/ / Общественно-политические
05.02.2025

З якім багажом адукацыйная галіна краіны перайшла ў пяцігодку якасці, расказвае Міністр адукацыі

На Рэспубліканскім педагагічным савеце ў жніўні мінулага года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Адукацыя – фундаментальная сфера нашага жыцця, якая пранізвае абсалютна ўсе галіны і вызначае, калі хочаце, развіццё ўсёй нацыі», – тым самым справядліва вызначыўшы сферу адукацыі краіны як адну з прыярытэтных – бо менавіта работнікі адукацыйнай галіны вучаць, выхоўваюць, па сутнасці, гадуюць будучыню нашай краіны. У пяцігодку якасці, якая мае на ўвазе якасць ва ўсіх сферах жыцця, размова аб якасці адукацыі – адна з самых надзённых. Гаварыць можна шмат аб чым: аб удасканаленні сістэмы паступлення ў ВНУ, аб прафесійнай арыентацыі пачынаючы са школы, аб новых формах навучання. Гэтыя і іншыя тэмы «Звязда» закранула ў інтэрв’ю з кіраўніком адукацыйнай сферы краіны.

образование

Пра тое, як прайшоў Год якасці ў адукацыйнай галіне краіны і з якім багажом яна перайшла ў пяцігодку якасці, расказвае Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец.

– Андрэй Іванавіч, падзяліцеся сваімі ўражаннямі аб тым, як моладзь паказала сябе падчас выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

– Выбарчая кампанія прайшла ў вельмі пазітыўным ключы. Мы ўбачылі, наколькі актыўна моладзь цікавіцца палітычным жыццём, выбарамі, наколькі жыва яна ўступае ў дыялог і наколькі сур’ёзна разважае пра сваю будучыню ў непарыўнай сувязі са сваёй краінай. Практычна ўся моладзь узяла ўдзел у галасаванні. Але самае каштоўнае – упэўненасць у правільнасці свайго выбару, бо галасавала за мір, стваральную працу, за сваю будучыню.

– Якімі дасягненнямі нацыянальнай сістэмы адукацыі мы сёння можам ганарыцца?

– Па паказчыках у сферы адукацыі, якія прымаюцца для разліку індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу, Беларусь займае 47-е месца сярод 189 краін свету і адносіцца да катэгорыі краін з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця. У індэксе сацыяльнага прагрэсу па паказчыку «Доступ да базавых ведаў» наша краіна займае 16-е месца сярод 170 краін свету.

Мы шукаем і знаходзім якасна новыя метады работы з адоранай моладдзю. Гэта прыносіць свой плён. У 2024 годзе навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўзялі ўдзел у 13 міжнародных спаборніцтвах. З 63 удзельнікаў міжнародных алімпіяд 56 сталі пераможцамі і прызёрамі, у тым ліку імі заваяваны 18 залатых, 13 сярэбраных і 25 бронзавых медалёў.

Стабільнасць, унікальнасць і паказчыкі высокай якасці нашай сістэмы адукацыі пацвярджае той факт, што вучыцца ў беларускіх універсітэтах імкнецца ўсё больш замежных грамадзян: калі ў 2010 годзе ў нашай краіне навучалася каля 10 тысяч студэнтаў з-за мяжы, то ў 2024/2025 навучальным годзе іх колькасць дасягнула больш як 30 тысяч са 110 краін свету.

– Якія найбольш яркія мерапрыемствы былі рэалізаваны летась?

– Адно з галоўных і самых рэзультатыўных – стварэнне матывацыйных умоў для адораных абітурыентаў. У 2024 годзе мы практычна ў два разы павялічылі колькасць маладых людзей, залічаных ва ўстановы вышэйшай адукацыі без уступных выпрабаванняў, у тым ліку больш чым у тры разы – выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, больш чым у два разы – пераможцаў міжнародных, рэспубліканскіх, абласных алімпіяд і практычна ў два разы – уладальнікаў залатога (сярэбранага) медаля або дыплома аб прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай, выпускнікоў ліцэяў ВНУ.

Найважнейшым крокам па ўдасканальванні сістэмы пошуку і падтрымкі таленавітых школьнікаў і моладзі, развіцці школьнага алімпіяднага руху стаў запуск вочна-дыстанцыйнай круглагадовай алімпіяды школьнікаў. На гэты час у яе трох этапах узялі ўдзел больш за 14 тысяч маладых знаўцаў з усёй краіны. А ўжо ў лютым адбудзецца вочны этап на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка.

Штогод прадстаўнікі Беларусі бяруць удзел у міжнародных конкурсах прафесійнага майстэрства. Так, летась у фінале чэмпіянату высокіх тэхналогій у Вялікім Ноўгарадзе наша моладзь заваявала шэсць сярэбраных медалёў.

