/ / Общественно-политические
07.02.2025

Эксперты – аб Дзяржінвестпраграме на 2025 год

Кіраўнік дзяржавы днямі падпісаў Указ № 49, якім зацверджана Дзяржаўная інвестыцыйная праграма на 2025 год. Аб значнасці аб’ектаў, прапісаных у дакуменце, для нас з вамі – звычайных грамадзян – мы даведаліся ў экспертаў. Што і дзе будзем будаваць? Падрабязней – у нашым матэрыяле.

Развитие предпринимательства

Больш за два млрд рублёў на 82 аб’екты

У Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме на 2025 год пераважаюць праекты сацыяльнай накіраванасці для больш камфортнага жыцця людзей. На гэтым акцэнтаваў увагу першы намеснік Міністра эканомікі Андрэй Картун:

– Дзяржінвестпраграма прымаецца штогод. Тут няма інвестыцыйных праектаў у класічным разуменні, гэта значыць камерцыйных, гэта дзяржаўныя праекты сацыяльнага і інфраструктурнага характару. Сутнасць Дзяржінвестпраграмы менавіта ў выкананні сацыяльных абавязацельстваў, паляпшэнні інфраструктуры, каб забяспечыць больш камфортныя ўмовы жыцця людзей. Калі казаць пра суму, то на фінансаванне аб’ектаў прадугледжана 2,2 мільярда рублёў.

Усяго ў Дзяржінвестпраграме 82 аб’екты.

– Можна сказаць, што каля 70 % – сацыяльнай накіраванасці, уплываюць наўпрост на людзей. Напрыклад, будаўніцтва станцый абезжалезвання – мы плануем у далейшым працягваць гэту работу. Арэнднае жыллё будзе пабудавана для катэгорый, якія маюць патрэбу, за кошт гэтых сродкаў у 2025 годзе, – адзначыў першы намеснік Міністра эканомікі.

Ён нагадаў, што быў прыняты ўказ, які дае паўнамоцтвы мясцовым органам улады вызначаць, якія спецыяльнасці ў раёне найбольш запатрабаваны, і ўстанаўліваць, што гэта катэгорыя першая атрымлівае права на арэнднае жыллё. Таксама ён звярнуў увагу, што ў планах – рэканструкцыя раённых бальніц, мастоў, дарог, у большай ступені мясцовых.

– Каля паловы аб’ектаў, якія ўвайшлі ў Дзяржінвестпраграму, будуць завершаны сёлета, астатнія пяройдуць на 2026-ы, – адзначыў Андрэй Картун.

Ён падкрэсліў, што дзякуючы гэтаму дакументу на эканоміку працуюць унутраныя інфраструктурныя інвестыцыі:

– Мы сабралі ўсе прапановы мясцовых органаў улады і згрупавалі аб’екты такім чынам, каб у першую чаргу завяршыць работу па ўжо пачатых праектах, новых практычна не дадавалі.

Годна ўпрыгожаць пяцігодку якасці і Год добраўпарадкавання

Рэалізацыя Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2025 год дасць магчымасць палепшыць якасць медыцынскай дапамогі пацыентам. Такое меркаванне выказаў у гутарцы з журналістамі намеснік Міністра аховы здароўя Аляксандр Старавойтаў.

Паводле яго слоў, Дзяржінвестпраграма ўключае тыя аб’екты, якія неабходны ў першую чаргу. За кошт сродкаў праграмы ў 2025 годзе ў тым ліку будуць будавацца і рэканструявацца бальніца ў Паставах, абласны анкалагічны дыспансер у Гродне, новыя карпусы абласной бальніцы ў Брэсце і РНПЦ дзіцячай анкалогіі ў Бараўлянах, рэабілітацыйны цэнтр у Аксакаўшчыне.

– Дзяржаўная інвестыцыйная праграма ўключае ў сябе ўсе аб’екты, якія годна ўпрыгожаць пяцігодку якасці і Год добраўпарадкавання, – сказаў намеснік міністра аховы здароўя.

Акрамя непасрэдна медыцынскай часткі, будзе прыведзена ў парадак і ўся тэрыторыя, на якой знаходзяцца адпаведныя аб’екты аховы здароўя.

– Сродкі, якія прадугледжаны для гэтых будоўляў, пойдуць на паляпшэнне якасці аказання медыцынскай дапамогі нашым пацыентам, – упэўнены Аляксандр Старавойтаў.

Дадатковы каталізатар развіцця раёнаў

Рэалізацыя трох найважнейшых праектаў у сферы дарожна-маставога будаўніцтва, уключаных у Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2025 год, стане дадатковым каталізатарам развіцця раёнаў Гомельскай вобласці і ў цэлым рэгіёна, лічыць генеральны дырэктар РУП «Гомельаўтадар» Дзяніс Ясько.

За кошт сродкаў Дзяржінвестпраграмы ў 2025 годзе ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне вядуцца работы па рэканструкцыі наступных аб’ектаў: аўтамабільная дарога М10 граніца РФ – Гомель – Кобрын (1-я чарга), мост праз раку Прыпяць у Мазыры, мост праз раку Сож каля Веткі. РУП «Гомельаўтадар» выступае заказчыкам гэтых аб’ектаў.

