/ / Общественно-политические
12.09.2019

Урад зацвердзіў адзіныя падыходы для мясцовых Саветаў па развіцці прадпрымальніцтва. Што зменіцца?

Ні для каго не сакрэт: як бы мы не лібералізавалі заканадаўства ў прадпрымальніцкім асяроддзі, вырашыць усе існуючыя праблемы адным махам не атрымаецца. Асабліва ў рэгіёнах, дзе працэсы прыняцця рашэнняў часцяком зацягваюцца па суб’ектыўных прычынах.

Консультация

Перазагрузка

У канцы мая прадстаўнікі дзяржорганаў і бізнесу абмеркавалі, як аптымізаваць працу рэгіянальных саветаў па развіцці прадпрымальніцтва. Іх праца патрабавала адназначнай перазагрузкі: чакалі адзіных, выразных і зразумелых правіл для ўсіх рэгіёнаў, бо практыка нярэдка адрознівалася ад рэгіёна да рэгіёна.

Тады гаворка зайшла аб неаб-ходнасці тыпавых палажэнняў аб абласным (раённым) савеце па развіцці прадпрымальніцтва. На гэтым тыдні Саўмін зацвердзіў у аднайменнай пастанове адзіныя мэты і задачы для ўсіх рэгіянальных саветаў. Акрамя таго, дакумент зацвердзiў адзіны рэгламент работы савета, правы і абавязкі яго членаў, а таксама парадак фарміравання складу.

Мясцовы фактар

Першыя рэгіянальныя саветы па развіцці прадпрымальніцтва з’явіліся ў 2011 годзе. Зараз ва ўсіх рэгіёнах краіны і Мінску працуюць 138 саветаў па развіцці прадпрымальніцтва. Прычым да гэтага часу не было адзінага парадку рэгулявання іх дзейнасці: функцыі і паўнамоцтвы саветаў вызначаліся мясцовымі органамі ўлады. З-за гэтага не ва ўсіх рэгіёнах у належнай меры выконваліся надзённыя задачы, такія як аператыўнае вырашэнне праблем функцыянавання бізнесу, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі органаў мясцовай улады, або стварэнне ўмоў для ўзаемадзеяння бізнесу і дзяржавы ў сферы падтрымкі і развіцця прадпрымальніцтва.

Дырэктар Рэспубліканскага фонду садзейнічання развіццю прадпрымальніцтва Таццяна Быкава яшчэ ў маі звярнула ўвагу: мясцовыя саветы па развіцці прадпрымальніцтва павінны вырашаць канкрэтныя праблемы на месцах. Аспірант юрыдычнага факультэта БДУ, аўтар даследавання «Дыялог бізнесу і дзяржавы ў рэгіёнах: як павысіць эфектыўнасць работы саветаў па развіцці прадпрымальніцтва на лакальным узроўні» Мікіта Бяляеў дадаваў: тыпавое палажэнне – гэта кіраўніцтва да дзеяння. Даследаванне паказала: мэты, задачы і функцыянал мясцовых саветаў па развіцці прадпрымальніцтва адрозніваліся не толькі ў абласцях, але і ў раёнах:

– Каб гэтая сістэма працавала эфектыўна і якасна, неабходна ўкараненне нейкіх стандартаў, якімі будзе кіравацца савет у што-дзённай працы. Толькі ў рамках гэтай сістэмы з адзіным дакументам будзе атрымлівацца эфектыўнае ўзаемадзеянне на рэгіянальным узроўні, развіццё дыялогу паміж бізнесам і дзяржавай і прасоўванне праблем з рэгіянальнага ўзроўню на рэспубліканскі.

Шырокi круг

Новая пастанова Саўміна мяняе сітуацыю. Цяпер склад савета будзе фарміравацца з прадстаўнікоў суб’ектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць дзейнасць на тэрыторыі рэгіёна. У склад рэгіянальнага савета таксама змогуць увайсці прадстаўнікі аб’яднанняў прадпрымальнікаў, суб’ектаў інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, навуковай супольнасці; фізасобы, не зарэгістраваныя ў якасці ІП, рамеснікі, а таксама занятыя ў сферы аграэкатурызму. Праца савета будзе ажыццяўляцца пад кіраўніцтвам старшыні выканкама альбо яго намесніка па эканоміцы. Дарэчы, намесніка старшыні савета будуць выбіраць з ліку прадстаўнікоў суб’ектаў гаспадарання прыватнай формы ўласнасці.

У Мінэканоміцы адзначаюць:

– Дакумент вызначае асноўныя задачы, на рэалізацыю якіх будзе накіравана дзейнасць рэгіянальных саветаў. У іх ліку – выпрацоўка і прасоўванне ініцыятыў па актывізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці і павышэннi ўкладу прыватнага бізнесу ў развіццё рэгіёна; разгляд спрэчных пытанняў і канфліктных сітуацый, якія ўзнікаюць паміж суб’ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці і органамі ўлады; павышэнне ўзроўню прававой культуры і дзелавой этыкі прадпрымальнікаў, фарміраванне навыкаў рашэння праблемных пытанняў з дапамогай публічнага абмеркавання і дыялога.

Дарэчы, інфармацыя пра дзейнасць рэгіянальнага савета будзе адкрытай і агульнадаступнай. Знайсці яе можна на афіцыйным сайце выканкама ў раздзеле «Савет па развіцці прадпрымальніцтва». У цэлым, дадаюць у Міністэрстве эканомікі, зацвярджэнне Тыпавога палажэння аб абласным (раённым) савеце па развіццi прадпрымальніцтва будзе садзейнічаць вырашэнню праблемных пытанняў, ажыццяўленню прадпрымальніцкай дзейнасці на рэгіянальным узроўні, росту ўзроўню даверу бізнесу да мясцовай улады.

Новыя правілы таксама павысяць узровень адказнасці мясцовай улады за прыняцце рашэнняў, якія ўплываюць на ўмовы ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці ў рэгіёнах, і аптымізуюць працу дыялогавых пляцовак для ўзаемадзеяння дзяржавы і бізнес-супольнасці, створаных пры выканкамах.

Паліна Конога, «Рэспубліка», 12 верасня 2019 г.