/ / Общественно-политические
31.08.2023

Новыя магчымасці і перавагі развіцця электронных паслуг у Беларусі

Сотні дзяржаўных лічбавых паслуг праз Адзіны партал электронных паслуг (АПЭП) у Беларусі атрымліваюць ужо далёка не першы год. На пляцоўцы цяпер сабрана 307 электронных паслуг і адміністрацыйных працэдур для розных катэгорый грамадзян: бізнесу, людзей, замежнікаў ці іншаземных юрыдычных асоб. У асабістым электронным кабінеце на АПЭП даступна 112 электронных адмінпрацэдур і 195 паслуг. Плануецца, што праз два гады іх колькасць павялічыцца ўдвая, а напрыканцы 2023-га ці ў першай дэкадзе 2024-га запрацуе мабільная праграма, з дапамогай якой можна будзе атрымаць шэраг паслуг і сэрвісаў на партале праз смартфон. Пра асаблівасці і планы развіцця лічбавых сэрвісаў у Беларусі расказалі спецыялісты Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг (НЦЭП).

Ноутбук

Сэрца адзінага партала

Адзіныя анлайн-пляцоўкі, на якіх сабраныя дзяржаўныя паслугі, існуюць ва ўсіх краінах, якія лічацца найбольш прасунутымі ў плане аказання электронных паслуг (па даследаваннях ААН), накшталт Даніі, Эстоніі, Паўднёвай Карэі, Аўстраліі, Фінляндыі. Рэалізавана яна і ў Беларусі – гэта Адзіны партал электронных паслуг (АПЭП), які змешчаны па адрасе platform.gov.by, расказала Святлана Караневіч, начальнік аддзела электроннай камерцыі НЦЭП:

– Сэрца партала – электронны асабісты кабінет, аўтарызаваўшыся ў якім карыстальнікі могуць атрымаць доступ да паслуг партала. Летась і АПЭП, і асабісты кабінет былі істотна мадэрнізаваны і пераведзены на новую платформу, дзе ў людзей, у прыватнасці, з'явілася магчымасць прайсці аўтэнтыфікацыю з дапамогай ІD-карткі. Тыя, у каго няма новых дакументаў, могуць аўтарызавацца (прайсці строгую аўтэнтыфікацыю) з дапамогай ключа электроннага лічбавага подпісу (ЭЛП). Або прайсці нястрогую аўтэнтыфікацыю з выкарыстаннем уліковых запісаў Google ці Facebook, адраса электроннай пошты ці нумара тэлефона, па логіне і паролі. Аднак большасць паслуг на партале патрабуе менавіта строгай аўтэнтыфікацыі, так што перавага будзе на баку ўладальнікаў ІD-картак ці ключа ЭЛП.

Колькасць электронных паслуг на партале раней была большай, чым адмінпрацэдур. Аднак у апошнія гады намецілася тэндэнцыя, што больш карпатлівая работа вядзецца менавіта па пераводзе ў электронны выгляд адміністрацыйных працэдур. Згодна з пастановай Прэм'ер-міністра № 119р, вызначаны канкрэтныя спісы адмінпрацэдур пэўных дзяржорганаў, якія неабходна перавесці ў электронны выгляд (з указаннем тэрмінаў і адказных выканаўцаў).

Сістэма Assіst, лічбавы рахунак і пошта

Яшчэ адным новаўвядзеннем асабістага кабінета стала магчымасць аплаты паслуг не толькі праз АРІП, але і з дапамогай сістэмы Assіst, іншымі словамі, з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак.

– З'явілася таксама паняцце «лічбавы рахунак». Калі чалавек пры строгай аўтэнтыфікацыі ўваходзіць у свой асабісты кабінет, да яго аўтаматычна прывязваецца лічбавы рахунак, які мае дачыненне толькі да асабістага кабінета. Такі рахунак можна папоўніць і пасля атрымліваць паслугі, грошы за якія будуць спісвацца з гэтага рахунку, – удакладніла начальнік аддзела НЦЭП. – Лічбавы рахунак існуе як для фізічных асоб, так і для арганізацый.

У абноўленым асабістым кабінеце з'явілася электронная пошта, па якой грамадзяне могуць абменьвацца юрыдычна значнай карэспандэнцыяй паміж сабой ці з арганізацыямі.

