/ / Общественно-политические
13.03.2026

Самы надзейны компас, які паказвае кірунак развіцця краіны. Эксперты – аб Асноўным Законе Беларусі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

– У Канстытуцыі, яшчэ раз падкрэслю, замацаваная палітычная воля большасці. Закон нас абараняе – мы яго выконваем. Простая і аб’ектыўная формула прававой дзяржавы, якой і з’яўляецца Беларусь. Так мы разумеем нашу беларускую мадэль дэмакратычнага развіцця (на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу, 18 снежня 2025 года).

Дзень Канстытуцыі ў нашай краіне штогод адзначаецца 15 сакавіка. Вось ужо чатыры гады беларускі народ жыве паводле абноўленай Канстытуцыі сваёй краіны. Канстытуцыі будучыні, як сказаў Аляксандр Лукашэнка, зацвярджаючы вынікі рэспубліканскага рэферэндуму па змяненнях і дапаўненнях у Асноўны Закон краіны, асабліва падкрэсліўшы пры гэтым, што беларусы стварылі і прынялі ўнікальны прававы дакумент, у якім арганічна спалучаюцца традыцыі і інавацыі, народаўладдзе і адзінства кіравання. Эксперты – аб падмурку, на якім трымаецца наша дзяржаўнасць.

Конституция Республики Беларусь

Лічбы і факты

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Віктар Азаронак падкрэсліў, што Канстытуцыя – падмурак дзяржавы, які забяспечвае стабільнасць канстытуцыйнага ладу, бяспеку і паступальнае развіццё беларускага грамадства:

– Наша цяперашняя Канстытуцыя, безумоўна, гэта народны дакумент, які забяспечвае менавіта дынаміку развіцця краіны. Бо наш Асноўны Закон прыняты не парламентам, як у краінах Захаду, а ў выніку агульнанацыянальнага рэферэндуму, якому папярэднічала шырокае грамадскае абмеркаванне.

– Чатыры гады назад змяненні і дапаўненні былі прынятыя на ўсенародным рэферэндуме пасля шматмесячнага абмеркавання ўсімі пластамі насельніцтва прапанаваных паправак. Факт, які ўжо сам па сабе можа служыць пераканаўчым доказам сапраўднага народаўладдзя ў краіне. Калі ж мець на ўвазе вынікі яшчэ двух рэферэндумаў, падчас якіх у Канстытуцыю 1994 года былі ўнесены адпаведныя часу карэктывы, то з пункту гледжання рэальнай дэмакратыі да Беларусі ў прынцыпе не можа быць ніякіх прэтэнзій, – пераканана член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Людміла Сапега.

Пры гэтым, нагадвае сенатар, сама Канстытуцыя ў 1994 годзе тагачаснымі дэпутатамі Вярхоўнага Савета прымалася кулуарна, без якога-небудзь удзелу народа, які ў ёй жа называўся адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў краіне.

– Упершыню магчымасць сказаць сваё важкае слова народ атрымаў у 1996 годзе, калі на фоне палітычнага крызісу ў краіне Аляксандр Лукашэнка ініцыіраваў першы ўсенародны рэферэндум. І атрымаў падтрымку больш за 70 % грамадзян. Якія праз 8 гадоў пераважнай большасцю – амаль 80 % – зноў падтрымалі прапанаваныя Прэзідэнтам змяненні ў Канстытуцыю. А ў 2022 годзе пераадолелі і гэту мяжу – 83 % жыхароў краіны ўхвалілі змяненні і дапаўненні ў Асноўны Закон, – канстатуе суразмоўца.

Яна акцэнтуе ўвагу на тым, што ў немалой ступені на гэты вынік паспрыялі падзеі 2020 года, калі кожны з нас адчуў: антыдзяржаўныя сілы спрабуюць паставіць краіну на мяжу краху.

– Але беларусы, умудроныя векавым вопытам, падтрымалі свайго Прэзідэнта і здолелі не толькі захаваць краіну, але і паступальна, пазбягаючы канстытуцыйных крызісаў і рэвалюцыйных узрушэнняў, удасканальваць прапанаваную Аляксандрам Лукашэнкам дзяржаўную мадэль развіцця.

Агульная адказнасць і права будаваць будучыню Радзімы

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр Гарошкін згодны з калегай: Канстытуцыя – гэта падмурак, на якім трымаецца ўся наша дзяржаўнасць. Гэта прававы і ідэалагічны каркас, які вызначае, як уладкавана грамадства, як працуе ўлада і якія правы ёсць у кожнага з нас.

