2-я Устауная грамата да народау Беларусі

2-я Устауная грамата да народау Беларусі.

У часе сусьветнай вайны, што бурыць адны моцные дзержавы і аслабаняе другіе, абудзилася Беларусь да дзержаўнаго жыцьця. Пасьля трох с паловаю вякоў няволі ізноў на ўвесь сьвет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць. Вялікі Народны Збор — Усебеларускі Зьезд 5—17 сьнежня 1917 року, дбаючы аб долі Беларусі, зацьвердзіў на яе землях рэспубліканскі лад. Выпаўняючы волю Зьезду і баронючы дзержаўные правы народу, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду гэтак пастанаўляе аб дзержаўным устрою Беларусі і аб правох і вольнасьцях яе грамадзян і народаў:

1. — Беларусь у рубяжох разсялення і лічбеннай перавагі беларусскаго народу абвешчаецца Народнаю Республікай.

2. — Асноўные законы Беларускай Народнай Рэспублікі зацьвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі, скліканы на асновах агульнаго, роўнаго, простаго, патаемнаго і прапорцыянальнаго выборчаго права, ні зважаючы на пол, народнасьць і рэлігію.

3. — Да часу, пакуль зьбярэцца Устаноўчы Сойм Беларусі, законодаўчая ўлада у Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Усебеларускаго Зьезду, дапоўненай прэдстаўнікамі нацыянальных меньшасьцяў Беларусі.

4. — Спаўняючая і адміністратыўная ўлада у Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сэкрэтарыяту Беларусі, які назначаецца Радаю Зьезду і перад ёю трымае атвет.

5. — У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі абвешчаецца вольнасьць слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусьц; безумоўная вольнасьць сумленьня, нізачэпнасьць асобы і памешкання.

6. — У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі усе народы маюць права на нацыянальна-пэрсональную аўтаномію; абвешчаецца роўнае права усіх моваў народаў Беларусі.

7. — У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі права прыватнае уласнасьці на зямлю касуецца. Земля перадаецца бяз выкупу тым, хто самі на ей працуюць. Лясы, вазеры і нутро зямлі абвешчаюцца ўласнасьццю Беларускай Народнай Рэспублікі.

8. — У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі устанаўляецца найбольшы 8-і гадзіоновы рабочы дзень.

Абвешчаючы усе гэтые правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларускай Народнай Рэспублікі, мы, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду, абавязуемся пільнаваць законнаго парадку жыцця у Рэспубліцы, сьцерагчы інтарэсаў усіх грамадзян і народаў Рэспублікі і захаваць правы і вольнасьці працоўнаго люду. А так сама даложим усих сілаў каб склікаць у найбліжэйшым часі Устаноўчы Сойм Беларусі.

Усіх верных сыноў Беларускай зямлі клічам памагчы нам у цяжкой і атветнай нашай працы.

Спауняючы Камітэт Рады-1-го Усебеларускаго Зьезду.

Выдана у Мінску-Беларускім 9 сакавіка (марта) 1918 року.
***

Турук, Ф. Ф. Белорусское движение: очерк истории национального и революционного движения белоруссов: с приложением образцов белорусской нелегальной литературы, важнейших документов белорусских политических партий и национальных организаций и этнографической карты белорусского племени, составленной акад. Е. Ф. Карским / Федор Федорович Турук. — Репринтное издание. — {Минск}: Минская картографическая фабрика Белгеодезии, 1994. — Выходные данные оригинала: М.: Гос. изд-во, 1921.-С. 112—113.