– Любыя даведкі, выпіскі, звесткі, якія трапляюць у асабісты кабінет чалавека ў выніку аказання адмінпрацэдуры, маюць юрыдычную моц, бо будуць падпісаны ЭЛП адпраўшчыка і атрымальніка, – акцэнтавала ўвагу Святлана Караневіч. – Цэнтр цяпер працуе над стварэннем сэрвісу праверкі валідацыі (сапраўднасці) такіх дакументаў.

Адмінпрацэдуры павінны мець лічбавы эквівалент

Адміністрацыйныя працэдуры – гэта рознага кшталту ўзаемадзеянне грамадзян і бізнесу з дзяржавай. Хочаш зрабіць зварот, каб высеклі дрэва пад акном, трэба запісаць дзіця на чаргу ў садок, неабходна зарэгістраваць станцыю для зарадкі электрамабіляў – усё гэта адмінпрацэдуры. Атрыманне ліцэнзій, сертыфікатаў, пасведчанняў кіроўцы, даведак аб налічэнні пенсіі – таксама адмінпрацэдуры. Таму, чым больш такіх сэрвісаў і ўзаемадзеянняў будзе ў лічбавым эквіваленце, тым лепш, упэўнена Святлана Караневіч:

– Пералік адміністрацыйных працэдур рэгламентаваны заканадаўча: для фізічных асоб – Указам Прэзідэнта № 200, для юрыдычных (суб'ектаў гаспадарання) – пастановай Саўміна № 548. Усе дзеянні, прапісаныя ў згаданых дакументах, лічацца адмінпрацэдурамі. Усё, чаго ў іх няма, – электроннымі паслугамі. У лічбавым варыянце на адзіным партале з 307 электронных сэрвісаў 112 – гэта адмінпрацэдуры, астатнія – электронныя паслугі. Усяго ж у Беларусі звыш тысячы адмінпрацэдур, так што работа па іх алічбоўцы яшчэ вялікая.

Летась у Беларусі было аказана больш за 72,6 мільёна электронных паслуг, а сёлета толькі за 7 месяцаў – ужо звыш 70 мільёнаў, так што цікавасць да лічбавых паслуг у насельніцтва высокая, удакладніла прадстаўніца НЦЭП:

– Чым больш будзе цікавых і запатрабаваных паслуг на партале, тым вышэйшай будзе цікавасць насельніцтва да іх. Магчыма, некаторыя ўладальнікі ІD-картак дагэтуль працягваюць прыходзіць па аказанне паслуг туды, куды прывыклі дагэтуль з папяровым пашпартам: на пошту, у банк, агенцтва нерухомасці… І яны нават не падазраюць, якія магчымасці цяпер ёсць у іх кішэні дзякуючы новаму дакументу, у тым ліку здзяйсненне юрыдычна значных дзеянняў і атрыманне паслуг не выходзячы з дому.

ІD-картка як квіток у лічбавы свет

Адзіная сістэма ідэнтыфікацыі фізічных і юрыдычных асоб, якая рэалізавана на адзіным партале, дазваляе дакладна ўпэўніцца ў тым, хто ўвайшоў у сістэму, і верыфіцыраваць асобу ў інфармацыйных рэсурсах і сістэмах з выкарыстаннем электроннага лічбавага подпісу. У Беларусі выпускаецца некалькі складана-тэхнічных прылад, якія ўтрымліваюць у сабе лічбавы подпіс. Гэта ключы ЭЛП на класічных носьбітах-флэшках, а таксама прылада eSіgn, якая рэалізавана на чыпе ІD-карткі, расказаў Ягор Воранаў, намеснік дырэктара па інфармацыйных тэхналогіях НЦЭП:

– У праграме пры персаналізацыі карткі асобы ствараецца ключ ЭЛП на ўвесь тэрмін дзеяння ІD-карткі, іншымі словамі, на дзесяць гадоў. Атрымаўшы ІD-картку, не трэба яе спецыяльна актываваць у нейкіх пабочных інфармацыйных сістэмах – яна ўжо валодае ўсімі функцыямі, якія закладваліся ў яе пры стварэнні дакумента. Атрымаўшы ІD-картку, вы набываеце квіток на ўваход у лічбавы свет.

