/ / Общественно-политические
26.04.2017

Калі шлюбы прызнаюцца несапраўднымі? У заканадаўстве існуе некалькі перашкод, якія не дазваляюць брацца шлюбам

Хтосьці дзесяцігоддзямі жыве ў «грамадзянскім шлюбе» і жаніцца не жадае, а хтосьці хоча – ды не можа, бо закон забараняе. Аднак нястрымная прага пабрацца вузамі Гіменея і неспасціжныя хітрыкі пераадольваюць любыя перашкоды. У Магілёўскім раёне, напрыклад, умудрыліся ажаніцца... родныя брат з сястрой, а ў Мінску пабраўся шлюбам 83-гадовы грамадзянін, прызнаны недзеяздольным. Жонка пенсіянера схамянулася толькі праз год. А іск на прызнанне шлюбу паміж братам і сястрой несапраўдным праз месяц пасля вяселля падаў пракурор.

Даведка аб бясшлюбнасці – не крытэрый даверу

У заканадаўстве існуе некалькі перашкод, якія не дазваляюць брацца шлюбам. Так, забаронены шлюбы паміж грамадзянамі, з якіх хоць бы адзін ужо жанаты ці замужам або рашэннем суда прызнаны недзеяздольным. Тым не менш некаторыя іншаземцы ўмудраюцца ажаніцца ў нашай краіне, маючы сям'ю на радзіме. Зрабіць гэта не вельмі складана, калі маеш такую мэту.

Пашпарт – уласнасць не асобы, а краіны, якой належыць грамадзянін, таму рабіць у ім якіясьці пазнакі органы іншай дзяржавы не могуць. З гэтай прычыны нашы органы загса не могуць паставіць у ім штамп аб заключэнні шлюбу ў Беларусі. Такая пазнака ўносіцца толькі ў від на жыхарства. Дарэчы, у пашпарт беларуса, які ажаніўся за мяжой, таксама не ўпісваюць звесткі пра яго шлюб. Выключэнне – толькі расіяне, нацыянальны пашпарт якіх і толькі з іх дазволу, але не па абавязку можна праштампаваць, як і пашпарт беларусаў у Расіі. Так што пры жаданні гэтую інфармацыю можна ўтаіць.

– Іншаземны грамадзянін павінен прадставіць дакумент аб адсутнасці шлюбу ў краіне свайго грамадзянства або краіне пастаяннага пражывання (ці з абедзвюх дзяржаў адразу). Гэта можа быць, напрыклад, даведка аб бясшлюбнасці. Але здараецца, што падобны дакумент замежная краіна проста не выдае. Пры гэтым некаторыя дзяржавы не патрабуюць дакумент з органаў, а прымаюць запэўніванне грамадзяніна з уласным подпісам аб адсутнасці абставін, якія не даюць магчымасці яму ажаніцца, – расказала пра шлюбныя акалічнасці Жанна ЗАХАРАВА, начальнік упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Беларусі. – Беларусы ж пацвярджаюць свой несямейны стан адсутнасцю пячаткі аб шлюбе ў пашпарце. Аднак калі чалавек раней быў жанаты ці замужам, ён павінен абавязкова папярэдзіць пра гэта свайго абранніка. Нават калі ў пашпарце няма ніякіх адзнак пра былы грамадзянскі стан асобы, неабходна прадставіць дакументы, якія пацвярджаюць спыненне папярэдняга шлюбу.

З цешчай не жаніся, за свёкра не выходзь

Не дадуць дазвол на шлюб і асобам, якія з'яўляюцца сваякамі па прамой (роднасць, заснаваная на паходжанні адной асобы ад другой) лініі. Такая сувязь можа быць узыходзячай (ад патомкаў да продкаў – унукі-дзеці-бацькі-бабуля і дзядуля) або сыходнай (ад продкаў да нашчадкаў: бабуля і дзядуля-бацькі-дзеці-ўнукі).

Шлюбы паміж роднымі братамі і сёстрамі таксама забароненыя. Пры гэтым такія грамадзяне могуць з'яўляцца паўнароднымі (мець абодвух агульных бацькоў) і непаўнароднымі (толькі адзін з бацькоў агульны).

– Гэтыя нормы прыдуманы не проста чыімсьці жаданнем, а з'яўляюцца генетычнай перашкодай, каб не здаралася генных мутацый, – расказала спецыяліст. – А вось перашкода ў шлюбе паміж усынавіцелем і ўсыноўленым не датычыцца крыві, а прадыктавана законам, бо гэтыя асобы з'яўляюцца «юрыдычнымі сваякамі».

Калі існаванне перашкоды да шлюбу будзе даказана пасля жаніцьбы, то ўсе гады, пражытыя людзьмі разам, будуць прызнаныя несапраўдным шлюбам.

– Пры падачы заявы асобы, якія маюць намер ажаніцца, знаёмяцца з умовамі, што не дазваляюць пабрацца шлюбам, і распісваюцца ў адсутнасці такіх перашкод. Тым самым яны бяруць на сябе адказнасць, што ўпэўнены ў шчырасці свайго абранніка. Ніякія службы не будуць правяраць, ці так гэта, тым больш што няма такой базы, дзе ўтрымліваліся б звесткі, напрыклад, пра недзеяздольных, – растлумачыла Жанна Захарава. – Трэба разумець, што шлюб, які прызналі несапраўдным, з'яўляецца такім з моманту яго заключэння. Пры гэтым могуць узнікнуць складанасці пры далейшым вырашэнні маёмасных і немаёмасных пытанняў былых мужа і жонкі. Таму жаніхі і нявесты павінны ставіцца да гэтай справы адказна, а не проста пакідаць свой подпіс дзеля галачкі. Нават сваякамі абранніка лепш пацікавіцца да вяселля, каб больш даведацца пра нарачонага, пра ўклад яго сям'і і абавязкі ў ёй. Гэта дазволіць лепш разумець звычкі адно аднаго і спросціць будаванне сваёй уласнай сям'і.

Шлюб, ануляваны пасля смерці

Прызнаць шлюб несапраўдным можна толькі па рашэнні суда. Пры гэтым прад'явіць іск можа як адзін з сужэнцаў, так і іншая асоба, правы якой былі парушаны (гэта можа быць першая жонка ці муж або сваякі). Патрабаваць адмены шлюбу могуць таксама органы апекі і папячыцельства ці пракурор. У асаблівых выпадках: калі замежная персона пабралася шлюбам з грамадзянінам Беларусі, асобай без грамадзянства, якая пастаянна пражывае ў нас, выключна дзеля атрымання дазволу на часовае пражыванне ў краіне, іск падаюць супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў.

Наступствы падману, які можа зацягнуцца і на ўсё жыццё, досыць сумныя. Нядаўна ў Беларусі быў прызнаны несапраўдным шлюб паміж беларускай і амерыканцам, прычым высветлілася гэта пасля смерці мужа. Жанчына выйшла замуж за грамадзяніна ЗША, не ведаючы, што ён ужо меў там жонку. Пры гэтым ён нават дакумент пра адсутнасць шлюбу ў Амерыцы прадставіў. Цяпер беларускія нашчадкі, якія ўсё жыццё думалі, што яны законныя дзеці, не могуць прэтэндаваць на тую спадчыну, на якую разлічвалі, бо лічацца пазашлюбнымі.

Ірына СІДАРОК, «Звязда», 26 красавіка 2017 г.