/ / Общественно-политические
14.06.2017

Што рабіць з пустуючымі і старымі дамамі ў сельскай мясцовасці? Указ № 100 павінен стаць эфектыўным

Падчас камандзіровак, праязджаючы праз вёску, атрымліваеш асалоду ад зменлівых пейзажаў... І тут позірк міжволі падае на дамы і зямельныя ўчасткі: пустыя, забытыя, недагледжаныя. Не, я не кажу, што ў вёсцы гаспадар перавёўся. Справа тут зусім у іншым – уладальнікі нерухомасці ў сельскай мясцовасці з'язджаюць у іншыя рэгіёны па розных прычынах, і зямля застаецца ўжо нікому непатрэбнай. Усё лагічна, але мясцовая ўлада можа выкарыстоўваць гэтую тэрыторыю, скажам, пад пасяўныя плошчы або перапрадаць яе з усёй нерухомасцю новаму гаспадару. Для гэтага ёсць Указ Прэзідэнта № 100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці». Дакумент дакладна вызначае, што рабіць з такімі дамамі. Але вывучаючы скаргі чытачоў, якія паступаюць у рэдакцыю з розных куткоў нашай краіны, можна прыйсці да высновы, што Указ № 100 не працуе ў поўнай меры. Таго ж меркавання прытрымліваюцца і ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, дзе летась правялі праверку яго эфектыўнасці.

Вёска

«Памыліліся» ў разліках... у 8 разоў

Не ўдаючыся ў падрабязнасці маніторынгу, можна сказаць, што ў КДК прыйшлі да высновы: закон трэба дапрацоўваць. Як адзначыў начальнік упраўлення кантролю дзяржаўнай уласнасці Камітэта Мікалай Зенчык, часта мясцовыя выканкамы не арганізоўвалі належным чынам работу з пустуючымі і старымі дамамі ў сельскай мясцовасці і не выконвалі ў поўнай меры патрабаванні Указа. Паводле звестак мясцовых выканкамаў, за апошнія тры гады колькасць пустуючых дамоў у цэлым па краіне павялічылася на 2 123 адзінкі і склала 13 608 аб'ектаў. Аднак па выніках маніторынгу КДК гэтая лічба не адлюстроўвае рэальнага становішча спраў. «Колькасць пустуючых дамоў, уключаных у адпаведны рэгістр, у цэлым па краіне практычна ў восем разоў ніжэйшая за іх рэальную колькасць паводле звестак статыстыкі», – растлумачыў Мікалай Зенчык.

Акрамя таго, у ходзе маніторынгу выявіліся выпадкі неабгрунтаваных выключэнняў пустуючых жылых дамоў з рэгістраў па заявах грамадзян, якія не з'яўляліся ўласнікамі жылля. Таксама ў рэгістр уключаліся дамы нават пры наяўнасці апавяшчэнняў уласнікаў аб намеры выкарыстаць іх.Такая сітуацыя ў многім абумоўлена неналежнай работай камісій па абследаванні нерухомасці, размешчанай у сельскай мясцовасці. Як вынік, супрацоўнікі КДК накіравалі інфармацыю па маніторынгу і рэкамендацыі па ліквідацыі парушэнняў мясцовым выканаўчым органам улады.Таксама праінфармавалі ўрад пра адпаведныя прапановы па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у дзеючае заканадаўства. Лёд крануўся. Што далей?

Запрацуе на ўсе сто?

Рэдакцыя пацікавілася, як на гэтыя рэкамендацыі адрэагавалі ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці – структуры, якая адказвала за распрацоўку Указа № 100. Зараз там вядуцца гарачыя дыскусіі па ўнясенні дапаўненняў. Выніковы варыянт, вядома ж, яшчэ далёкі ад паўнавартаснага, і ўжо тым больш рана казаць пра новы, завершаны прагрэсіўны дакумент.

Але заслону таямніцы ўсё ж прыўзняў начальнік юрыдычнага ўпраўлення Дзяржкаммаёмасці Максім Каршакевіч.

– Ці будзе Указ па-ранейшаму датычыцца нерухомасці толькі ў сельскай мясцовасці?

— Мы ведаем, што Указам №100 сёння вызначаны пакрокавы механізм дзеянняў па скарачэнні колькасці пустых і старых дамоў у сельскай мясцовасці і малых гарадах. Аднак такія аб'екты маюцца і ў буйных гарадах. Пры гэтым дакладныя правілы работы з імі адсутнічаюць. Паколькі па сутнасці ўстаноўлены Указам №100 механізм можа прымяняцца незалежна ад тэрыторыі, праектам Указа прапануецца распаўсюдзіць яго дзеянне не толькі на сельскія населеныя пункты і гарады раённага падпарадкавання, але і на тэрыторыі гарадоў абласнога падпарадкавання, у тым ліку абласных цэнтраў і Мінска.

