Другая Устаўная грамата

ДРУГАЯ УСТАЎНАЯ ГРАМАТА
Да народаў Беларусі

У часе сусьветнай вайны, што бурыць адны моцныя дзяржавы і аслабляе другія, абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцьця. Пасьля трох з паловаю вякоў няволі зноў на увесь сьвет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць. Вялікі Народны Збор — Усебеларускі Зьезд 15—17 сьнежня 1917 году, дбаючы аб долі Беларусі, зацьвердзіў на яе землях рэспубліканскі лад. Выпаўняючы волю Зьезду і баронячы дзяржаўныя правы народу, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду гэтак пастанаўляе аб дзяржаўным устроі Беларусі і аб правох і вольнасьцях яе грамадзян і народаў:

1. — Беларусь у рубяжох расьсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнаю Рэспублікай.

2. — Асноўныя законы Беларускае Народнае Рэспублікі зацьвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі, скліканы на асновах агульнага, роўнага, простага, патаёмнага і прапарцыянальнага выбарчага права, не зважаючы на род, народнасьць і рэлігію.

3. — Да часу, пакуль зьбярэцца Устаноўчы Сойм Беларусі, законадаўчая ўлада у Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Усебеларускага Зьезду, дапоўненай прастаўнікамі нацыянальных меншасьцяў Беларусі.

4. — Спаўняючая і адміністрацыйная ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сакратарыяту Беларусі, які назначаецца Радаю Зьезду і перад ёю трымае адказ.

5. — У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі абвяшчаецца свабода слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў; бязумоўная свабода сумленьня, незачэпнасьць асобы і памешканьня.

6. — У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі.

7. — У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі права прыватнае ўласнасьці на зямлю касуецца. Зямля перадаецца бяз выкупу тым, што самі на ей працуюць. Лясы, вазёры і нутро зямлі абвяшчаюцца ўласнасьцю Беларускае Народнае Рэспублікі.

8. — У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі ўстанаўляецца найбольш 8-гадзінавы рабочы дзень.

Абвяшчаючы ўсе гэтыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларускае Народнае Рэспублікі, мы, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду, абавязуемся пільнаваць законнага парадку жыцьця ў Рэспубліцы, сьцерагчы інтарэсы ўсіх грамадзян і народаў Рэспублікі і захаваць правы і вольнасьць працоўнага люду. А так сама даложым усіх сілаў, каб склікаць у найбліжэйшым часе Устаноўчы Сойм Беларусі.

Усіх верных сыноў Беларускае зямлі клічам памагчы нам у цяжкой і адказнай нашай працы.

Спаўняючы Камітэт Рады 1-га Усебеларускага Зьезду

Выдана ў Менску-Беларускім 9 сакавіка 1918 року.
***

За Дзяржаўную Незалежнасць Беларусі (for national independence of Byelorussia): дакументы і матэр’ялы / сабраў і падрыхтаваў І. Касяк; прагледзеў і апрабаваў для друку Р. Астроўскі.- Лёндан, Англія: Выданьне Беларускай Цэнтральнай Рады, 1960.- С. 22—23.