касмічных апаратаў і навукаёмістыя тэхналогіі, адзначылі прадстаўнікі НАН Беларусі.

– У структуры Нацыянальнай акадэміі навук створана і паспяхова функцыянуе Нацыянальнае агенцтва па касмічных даследаваннях, развіваюцца розныя кірункі: рэалізацыя саюзных праграм і па касмічнай тэматыцы, і праграм нацыянальных. І, вядома, гэта наш новы пілатаваны праект. Даследаванні ахопліваюць усе сферы, якія могуць быць карыснымі для чалавецтва ў цэлым і для сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, – паведаміла вядучы спецыяліст упраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарата НАН Беларусі Ірына Казачок.

Пры гэтым дачыненне Беларусі да «зорнай» тэматыкі мае даўнюю гісторыю, адзначаюць вучоныя. Наша краіна можа ганарыцца сваімі навукоўцамі, чые распрацоўкі сталі значнымі прыступкамі на шляху асваення чалавецтвам касмічнай прасторы. Гэта і Казімір Семяновіч, чые навуковыя працы праз стагоддзі леглі ў аснову першых савецкіх касмічных распрацовак, і Сямён Косберг, распрацоўшчык ступені ракеты, якая дазволіла вывесці Юрыя Гагарына ў касмічную прастору. Уклад у вывучэнне космасу ўнеслі і беларускія прадпрыемствы.

Так, напрыклад, на міжпланетнай станцыі «Луна-3» у 1979 годзе была ўстаноўлена відэаздымачная апаратура вытворчасці Мінскага механічнага завода, і пры яе дапамозе атрыманы першыя здымкі зваротнага боку Месяца. Касмічнае прыборабудаванне ў Беларусі развіваецца ўжо многія дзесяцігоддзі, і сёння ААТ «Пеленг» стварае самую сучасную оптыку для касмічных праграм, падкрэсліў дырэктар УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» НАН Беларусі Сяргей Залатой.

Па праве Беларусь можа ганарыцца нашымі касманаўтамі: Пятром Клімуком, Уладзімірам Кавалёнкам і Алегам Навіцкім (ураджэнец Беларусі, ён стаў камандзірам карабля з першым беларускім касманаўтам у гісторыі суверэннай Беларусі).

У ходзе палёту Марыны Васілеўскай паспяхова рэалізаваны навуковыя праграмы па многіх кірунках. Навукоўцы перакананы, што іх вынікі стануць лакаматывам, які будзе рухаць наперад айчынную навуку.

Шлях да зор

Як вядома, Сусветны дзень касманаўтыкі прымеркаваны да даты палёту першага чалавека ў космас – 12 красавіка 1961 года Юрый Гагарын здзейсніў адзін віток па арбіце вакол Зямлі. Палёт доўжыўся 108 хвілін. Першы касманаўт суверэннай Беларусі здзейсніла свой касмічны палёт таксама вясной. Карабель з Марынай Васілеўскай на борце стартаваў да МКС 23 сакавіка, а праз два тыдні наша суайчынніца вярнулася на Зямлю. І дзякуючы ёй гэты год назаўжды ўвойдзе ў гісторыю Беларусі.

– Сусветны дзень касманаўтыкі ў гэтым годзе для нашай краіны – асаблівае свята, – адзначыў галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі. – Палёт грамадзянкі Рэспублікі Беларусь Марыны Васілеўскай на Міжнародную касмічную станцыю, несумненна, –урачыстасць і перамога для нашай краіны. Але гэты поспех не з’яўляецца нечым выпадковым або спантанным: гэта вынік доўгатэрміновай, мэтанакіраванай працы многіх людзей.

Яшчэ ў 2004 годзе ўказам кіраўніка дзяржавы на Нацыянальную акадэмію навук былі ўскладзены функцыі па каардынацыі і дзяржаўным рэгуляванні касмічнай дзейнасці ў Беларусі, распавёў галоўны вучоны сакратар НАН:

– У Акадэміі навук было створана і паспяхова функцыянуе Агенцтва па касмічных даследаваннях. Асноўны партнёр у касмічных даследаваннях для Беларусі – Расійская Федэрацыя і ў прыватнасці Дзяржкарпарацыя «Раскосмас».

