Другая Ўстаўная грамата да народаў Беларусі

ДРУГАЯ ЎСТАЎНАЯ ГРАМАТА
ДА НАРОДАЎ БЕЛАРУСІ

У часе сусьветнай вайны, што бурыць адны моцныя дзяржавы і аслабаняе другія, абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцьця. Пасьля трох з паловаю вякоў няволі ізноў на ўвесь сьвет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць. Вялікі Народны Збор — Усебеларускі Зьезд 5—17 сьнежня 1917 року1, дбаючы аб долі Беларусі, зацьвердзіў на яе землях рэспубліканскі лад. Выпаўняючы волю Зьезду і баронячы дзяржаўныя правы народу, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду гэтак пастанаўляе аб дзяржаўным устроі Беларусі і аб правох і вольнасьцях яе грамадзян і народаў:

1. Беларусь у рубяжох расьсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнай Рэспублікай.

2. Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі зацьвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі, скліканы на асновах агульнага, роўнага, простага, патаёмнага і прапарцыянальнага выбарчага права, не зважаючы на род, народнасць і рэлігію.

3. Да часу, пакуль зьбярэцца Устаноўчы Сойм Беларусі, заканадаўчая ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Усебеларускага Зьезду, дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меншасцяў Беларусі.

4. Спаўняючая і адміністрацыйная ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сакратарыяту Беларусі, які назначаецца Радаю Зьезду і перад ёю трымае адказ.

5. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчаецца вольнасьць слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў: бязумоўная вольнасьць сумлення, незачэпнасць асобы і памешканьня.

6. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі.

7. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі права прыватнае ўласнасьці на зямлю касуецца. Зямля перадаецца бяз выкупу тым, што самі на ей працуюць. Лясы, вазёры і нутро зямлі абвяшчаецца ўласнасьцю Беларускай Народнай Рэспублікі.

8. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўстанаўляецца найбольшы 8-гадзіновы рабочы дзень.

Абвяшчаючы ўсе гэтыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларускай Народнай Рэспублікі, мы, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду, абавязуемся пілнаваць законнага парадку жыцьця ў Рэспубліцы, сьцерагчы інтарэсаў усіх грамадзян і народаў Рэспублікі і захаваць правы і вольнасьці працоўнага люду. А таксама даложым усіх сілаў, каб склікаць у найбліжэйшым часе Устаноўчы Сойм Беларусі.

Усіх верных сыноў Беларускай зямлі клічам памагчы нам у цяжкой і адказнай нашай працы.

Спаўняючы Камітэт Рады 1-га Усебеларускага Зьезду.

Выдана ў Менску-Беларускім 9 сакавіка 1918 року.
Добры вечар. 1993. 25 сакавіка.

1 Так у крыніцы. — Аўт.

***

Вішнеўскі, А. Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах (Са старажытных часоў да нашых дзён): вучэбны дапаможнік / А. Ф. Вішнеўскі, Я. А. Юхо; пад рэд. А. Ф. Вішнеўскага; Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Акадзмія МУС. — Мінск, 2003. — С. 201—202.