Мабільную праграму распрацавалі з улікам попыту і цікавасці грамадзян пры ўзаемадзеянні з дзяржорганамі і арганізацыямі, удакладніў спецыяліст НЦЭП:

– Прадукт дазваляе аўтарызавацца на партале з дапамогай ІD-карткі. Для гэтага дастаткова прыкласці дакумент да тыльнага боку смартфона. Тэлефон пры гэтым павінен мець NFC-счытвальнік для ўзаемадзеяння з чыпам ІD-карткі, каб атрымліваць з яе неабходную інфармацыю і аўтарызоўваць карыстальніка на партале.

Даведкі з дыспансера, мытныя пасажырскія дэкларацыі

Сярод новых паслуг, якія з'явіліся на партале апошнім часам, – анкетаванне насельніцтва пры праходжанні ім дыспансерызацыі аднаго дня. Раз на год дыспансерызацыю, якая даступная шляхам анкетавання (анкету можна запоўніць самастойна ў асабістым кабінеце або падчас прыёму ва ўрача), павінен прайсці кожны пацыент.

– На падставе звестак з анкеты сістэма сама сфармулюе дакумент, дзе будзе ўказана, ці падвержаны чалавек рызыцы развіцця неінфекцыйных захворванняў сістэмы кровазвароту, анкалагічных хвароб, хранічных абструктыўных захворванняў лёгкіх і цукровага дыябету. А ўрач у залежнасці ад гэтага прызначыць лячэнне ці дадатковае абследаванне, – расказала Святлана Караневіч. – Гэтая анкета алічбавана і даступная ў асабістым электронным кабінеце грамадзяніна бясплатна. Запоўніць яе карысна найперш для самога чалавека, каб зразумець, якой рызыцы ён падвяргаецца ў залежнасці ад свайго ладу жыцця.

У будучыні плануецца з'яўленне паслугі па атрыманні лічбавых звестак з дыспансераў, куды шмат людзей звяртаецца па атрыманне правоў кіроўцы ці дазволу на рэгістрацыю права на нашэнне зброі. Цяпер спецыялісты цэнтра разам з Міністэрствам аховы здароўя вызначаюць, якія віды даведак могуць выдавацца ў электронным выглядзе, бо часта патрабуецца агляд з асабістай прысутнасцю чалавека.

Мяркуецца, што электронны выгляд атрымае і пасажырская мытная дэкларацыя – дакумент, якія запаўняецца на граніцы, і ў якім указваецца бытавая тэхніка пасажыра, што ён правозіць.

– Пры наяўнасці лічбавага аналага дэкларацыю можна будзе запаўняць анлайн загадзя, мытная служба ў сваю чаргу хутчэй з ёй азнаёміцца, і ўсе мытныя працэдуры пройдуць хутчэй, – упэўнена Святлана Караневіч. – Паслугі на партале аказваюцца за грошы, за выключэннем выпадкаў, калі спажывец мае нарматыўна-прававы акт заканадаўчага ўзроўню (законы, указы і дэкрэты), які дазваляе атрымаць паслугу бясплатна. І мытны камітэт якраз плануе змяніць свае заканадаўчыя акты, каб паслугу запаўнення электроннай мытнай пасажырскай дэкларацыі можна было атрымліваць бясплатна.

Напісаць код для пераводу адмінпрацэдуры ў лічбу не так складана і доўга, значна больш часу займае арганізацыйны этап, калі трэба зразумець, якія дакументы можна выдаліць з працэсу аказання адмінпрацэдуры, каб спрасціць яе, за кошт чаго скараціць тэрмін яе аказання. І вельмі важна своечасова ўносіць змены ў нарматыўную базу, падкрэсліла Святлана Караневіч:

– Тэхналогіі часта бягуць наперадзе нарматыўнага рэгулявання. Ніводная лічбавая паслуга не можа быць уведзена ў прадукцыйнае асяроддзе, калі яна будзе супярэчыць заканадаўству. Напрыклад, пакуль МЗС не ўнясе змены ў візавыя правілы і нарматыўна не замацуе паняцце «электронная віза», не з'явіцца паслуга атрымання электроннай візы на ўезд у Беларусь, над якой працуе цэнтр.

Да канца 2023-га электроннымі мусяць стаць больш як 200 адмінпрацэдур, прыкладна 140 з якіх датычацца сферы зямельна-маёмасных стасункаў. Да 2025-га да сямейства лічбавых паслуг павінна дадацца амаль 450 сэрвісаў.

Ірына Сідарок, « Звязда», 31 жніўня 2023 г.