– Увод кожнага з гэтых праектаў будзе спрыяць эканамічнаму развіццю раёнаў Гомельскай вобласці і ў цэлым рэгіёна. Так, мост праз Прыпяць дазволіць Мазырскаму і Калінкавіцкаму, а мост праз Сож – Веткаўскаму і іншым найбліжэйшым раёнам эфектыўна развіваць грузавыя і пасажырскія аўтамабільныя перавозкі, удасканаліць лагістыку для вытворчай і сацыяльнай сфер. Што датычыцца ўчастка М10, то гэта заўсёды даволі ажыўленая магістраль. Сутачная інтэнсіўнасць руху вар’іруецца ад 7 да 10 тысяч адзінак транспарту, – падкрэсліў Дзяніс Ясько.

Ён звярнуў увагу і на пытанні бяспекі:

– Напрыклад, маставыя збудаванні 1960-х, 1970-х гадоў пабудовы былі разлічаны на іншую нагрузку і прапускную здольнасць і ўжо страцілі свой рэсурс. Вядома, новыя будынкі будуць адпавядаць усім сучасным патрабаванням і рэаліям.

Кіраўнік патлумачыў, што работы па рэканструкцыі моста праз Прыпяць даўжынёй больш за 920 метраў, пабудаванага ў 1958 годзе, падзелены на дзве чаргі: разбор існуючага збудавання і будаўніцтва новага моста на ранейшым месцы.

Гендырэктар запэўніў, што ўсе работы ідуць па графіку:

– У чацвёртым квартале 2025 года плануецца пуск руху па новым мосце, а работы па завяршэнні будаўніцтва будуць працягвацца да 26 мая 2026 года.

Праз раку Сож у Веткаўскім раёне на аўтадарозе Р30 Гомель – Ветка – Чачэрск – Ямнае будзе ўзведзены новы мост. Яго працягласць перавысіць 535 метраў (гэта практычна на 10 метраў больш, чым наяўнае збудаванне), а шырыня складзе 10 метраў.

Яшчэ адзін ключавы аб’ект інвестпраграмы на карце рэгіёна – участак трасы М10 граніца Расійскай Федэрацыі – Гомель – Кобрын.

– Уся рэканструкцыя адрэзка за 85 км ад Рэчыцы да Калінкавічаў – гэта пяць чэргаў. Пачалі першую – за 16,8 км ад Рэчыцы да Каравацічаў, – дадаў кіраўнік.

Па матэрыялах БелТА і sb.by

Даслоўна

Алена Фурс, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах:

– У бягучым годзе, накіраваным на паляпшэнне сферы добраўпарадкавання, Дзяржаўная інвестыцыйная праграма набывае асаблівую значнасць. Яна ўключае ў сябе аб»екты, якія годна ўпрыгожаць пяцігодку якасці і стануць чарговым доказам таго, што наша краіна нацэлена выключна на развіццё і ўдасканаленне ва ўсім.

У тым ліку гэты важны дакумент пацвярджае сацыяльную арыентаванасць нашай дзяржавы. Яго асноўныя кірункі датычацца, у першую чаргу, павышэння якасці жыцця людзей.

«Грошы трэба траціць з розумам!» – гэтая правераная часам выснова не губляе сваёй актуальнасці. Асабліва ва ўмовах пастаяннай сусветнай канфрантацыі, санкцыйнага ціску, войнаў і канфліктаў, калі вельмі важна захаваць і прымножыць наш эканамічны патэнцыял, забяспечыць стабільны, кантраляваны і паступальны рух наперад.

Галоўнае патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі застаецца нязменным: кожны ўкладзены рубель павінен даваць максімальную аддачу. Такі гаспадарскі падыход да размеркавання наяўных рэсурсаў, які праяўляе Прэзідэнт Беларусі, з’яўляецца моцнай асновай для якасных пераўтварэнняў, якія дапамагаюць рабіць нашу краіну яшчэ лепшай, а жыццё беларусаў – больш камфортным і паспяховым.

Сяргей Клішэвіч, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў:

– Зразумела, што асноўныя кірункі дакумента датычацца паляпшэння жыцця людзей. Але ўздзейнічае, безумоўна, і геапалітычная сітуацыя, якая датычыцца Беларусі і адбіваецца на развіцці нашай эканомікі, а таксама абароннага сектара. Таму, вядома, значная ўвага аддаецца якраз развіццю нашага прамысловага патэнцыялу, інвестыцый у сродкі вытворчасці. У тое, што нам дазволіць у будучыні не проста захаваць дасягнуты ўзровень эканамічнага развіцця, але і ва ўмовах пастаяннай сусветнай канфрантацыі, санкцыйнага ціску, войнаў і канфліктаў забяспечыць стабільнае, кантраляванае паступальнае развіццё нашай краіны. Такім чынам, забяспечваючы нармальнае жыццё беларусаў, калі перакладаць на простую мову. Улічваючы сітуацыю, гаворка не ідзе пра празмернасці. Тым не менш усе ключавыя аспекты, такія як медыцына, адукацыя, даступныя і камфортныя ўмовы пражывання, адлюстраваны ў дакуменце. І гэта нягледзячы на спробы задушыць Беларусь эканамічна. І якраз нашы інвестыцыйныя праграмы дэманструюць, што гэтыя спробы – не проста беспаспяховыя, яны сёння актывізуюць беларусаў на большую працу, развіццё нашага прамысловага сектара, цеснае супрацоўніцтва з саюзнікамі, такімі як Расія, Кітай і іншымі дзяржавамі. Таму, вядома, пункты Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы яшчэ раз пацвярджаюць канстытуцыйную мэту развіцця нашай краіны – гэта сацыяльна арыентаваная дзяржава.

Па інфармацыі « Звязда», 7 лютага 2025 г.