/ / Общественно-политические
14.03.2019

Як правільна зрабіць перапланіроўку кватэры і ці ёсць магчымасць аформіць самавольныя змяненні памяшкання

Мэта масавага будаўніцтва жылля, якое разгарнулася на прасторах СССР у 60–70 гады мінулага стагоддзя, – даць запаветныя кватэры як мага большай колькасці людзей. Таму камфорт у гэтых памяшканнях звычайна адыходзіў на другі план. Уласнікі вымушаны былі задавольвацца сумешчанымі санвузламі, прахаднымі пакоямі і маленькімі кухнямі. Сёння з такой сітуацыі ёсць прававы выхад: можна правесці перапланіроўку на свой густ. Вось толькі далёка не ўсе ведаюць, як зрабіць гэта правільна. У заканадаўчых тонкасцях з дапамогай спецыяліста разбіраўся карэспандэнт «МП».

Перепланировка

Пачнём з таго, што тэрмін «перапланіроўка» больш змястоўны, чым падаецца на першы погляд. Пастанова Савета Міністраў ад 16 мая 2013 года № 384 размяжоўвае перапланіроўку і перабудаванне, але на практыцы яны ідуць адзіным ансамблем. Зараз да іх далучыліся, напрыклад, разбор і перанос унутраных канструкцый, аб’яднанне балконаў з пакоямі або сумяшчэнне санвузла і г. д.

Перад тым як пачынаць перапланіроўку, трэба ўдакладніць, ці неабходны дазвол на тую ці іншую змену. Поўны спіс можна знайсці ў тэксце вышэйзгаданай пастановы. Для разумення – прыклад: аб’яднанне жылых пакояў альбо пашырэнне дзвярных праёмаў адназначна патрабуюць узгаднення. Аднаўленне інжынерных сістэм (без іх перакладкі) – не.

Калі вы ўважліва вывучылі дакументацыю і адважыліся на перапланіроўку, дзейнічайце наступным чынам.

Падаём заяву

– Пры сабе неабходна мець шэраг дакументаў, – расказала карэспандэнту «МП» намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Крупскага райвыканкама Кацярына Часновіч. – У тым ліку – асабісты пашпарт; тэхнічны пашпарт; дакумент, які пацвярджае права на ўласнасць; праект перапланіроўкі (у вольнай форме); выпіску з дамавой кнігі з пералікам пражываючых асоб з іх пісьмовай згодай (тычыцца поўнагадовых). У выпадку, калі жыллё трапіла ў заклад, павінна быць згода ўтрымальніка. І, канечне, падаецца непасрэдна заява. З паперамі трэба звярнуцца ў службу «Адно акно», якая працуе ў кожным выканкаме, і аплаціць пошліну памерам 0,5 базавай велічыні.

Варта ведаць!

Большасць людзей лічыць, што перапланіроўка адносіцца толькі да шматкватэрных дамоў. Але гэта зусім не так. Узгадняць яе неабходна і ўласнікам прыватных дамоў і сядзіб. Парадак дзеянняў і спіс дакументаў адпаведны.

Пасля падачы заявы спецыялісты цягам месяца павінны абследаваць ваша жыллё і высветліць, ці не супярэчыць заяўленая рэнавацыя заканадаўчым нормам і інтарэсам астатніх жыхароў. Па выніках складаецца адпаведны акт і выносіцца канчатковае рашэнне: дазволіць або не перапланіроўку.

– Атрымаўшы станоўчы адказ, варта паклапаціцца пра праект, калі змены тычацца канструкцыйных элементаў або інжынерных камунікацый. Таксама праект неабходны ў выпадку пераносу сістэм ацяплення, газазабеспячэння і ізаляцыі. Яшчэ можа спатрэбіцца дзяржаўная экспертыза, калі плануецца змяненне апорных сцен шматпавярховіка ці дома, вышыня якога больш за 7 метраў. Але такое сустракаецца даволі рэдка, – удакладніла спецыяліст.