З Міжнароднага адкрытага чэмпіянату «BRІCS + Future Skіlls and Tech Challenge 2024», які праходзіў у Казані, беларусы прывезлі два сярэбраныя і тры бронзавыя медалі. З Міжнародных адкрытых спаборніцтваў у рамках Нацыянальнага чэмпіянату па прафесійным майстэрстве сярод інвалідаў і асоб з абмежаванымі магчымасцямі здароўя «Абілімпікс» у Маскве беларускія прафесіяналы вярнуліся з двума залатымі і двума бронзавымі медалямі. А фінал чэмпіянату па прафесійным майстэрстве «Прафесіяналы 2024» у Санкт-Пецярбургу прынёс нам адно «золата», 13 сярэбраных медалёў і адну «бронзу». У конкурсе «Майстры Шаўковага шляху» ўдзельнікі з Беларусі заваявалі два Гран-пры і 19 медалёў. У маі 2025 года плануем VІ Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства, на які запрашаем больш за 1000 канкурсантаў і экспертаў з Беларусі, блізкага і далёкага замежжа.

Але ў цэнтры нашай увагі не толькі адораныя дзеці.

Адным з прыярытэтаў для нас з’яўляецца забеспячэнне даступнасці і якасці адукацыі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У гэтым кірунку ў нашай краіне назапашаны ўнікальны вопыт функцыянавання інтэграванага навучання і выхавання, ва ўмовах якога навучаюцца больш за 70 % дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія маюць патрэбу ў атрыманні спецыяльнай адукацыі.

– Многіх бацькоў такіх дзяцей цікавіць іх далейшы лёс – вучоба, працаўладкаванне...

– У 2024 годзе распрацавана і зацверджана калегіямі Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны канцэпцыя падрыхтоўкі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця да працоўнай дзейнасці, сямейнага жыцця, іх сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства. Дакумент вызначае прыярытэтныя кірункі ўдасканалення работы па нарматыўным прававым і навукова-метадычным забеспячэнні, удасканаленні сістэмы падрыхтоўкі асоб з АПФР да працоўнай дзейнасці, сямейнага жыцця, іх сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства, забеспячэнні пераемнасці ў рабоце ўстаноў адукацыі, кадравым забеспячэнні, міжведамасным узаемадзеянні, кантролі якасці падрыхтоўкі асоб з АПФР, у тым ліку асоб з інваліднасцю.

– Як у 2024 годзе ўдасканальвалася сістэма прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі?

– Для ўдасканалення механізмаў партнёрства сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і суб’ектаў галін эканомікі на 11 прадпрыемствах створаны навучальныя майстэрні. У 2025–2026 гадах будуць створаны навучальна-вытворчыя майстэрні яшчэ ў 71 арганізацыі краіны.

– Ці існуе такі ж вопыт практыкаарыентаванасці ва ўстановах вышэйшай адукацыі?

– Летась у ВНУ адкрыты два новыя цэнтры кампетэнцый, фактычна гэта сімбіёз навучання, навукі і вытворчасці. Студэнты выконваюць практычныя і лабараторныя работы на сучасным абсталяванні, ажыццяўляюць навукова-даследчую дзейнасць і могуць укараняць свае ідэі. Цяпер праводзіцца работа па фарміраванні цэнтраў тэхнічных кампетэнцый па такіх перспектыўных кірунках, як нанаматэрыялы і нанатэхналогіі, лічбавае машынабудаванне, інжынерыя матэрыялаў і тэхналогіі, інавацыйныя зварачныя тэхналогіі, цэнтраў кампетэнцый у сферы моды, індустрыі харчавання, псіхолага-педагагічнай адукацыі.

У 2024 годзе мы стварылі 167 інжынерна-тэхнічных цэнтраў на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў кожным раёне! Сёлета паставілі перад сабой задачу аб’яднаць на іх базе дзейнасць інжынерных класаў, гурткоў тэхнічнай творчасці пад патранатам інжынерных ВНУ, Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка з удзелам прамысловых прадпрыемстваў рэгіёнаў. Фактычна гэта падрыхтоўка інжынерных кадраў ад школьнай лавы да першага працоўнага месца.

– Якія формы навучання акрамя традыцыйных плануецца ўкараняць у 2025 годзе і на перспектыву?

– Ставім сабе задачу ўкараняць тэхналогіі штучнага інтэлекту для выкарыстання выкладчыкамі на ўсіх узроўнях: ад школы да ўніверсітэта. Відавочна, роля педагога і настаўніка была і будзе ключавой у сістэме адукацыі, але сучасныя інструменты, такія як нейрасеткі, дынамічна ўваходзяць у наша жыццё. І сфера адукацыі не з’яўляецца выключэннем.

Што датычыцца перспектывы, то ўжо хуткім часам скончым распрацоўку Канцэпцыі па стварэнні адукацыйнага хаба сусветнага ўзроўню. Такое даручэнне кіраўніком дзяржавы Міністэрству адукацыі было дадзена ў жніўні на Рэспубліканскім педагагічным савеце.

Алена Вінаградава, « Звязда», 5 лютага 2025 г.