/ / Общественно-политические
13.04.2026

Спецыялісты патлумачылі новаўвядзенні ў праграме бясплатнага ЭКА

У канцы сакавіка Кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ «О проведении экстракорпорального оплодотворения». Бясплатная праграма ЭКА ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, якая дзейнічае ў нашай краіне ўжо пяць гадоў, з’яўляецца адной з мер падтрымкі нацыянальнай дэмаграфічнай бяспекі – захавання насельніцтва, умацавання здароўя нацыі і падтрымкі сям’і. Новы нарматыўны дакумент дае магчымасць на бясплатную спробу не толькі сямейным парам, але і адзінокім жанчынам, прычым цяпер замест адной бясплатнай спробы можа быць прадастаўлена дзве, а ўзрост для правядзення другой працэдуры падоўжаны да 49 гадоў. Гэта сведчыць, што ў нашай краіне па-ранейшаму захоўваецца прыярытэт дапамогі сем’ям, падтрымка жанчын і дзяцей. Спецыялісты патлумачылі ўсе новаўвядзенні.

Декретный отпуск

Дзве замест адной

Як паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі – начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Лазар, за пяць гадоў дзеяння бясплатнай праграмы ЭКА на выкананне бясплатнай спробы з рэспубліканскага бюджэту выдаткавана каля 29 мільёнаў рублёў. Праведзена 7404 цыклы ЭКА, у выніку якіх наступіла 2975 клінічных цяжарнасцяў. Сярэдняя эфектыўнасць за пяць гадоў у бясплатнай праграме склала амаль 38 %, што перавышае эфектыўнасць у цэлым па краіне (каля 30 %).

У новым Указе «О проведении экстракорпорального оплодотворения» датычна тэхналогій нічога кардынальна не мяняецца. Пры гэтым цяпер бясплатна замест адной даецца дзве спробы ЭКА. Акрамя таго, пашыраецца пералік тых, хто можа ўвайсці ў бясплатную праграму ЭКА. Яно прадастаўляецца шлюбным парам, у якіх муж і жонка з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі, і жанчынам (таксама грамадзянкам Беларусі), якія не знаходзяцца ў шлюбе. Бясплатная праграма дзейнічае толькі ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя.

Яшчэ адна з важных умоў – пры ЭКА сямейным парам не дазволена выкарыстоўваць донарскія палавыя клеткі, як і донарскія яйцаклеткі жанчынам, якія не знаходзяцца ў шлюбе. Аднак апошнім можна выкарыстоўваць сперматазоіды ананімнага донара. Пры гэтым жанчына набывае іх на платнай аснове. Што датычыцца абмежавання ўзросту, то ў жанчыны ён па-ранейшаму не будзе перавышаць 40 гадоў.

Аднак у выпадку, калі першая бясплатная спроба ЭКА заканчваецца нараджэннем дзіцяці, за жанчынай захоўваецца права на правядзенне другой бясплатнай спробы да дасягнення ёй 49-гадовага ўзросту.

Запатрабаваны і даступны

Як падкрэсліў дырэктар РНПЦ «Маці і дзіця» Сяргей Васільеў, від дапамогі ў выглядзе ЭКА запатрабаваны ў нашай краіне і цалкам даступны. За пяць гадоў работы праграмы бясплатнага ЭКА наспелі прапановы, якія і былі рэалізаваны ў нядаўна прынятым указе.

– Ужо ёсць жанчыны, якія паспяхова нарадзілі дзіця з дапамогай першай спробы. У іх засталіся крыакансерваваныя эмбрыёны добрай якасці. У плане стану здароўя ім нічога не перашкаджае вынасіць і нарадзіць яшчэ адно здаровае дзіця. Што датычыцца пашырэння ўзроставых рамак да 49 гадоў, то згодна з вызначэннем Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, гэта рэпрадуктыўны ўзрост. Усе пасылы, якія паступілі, мы рэалізавалі ў гэтым указе, – пракаменціраваў Сяргей Васільеў.

Ён дадаў, што замацаваныя ва ўказе нормы паляпшаюць у тым ліку і даступнасць гэтага віду медыцынскай дапамогі.

– ЭКА патрабуе пэўных затрат і фінансавых сродкаў, і, безумоўна, падтрымка дзяржавы дадзенай катэгорыі пацыентаў, якія часам не могуць сабе дазволіць, – гэта істотная мера. Дзяржава падстаўляе плячо, каб сям’я ці адзінокая жанчына мелі магчымасць шчаслівага нараджэння дзіцяці, прычым не аднаго. Гэта сапраўды магчымасць здабыць шчасце мацярынства, – адзначыў Сяргей Васільеў.

Пры гэтым трэба сказаць, што з 25 кастрычніка мінулага года пастановай Міністэрства аховы здароўя пашыраны паказанні па здароўі жанчыны да атрымання працэдуры ЭКА. Гэта звязана з паляпшэннем якасці аказання дапамогі анкалагічным і пацыентам кардыялагічнага, неўралагічнага і нейрахірургічнага профілю. Пры падрыхтоўцы гэтых змяненняў улічвалася інфармацыя ад усіх рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў. Дзякуючы гэтаму магчымасць зацяжараць атрымалі жанчыны, якія маюць анкалагічныя захворванні рэпрадуктыўнай сферы (рак малочнай залозы, рак эндаметрыя), хворыя на рассеянны склероз, эпілепсію. Падрабязна азнаёміцца з гэтымі змяненнямі можна на партале Міністэрства аховы здароўя.

Што датычыцца тэхналогіі правядзення ЭКА, то ў цяперашні час у дзяржаўных установах аховы здароўя выкарыстоўваюцца ўсе высокатэхналагічныя метады экстракарпаральнага апладнення, якія прымяняюцца ў свеце.

– Мы не стаім на месцы. У бліжэйшай перспектыве, ужо сёлета, будзе весціся распрацоўка перадымплатацыйнага генетычнага тэсціравання і іншых методык, якія з часам дазволяць пары нарадзіць здаровае дзіця з мінімальнай шкодай для жанчыны, – рэзюмаваў Сяргей Васільеў.

Алена Кравец, « Звязда», 12 красавіка 2026 г.