За перыяд з 1999 года ў нашай краіне рэалізавана восем навукова-тэхнічных праграм Саюзнай дзяржавы, расказаў Васіль Гурскі. У выніку іх выканання быў закладзены тэхналагічны падмурак касмічнай індустрыі Беларусі. Перш за ўсё гэта развіццё сістэм дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, для чаго створана тэхналагічная і навуковая база, сфарміравана наземная інфраструктура. У Акадэміі навук функцыянуе Цэнтр дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Спраектаваны беларускімі інжынерамі касмічны апарат быў запушчаны ў 2012-м і паспяхова адпрацаваў на арбіце больш за 10 гадоў, адзначыў Васіль Гурскі. Па тэхнічнай дакументацыі, распрацаванай беларускімі вучонымі, створана серыя спадарожнікаў серыі «Канопус», якая складае беларуска-расійскую групоўку дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

– Можна ўпэўнена гаварыць, што ў Беларусі існуе паўнацэнная касмічная галіна, у якой задзейнічана больш як 20 навуковых і вытворчых арганізацый, працуюць больш як 4 тысячы вельмі высокакваліфікаваных спецыялістаў, – звярнуў увагу галоўны вучоны сакратар НАН.

Вяртаючыся да палёту Марыны Васілеўскай, Васіль Гурскі расказаў, што адпаведная дамоўленасць паміж прэзідэнтамі Беларусі і Расіі дасягнута 12 красавіка 2022 года. Нацыянальная акадэмія навук Рэспублікі Беларусь была вызначана як галоўны заказчык гэтага праекта, і пачалася работа па падрыхтоўцы касманаўта.

– Праведзены вельмі сур’ёзны адбор прэтэндэнта на палёт. Больш за 2 тысячы грамадзян Беларусі прайшлі праз яго.

У ліпені 2023 года пачалася іх падрыхтоўка да касмічнага палёту ў цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. Адначасова вялася сур’ёзная работа па вызначэнні навуковага зместу палёту.

– Паступіла шмат заявак і праектаў, якія маглі б быць рэалізаваны ў ходзе палёту, – распавёў Васіль Гурскі. – Але адабрана ўсяго сем праектаў (пяць навуковых і два адукацыйныя), якія і былі паспяхова рэалізаваны.

Навуковая праграма палёту першага касманаўта ў гісторыі суверэннай Беларусі поўнасцю выканана: атрыманы ўнікальныя даныя, вывучаць якія пачнуць у найбліжэйшай будучыні. Што датычыцца Марыны Васілеўскай, стан яе здароўя ў норме, паведаміў вучоны, і сёння яна вяртаецца ў Мінск.

Ад оптыкі да мікрабіялогіі

На Міжнароднай касмічнай станцыі Марына Васілеўская правяла шэраг эксперыментаў. У прыватнасці, яны датычыліся сферы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, якая развіваецца ў Беларусі ўжо не першае дзесяцігоддзе.

– Апаратура стваралася яшчэ ў савецкія часы, але з запускам сваіх апаратаў гэтая навуковая сфера перайшла ў новую фазу, – адзначыў Сяргей Залатой.

Існуюць дзве сусветныя тэндэнцыі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, расказаў ён. Адна – стварэнне цяжкіх касмічных апаратаў, абсталяваных апаратурай з добрым раздзяленнем. Такі апарат цяпер рыхтуецца сумесна з расійскімі вучонымі, запуск запланаваны на 2028 год. Расія распрацоўвае платформу і забяспечвае запуск апарата, Беларусь – аптычную апаратуру, якая дазволіць атрымліваць здымкі найвышэйшай якасці з вышыні 500 км. Другі напрамак звязаны з развіццём малых касмічных апаратаў – лёгкіх і адносна танных. Яны аб’ядноўваюцца ў групы, спецыялізуюцца па асобных функцыях і разам вырашаюць задачы, якія можна было б рэалізаваць на вялікім касмічным апараце. Сумесна з калегамі з Расіі беларускія вучоныя рэалізоўваюць касмічную праграму «Комплекс СД», у рамках якой ствараецца групоўка малых касмічных апаратаў (два вагой каля 10 кг, адзін – каля 50 кг), якія будуць, у прыватнасці, вырашаць задачы маніторынгу іонасферы. Завяршэнне праграмы прызначана на 2026 год, а запуск запланаваны на 2027-ы. Эксперыменты Васілеўскай на арбіце выконваліся з выкарыстаннем апаратуры «Сава», распрацаванай беларускім НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ (яна ўстаноўлена на МКС), адзначыў вучоны. Гэтая спектразанальная камера дазваляе ў вялікай колькасці спектральных дыяпазонаў выконваць здымку вызначаных тэрыторый. Адначасова працавалі наземныя сродкі кантролю празрыстасці атмасферы і іншых параметраў, паралельна вялася здымка той жа тэрыторыі касмічным апаратам на арбіце нашай планеты.