– Ці магчымы прамы безаўкцыённы продаж старых і пакінутых дамоў патэнцыйным пакупнікам, – гэта ў большасці выпадкаў зэканоміла б час усіх зацікаўленых бакоў?

– Сапраўды, пры карыстанні Указам № 100 узнікаюць пытанні аб магчымасці прамога продажу без правядзення аўкцыёнаў. Праектам Указа прапануецца дакладна вызначыць права мясцовых выканкамаў прадаваць такія дамы як на аўкцыёнах, так і шляхам прамога продажу, і даручыць Савету Міністраў устанавіць механізм іх адчужэння. Але пры гэтым прамы продаж не будзе распаўсюджвацца на аб'екты, размешчаныя ў Мінску і абласных цэнтрах, а таксама ў населеных пунктах, якія вызначаюцца абласнымі выканаўчымі камітэтамі з улікам інтарэсаў дзяржавы і мясцовых умоў – у гэтых населеных пунктах такія дамы будуць прадавацца толькі на аўкцыёнах. У выпадку прыняцця рашэння аб продажы пустуючага дома без правядзення аўкцыёну адпаведная інфармацыя будзе публікавацца ў перыядычных друкаваных выданнях ці іншых сродках масавай інфармацыі, а таксама на афіцыйным сайце выканаўчага камітэта ў інтэрнэце.

Стары дом

– Як будзе вызначацца кошт у выпадку продажу такой нерухомасці?

– Пачатковую цану продажу дома на аўкцыёне і яго кошт пры прамым продажы прапануецца вызначаць зыходзячы з рынкавага кошту дома. У дачыненні да дамоў, размешчаных па-за межамі Мінска, абласных цэнтраў і населеных пунктаў, вызначаных абласнымі выканаўчымі камітэтамі, устанаўліваюцца спрошчаныя патрабаванні да правядзення ацэнкі. Яна будзе праводзіцца на падставе наяўных у выканаўчага камітэта дакументаў. Гэта дазволіць знізіць выдаткі мясцовых бюджэтаў на падрыхтоўку дамоў да продажу і, адпаведна, павысіць іх прывабнасць для патэнцыйных пакупнікоў. Акрамя таго, згодна з праектам Указа можа прымяняцца механізм паніжэння пачатковай цаны продажу пустуючага або старога дома на аўкцыёне. Яна панізіцца на 20% пасля першага безвыніковага аўкцыёну альбо калі ён не адбыўся. Далей зменшыцца да 50% пасля няўдалага другога аўкцыёну і да 80% – пасля трэцяга.

– Вядома, што сёння з заканадаўчага пункту гледжання ўцягнуць закінуты пасля смерці ўладальніка дом ва ўласнасць мясцовых выканаўчых камітэтаў досыць складана. Ці спросціцца гэтая працэдура ў новай рэдакцыі Указа?

– Калі жылыя дамы аказваюцца закінутымі пасля смерці іх уладальнікаў у сувязі з адсутнасцю спадчыннікаў або іх адмовай прымаць спадчыну, то яны прызнаюцца судамі вымарачнымі і пераходзяць у камунальную ўласнасць. Іншае пытанне, што парадак прыняцця выканаўчымі камітэтамі рашэнняў аб далейшым выкарыстанні такіх дамоў, а таксама парадак іх продажу зацікаўленым асобам заканадаўча не ўрэгуляваны. У той жа час прынцыповая розніца паміж дамамі, закінутымі ўласнікамі, і дамамі, якія паступілі ў камунальную ўласнасць па рашэннях судоў у якасці вымарачнай спадчыны, адсутнічае. Таму ў мэтах спрашчэння парадку ўключэння ў гаспадарчы абарот жылых дамоў, якія прызналі вымарачнай спадчынай, а таксама для эканоміі бюджэтных сродкаў праектам Указа прадугледжваецца распаўсюдзіць на такія дамы адпаведныя нормы Указа № 100 аб пустуючых дамах. А менавіта ажыццяўляць згодна з гэтым Указам адчужэнне, знос, замацаванне за камунальнай юрыдычнай асобай.

– Заканадаўча працэс зносу пустуючых альбо старых дамоў можа змяніцца?