– У розных краінах асноўныя законы нярэдка прымаліся ціха і кабінетна: у вузкіх колах эліт, за зачыненымі дзвярыма, групай абраных палітыкаў. Галоўнае адрозненне нашай Канстытуцыі ад многіх іншых – гэта гісторыя яе з’яўлення на свет. Наш шлях быў іншым – адкрытым і сумленным, – падкрэслівае сенатар. – Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прайшла праз усенароднае абмеркаванне і была вынесена на рэферэндум. Гэта значыць, што яе прызнанне і легітымнасць змацаваныя не подпісамі чыноўнікаў, а воляй мільёнаў грамадзян. Такі падыход забяспечыў галоўнае: празрыстасць і рэальную ўцягнутасць людзей у фарміраванне прававых асноў краіны. Людзі не проста прынялі закон да ведама – яны далі яму права на жыццё.

Суразмоўца звяртае ўвагу на той факт, што калі свет сутыкаецца з лічбавізацыяй, глабальнымі выклікамі і пытаннямі ўстойлівага развіцця, наша Канстытуцыя застаецца сучаснай:

– Яна ўмела спалучае два пачаткі: захоўвае традыцыйныя каштоўнасці, на якіх трымаецца грамадства, і пры гэтым адкрытая новым рэаліям. Гэта баланс, які ўдаецца выконваць далёка не кожнаму Асноўнаму Закону ў свеце. Але важней за ўсё іншае. Канстытуцыя для нас – не проста юрыдычны тэкст. Гэта нешта большае. Гэта сімвал пераемнасці пакаленняў, злучальная нітка паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй. Гэта прамое выказванне волі народа, які аднойчы вырашыў: «Мы выбіраем такі шлях». Гады ідуць, мяняюцца тэхналогіі, але Канстытуцыя застаецца тым самым надзейным компасам, які паказвае кірунак развіцця краіны. У ёй – гарантыя нашай свабоды, наша агульная адказнасць і наша права будаваць будучыню Радзімы.

Паслядоўнасць і комплекснасць канстытуцыйных пераўтварэнняў

У сваю чаргу старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Валянцін Семяняка адзначае той факт, што змяненні ў Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь, прынятыя ў выніку чацвёртага ў гісторыі суверэннай Беларусі рэспубліканскага рэферэндуму 27 лютага 2022 года, замацавалі канстытуцыйны статус Усебеларускага народнага сходу.

Унікальнасць гэтай нормы складаецца ў тым, што УНС як вышэйшы прадстаўнічы орган улады, які вызначае знешнюю і ўнутраную палітыку Беларусі, стаў праявай сапраўднага народаўладдзя. Аналагаў яму, роўных па прадстаўніцтве і паўнамоцтвах, у свеце не існуе.

Як вядома, нагадвае парламентарый, большасць змяненняў, унесеных у абноўленую Канстытуцыю, было сфармулявана ў ходзе агульнарэспубліканскага дыялогу ў перыяд, які папярэднічаў рэферэндуму, што ў сваю чаргу, спрыяла яднанню нацыі:

– У новай рэдакцыі Асноўнага Закона ў канцэнтраваным выглядзе знайшло сваё адлюстраванне калектыўнае бачанне перспектыў развіцця краіны. Такім чынам, народная мудрасць стала дзейсным інструментам пераадолення знешніх і ўнутраных выклікаў сучаснасці.

Нарэшце, падкрэслівае суразмоўца, наша Канстытуцыя пацвярджае прыхільнасць беларускага народа да традыцыйных каштоўнасцяў і непрыняцця чужых правілаў, якія ўяўляюць пагрозу для гістарычнай памяці і суверэнітэту краіны:

– Унясенне нормы, якая вызначае шлюб, як саюз мужчыны і жанчыны, паклала канец усякім дыскусіям на гэту тэму і было станоўча ўспрынята ў грамадстве.

Спецыфіку Канстытуцыі 2022 года вызначае таксама ўзмацненне артыкулаў сацыяльнай накіраванасці, што цалкам адпавядае дэкларацыі асобы чалавека, як галоўнай каштоўнасці беларускай дзяржавы, канстатуе кіраўнік профільнай камісіі.

– Абвяшчэнне праявы патрыятызму асноўным абавязкам кожнага грамадзяніна з’яўляецца ідэалагічнай скрэпай не толькі для цяперашніх, але і для будучых пакаленняў беларусаў, – лічыць Валянцін Семяняка.

Ён таксама адзначыў паслядоўнасць і комплекснасць канстытуцыйных пераўтварэнняў:

– Як і прадпісваў артыкул 142 абноўленай Канстытуцыі, на працягу двух гадоў з моманту яе падпісання былі прыведзены ў адпаведнасць заканадаўчыя акты – скарэкціраваны каля 90 законаў. Правапрымяняльная практыка паказвае, што і нормы законаў, і нормы Канстытуцыі ў поўнай ступені адпавядаюць сучасным патрабаванням і спрыяюць далейшаму развіццю грамадства і дзяржавы ў цэлым.

Па інфармацыі « Звязда», 12 сакавіка 2026 г.