– Комплексны эксперымент дазволіць распрацаваць методыкі каліброўкі спектразанальных і відэакамер для спадарожнікаў, – растлумачыў Сяргей Залатой.

Іншыя кірункі работы беларускага касманаўта на арбіце датычыліся касмічнай біялогіі і біятэхналогій, у прыватнасці мікрабіялогіі: таго, як штамы некаторых мікраарганізмаў і бактэрый паводзяць сябе ў бязважкасці. Адной з мэт даследаванняў стала вывучэнне механізму адаптацыі арганізма чалавека да экстрэмальных умоў.

– Некалькі даследаванняў было праведзена ў рамках мэтавай праграмы «Лактаферын», – паведаміла намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі Таццяна Сямашка. – У прыватнасці, гэта выраб прэпарату з лактаферынам і прабіятычнымі мікраарганізмамі. Наша задача была падабраць мікраарганізмы, якія дапаўнялі б уласцівасці лактаферыну і ўзмацнялі іх. Прэпарат быў выраблены, спушчаны на зямлю, мікраарганізмы выжылі. Цяпер мы вывучым іх мікрабіялагічныя ўласцівасці, паглядзім, ці змяніліся яны ў касмічных умовах.

На касмічнай станцыі таксама былі адабраны пробы ўмоўна патагенных мікраарганізмаў, якія ў экстрэмальных умовах могуць выклікаць захворванні ў чалавека. Прывезеныя ўзоры будуць вывучацца на фактары вірулентнасці.

У сваю чаргу, вучоныя Інстытута мяса-малочнай прамысловасці паставілі перад сабой амбіцыйную задачу па стварэнні спецыялізаванага комплекснага прадукту для падтрымання мікрабіёты чалавека ва ўмовах касмічнага палёту.

– Быў падабраны шэраг штамаў малочнакіслых мікраарганізмаў і біфідабактэрый з калекцыі прамысловых культур, што з’яўляецца нацыянальным здабыткам Рэспублікі Беларусь, – паведаміла першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мяса-малочнай прамысловасці Наталля Фурык. – Ва ўмовах касмічнага эксперымента вызначаны аптымальныя пажыўныя асяроддзі для развіцця штамаў і іх камбінацый, распрацаваны малочныя асновы, якія дазволяць вырабіць узоры кісламалочных прадуктаў для харчавання касманаўтаў.

Навуковае забеспячэнне касмічнай сферы ў Беларусі будзе рухацца далей – у навукоўцаў вялікія планы. Напрыклад, актыўна развіваюцца напрамкі, звязаныя са штучным інтэлектам.

– Адна з задач – максімальна задзейнічаць апаратуру для вырашэння задач на борце, – сказаў Сяргей Залатой.

Уклад айчыннай навукі атрымаў адзнаку на міжнародным узроўні. Так, вучоныя з Расіі і Кітая зацікаўлены ў прыцягненні беларускіх калег у касмічныя праграмы.

У прыватнасці, ідзе працэс перагавораў адносна ўдзелу прадстаўнікоў беларускай навукі ў праграме па даследаванні Месяца.

Аляксандра Анцэлевіч, « Звязда», 11 красавіка 2024 г.
(фота Віктара Іванчыкава)

Теги: наука