– Цяпер мясцовы выканаўчы камітэт пры прыняцці рашэння аб зносе такіх збудаванняў павінен забяспечыць знос за свой кошт. Для змяншэння расходаў мясцовых бюджэтаў прапануецца дазволіць выканаўчым камітэтам прадастаўляць зацікаўленым асобам зямельныя ўчасткі разам з пустуючымі і старымі дамамі – з умовай іх зносу новымі землекарыстальнікамі.

– Падчас вядзення маніторынгу ў КДК адзначылі, што рэгістры пустуючай маёмасці вяліся неэфектыўна. Ці створыць новы дакумент умовы, каб змяніць гэтую сітуацыю?

– Праектам Указа прапануецца перайсці ад папяровай формы вядзення рэгістра ўліку пустуючых дамоў да электроннай, што дазволіць спрасціць і паскорыць абмен інфармацыяй паміж выканаўчымі камітэтамі розных узроўняў. Папяровая форма рэгістра можа быць захавана па жаданні выканаўчых камітэтаў як дадатак да электроннай. Таксама прапануецца прадугледзець вядзенне выканаўчымі камітэтамі рэгістраў уліку старых дамоў, якія раней не вяліся. Згодна з праектам Указа такія рэгістры будуць фарміравацца ў электронным выглядзе і размяшчацца на афіцыйных сайтах выканкамаў у інтэрнэце. Акрамя таго, меры па інфармаванні ўласнікаў пустуючых дамоў, пошуку гэтых асоб з дапамогай органаў унутраных спраў не заўсёды даюць неабходныя вынікі. Таму пераход да вядзення рэгістра ў электроннай форме дасць дадатковую магчымасць давядзення да праваўладальнікаў такой інфармацыі праз сайты мясцовых выканаўчых камітэтаў і адміністрацый.

***

Як бачна, прагрэсіўныя кірункі пры падрыхтоўцы новай рэдакцыі Указа абраныя. Яны павінны забяспечыць яго эфектыўнае выканне. Але зараз, канешне, ніхто не ведае, што з гэтага на справе будзе рэальна працаваць. Усё ўбачым з цягам часу... Ці па выніках новай праверкі.

Наша даведка

Пустуючыя дамы – размешчаныя ў сельскай мясцовасці жылыя дамы (за выключэннем жылых дамоў, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці) з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі або без іх, у дачыненні да якіх на 1 студзеня кожнага каляндарнага года ёсць дакладныя звесткі аб тым, што на працягу апошніх трох гадоў запар асобы, якія маюць права карыстання імі, жывуць у іх у сукупнасці менш за адзін месяц у каляндарным годзе і ў дачыненні да якіх не прадстаўлены пісьмовыя паведамленні аб намеры выкарыстоўваць іх для пражывання.

Старыя дамы – размешчаныя ў сельскай мясцовасці жылыя дамы (за выключэннем жылых дамоў, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці) з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі або без іх, прызнаныя ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку не адпаведнымі санітарным і тэхнічным патрабаванням або непрыдатнымі для пражывання, у дачыненні да якіх на 1 студзеня кожнага каляндарнага года ёсць дакладныя звесткі аб тым, што гэтыя дамы ўтрымліваюцца безгаспадарча, асобы, якія маюць права карыстання імі, на працягу апошняга года не жывуць у іх і не прымаюць мер да аднаўлення гэтых дамоў для выкарыстання па прызначэнні.

Апавяшчэнне аб намеры выкарыстоўваць дом для пражывання павінен падаваць яго ўласнік ці іншая асоба, якая мае права пражываць у ім, у выпадку, калі ў гэтым доме ніхто пастаянна не пражывае. Яго неабходна падаваць у мясцовы выканаўчы орган кожныя тры гады. Згодна з Указам № 100 непадача паведамлення і выкарыстанне жылога дома менш за 1 месяц у каляндарным годзе на працягу 3 апошніх гадоў запар прызнаецца адмовай ад права ўласнасці на яго.

Пустуючыя дамы ўлічваюцца ў спецыяльным рэгістры, які вядзецца мясцовым выканаўчым органам. Уласніку жылога дома (калі ён вядомы) загадзя паведамляецца заказным пісьмом аб уключэнні ў будучым яго дома ў рэгістр. Пасля атрымання апавяшчэння ён можа накіраваць паведамленне пра свой намер выкарыстоўваць дом. У гэтым выпадку яго маёмасць у рэгістр не ўключаецца.

Ілья КРЫЖЭВІЧ, «Звязда», 14 чэрвеня 2017 г.
(фота – Анатоль КЛЯШЧУК)