Што змянілася ў галіне пасажырскіх перавозак?
25 студзеня 2024 г. Прэзідэнтам быў падпісаны Указ № 32 «Об автомобильных перевозках пассажиров». Гэтым дакументам створаны дзяржаўны інфармацыйны рэсурс «Рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах», аператарам і ўладальнікам якога з’яўляецца Транспартная інспекцыя Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь. Размоў і абмеркаванняў вакол гэтай падзеі, у тым ліку ў сродках масавай інфармацыі, шмат. Цяпер, калі рэсурс запушчаны, можна дакладна ўявіць, для чаго ён створаны, як працуе і якія першыя вынікі яго дзейнасці. Аб гэтым і іншых акцэнтах Указа – гутарка з начальнікам Транспартнай інспекцыі Мінтранса Віталіем Кірэевым.
– Рэестр створаны і працуе. Колькі транспартных сродкаў і перавозчыкаў на сённяшні дзень туды ўключана?
– Аналіз рынку аўтамабільных перавозак у Беларусі паказаў, што ў сферы перавозак таксі задзейнічана каля 24 000 транспартных сродкаў і 29 000 вадзіцеляў. На 8 студзеня гэтага года ў рэестр уключана 82 % і 90 % ад агульнай колькасці адпаведна. А Брэсцкая, Гродзенская і Мінская вобласці дасягнулі лічбы ў 100 %. Лічу, вынік добры. І працэс напаўнення працягваецца: за тыдзень у сярэднім у рэестр уключаюцца звесткі ў адносінах каля 1000 вадзіцеляў і 600 транспартных сродкаў.
– Якую інфармацыю ўтрымлівае рэестр? І хто можа з ёю азнаёміцца?
– У рэестры змяшчаюцца даныя аб тым, ці ёсць у транспартнага сродку страхоўка, ці прайшоў ён дзяржтэхагляд, і ў цэлым ці адпавядае аўтамабіль неабходным патрабаванням. Адзначу, што нейкіх новых прадпісанняў да кіроўцаў і транспартных сродкаў няма. Яны даўно вядомыя кожнаму добрасумленнаму і адказнаму перавозчыку і адпавядаюць правілам аўтамабільных перавозак пасажыраў, якія былі зацверджаны пастановай Савета Міністраў ад 30 чэрвеня 2008 г. № 972.
Што датычыцца таго, хто можа знаёміцца з інфармацыяй, то агульны доступ прадугледжаны для ўсіх. Перавозчыкі могуць карыстацца пашыранай версіяй са звесткамі аб сваіх кіроўцах і транспартных сродках.
Для вадзіцеляў важна загадзя даведацца, калі плануецца дата дзяржтэхагляду, калі мінае тэрмін страхоўкі і гэтак далей. Пасажыр жа можа праверыць, напрыклад, ці працуе перавозчык законна: дастаткова ўвесці ў рэестры рэгістрацыйны знак транспартнага сродку і час перавозкі.
– Новаўвядзенні закранулі не толькі кіроўцаў аўтамабіляў-таксі, але і дыспетчараў?
– Цяпер у адпаведнасці з заканадаўствам у абавязкі дыспетчараў уваходзіць штомесячнае прадастаўленне інфармацыі аб выкананых і нявыкананых заказах і загрузка адпаведных даных у праграмнае забеспячэнне рэестра. Прытым дыспетчарскія службы павінны размяшчацца толькі на тэрыторыі Беларусі. Гэта зроблена для таго, каб забяспечыць правы пасажыраў: абарона персанальных даных і бяспека – абавязковая ўмова перавозак. Тое ж адносіцца і да відэафіксацыі перавозкі пасажыраў.
– Ці змяніўся парадак афармлення працоўных адносін?
– Ніякіх дагавораў падраду ці іншых форм, акрамя як заключэнне працоўнага дагавора, прычым няважна па асноўным месцы работы або па сумяшчальніцтве, указам не прадугледжана. Такая практыка працоўных адносін у краіне пераважае даўно. Гэта правільна і справядліва ў адносінах як да наёмнага работніка, які забяспечваецца ўсімі матэрыяльна-сацыяльнымі гарантыямі, прадугледжанымі заканадаўствам і калектыўнымі дагаворамі арганізацый, так і для працадаўца, які павінен кантраляваць выкананне кіроўцамі рэжыму працоўнага часу, пытанні аховы працы, правядзення перадрэйсавага медагляду і гэтак далей. У павышэнні кваліфікацыі вадзіцеляў таксама нічога новага не з’явілася. Кіроўца аўтамабіля-таксі не менш аднаго разу ў пяць гадоў у абавязковым парадку павінен павышаць кваліфікацыю катэгорыі «В».
– У новых умовах таксі адпрацавалі два месяцы, падчас якіх, напэўна, праводзіліся рэйдавыя мерапрыемствы. Што яны паказалі, ці былі выяўлены парушэнні?
– Меры, якія прымаюцца ў рамках выканання даручэння кіраўніка дзяржавы па змяненні стылю і метадаў работы кантралюючых (наглядных) органаў, дазволілі нам кардынальна змяніць падыходы да арганізацыі і планавання кантрольнай дзейнасці. Гаворка ідзе пра рэйды з выездам на дарогі, колькасць якіх нам удалося знізіць у 2024 годзе на 19 % да ўзроўню 2023-га, а пазалетась мы іх знізілі больш як на 50 %. Што датычыцца парушэнняў, то з 1 лістапада 2024 года былі высветлены 129 аўтамабіляў-таксі, якія выкарыстоўваліся для перавозкі пасажыраў з парушэннем указа.
– Якім чынам ажыццяўляецца кантроль цяпер?
– Сучасныя тэхналогіі, новыя формы і метады работы, у тым ліку сумесна з іншымі органамі, якія ажыццяўляюць дзяржаўныя кантроль і нагляд, аналітычная праца з выкарыстаннем рэестра, – усё гэта сёння не толькі дазваляе ажыццяўляць якасную праверку, але і надалей мінімізаваць умяшанне Транспартнай інспекцыі ў гаспадарчую дзейнасць перавозчыкаў. Нямала ўвагі ўдзяляем і прафілактычнай рабоце з усімі ўдзельнікамі перавозачнага працэсу, прычым упор робім на правядзенне растлумачальнай работы па выкананні патрабаванняў Указа № 32, у тым ліку з прымяненнем яго палажэнняў на практыцы. Дапамагаюць і звароты грамадзян, з якімі мы працуем вельмі старанна.
– Ці можна ўжо сёння казаць пра які-небудзь папярэдні вынік? Два месяцы – тэрмін невялікі, але і ён можа быць паказальным.
– Пакуль яшчэ рана. Сёння, хутчэй, гаворка ідзе пра перыяд адаптацыі. Што датычыцца паказальнасці, з 1 лістапада 2024 года эканамічным судом было вынесена больш за 70 рашэнняў за незаконнае ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці. Станоўчым вынік будзе, калі гэта колькасць значна знізіцца, а ў ідэале – дасягне нуля.
Алена Вінаградава, « Звязда», 14 студзеня 2025 г.