Варта ведаць!

Распрацоўкай праекта павінны займацца толькі спецыялізаваныя арганізацыі, якія атрымалі адпаведную акрэдытацыю (пералік можна ўдакладніць у выканкаме). Як толькі ўсе змены, што плануюцца, будуць унесены ў спіс, праект неабходна ўзгадніць у аддзеле архітэктуры органа ўлады.

Нарэшце, атрымаўшы дакументацыю на рукі, можна пачынаць рамонт.

Пачынаем перабудову

Палёт фантазіі – выдатная рэч. Праўда, у адносінах да перапланіроўкі здольнасць мысліць глабальна і яскрава падыходзіць не заўсёды. Радыкальна перабудоўваць асобныя канструкцыі кватэры (дома) забаронена заканадаўча. Напрыклад, катэгарычна нельга рабіць балкон часткай уцепленага памяшкання. Не будзе згоды, напрыклад, на паглыбленні для будучай шафы ў сцяне, за якой размешчана вентыляцыйная шахта. Урэшце, «бан» накладзены на работы, якія зніжаюць энергаэфектыўнасць жылля, парушаюць супрацьпажарную і санітарна-эпідэміялагічную бяспеку. Таму аб’яднаць гасціную з кухняй ці размясціць санвузел (чытай – перанесці трубапровад) над жылым пакоем суседзяў у вас наўрад ці атрымаецца.

Пасля заканчэння рамонту неабходна звярнуцца да раённага кадастравага агенцтва. Яго прадстаўнік праверыць тэхнічныя характарыстыкі памяшканняў і падпіша адпаведны дакумент. Дарэчы, папера не спатрэбіцца, калі не было змен у інжынерных сістэмах (газаправода, ацяплення і г. д.).

Наступны крок – візіт да мясцовых камунальнікаў. Спецыялісты павінны скласці акт прымання. Вы дасцё спецыялістам праект (калі ён быў неабходны), дагавор на будаўнічыя работы (калі яны праводзіліся падрадчыкам).

Але без кадастравага агенцтва ўсё роўна не абысціся. Вышэйзгаданы акт перадаецца ў арганізацыю, пасля чаго на кватэру афармляюць новы тэхнічны пашпарт.

І толькі пасля гэтага алгарытму перапланіроўка жылля набывае законную моц.

Як быць з незаконнай перапланіроўкай?

Насамрэч, з’ява даволі распаўсюджаная: па дадзеных Міністэрства ЖКГ, толькі ў 2018 годзе выяўлена звыш 4 тысяч фактаў «архітэктурнай самадзейнасці». Справа ў тым, што часцяком атрымаць дазвол на правядзенне рэнавацыі значна даражэй. Таму шматлікія ўласнікі карыстаюцца гэтай заканадаўчай хібай. Іншае пытанне – няўзгоднены маштабны рамонт можа стацца для кватэры (дома) вельмі небяспечным.

– Памятайце, што так ці інакш адказнасць за незаконную перапланіроўку прадугледжана заканадаўствам. Згодна з артыкулам 21.16 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, уласнік жылля можа атрымаць штраф у памеры да 30 базавых велічынь (юрыдычная асоба – да 50). Калі апорная здольнасць канструкцый знізілася, верхні парог штрафа павялічваецца да 50 базавых у дачыненні да фізічных асоб (да 70 – для юрыдычных). Таксама можа быць выстаўлена патрабаванне вярнуць памяшканне да першапачатковага выгляду, – падкрэсліла Кацярына Часновіч.

Аформіць самавольную рэнавацыю можна па тым жа алгарытме, як і звычайную.

Варта ведаць!

Пры продажы кватэры з незаконнай перапланіроўкай кошт такога жылля можа значна зменьшыцца. У адваротным выпадку сума можа нават вырасці, бо памяшканне фактычна набывае арыгінальны выгляд.

Па інфармацыі «Мінская праўда», 12 сакавіка 2019 г.