Што прадугледжваюць навацыі спажывецкага крэдытавання?
Днямі члены Савета Рэспублікі адобрылі палажэнні законапраекта «О потребительском кредите и потребительском микрозайме», які перад гэтым дэталёва быў разгледжаны членамі Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах падчас выязнога пасяджэння на базе «Беларусбанка». Асноўная мэтавая задача, якую парламентарыі сумесна з рэгулятарам вырашалі, працуючы над дакументам, – павышэнне ўзроўню абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг. Падрабязнасці навацый даведаліся ў старшыні профільнай камісіі Савета Рэспублікі Уладзіслава Татарыновіча.
Бум на спажывецкія крэдыты
– Асаблівасць беларускага заканадаўства ў сферы спажывецкага крэдытавання заключаецца ў тым, што на сёння няма адзінага нарматыўнага прававога акта, якім бы рэгулявалася даная сфера адносін, у тым ліку аперацыі мікрафінансавання, – растлумачыў суразмоўца. – Частка нормаў замацаваная ў банкаўскім, грамадзянскім кодэксах, асобных указах кіраўніка дзяржавы, лакальных актах Нацбанка.
Прапанаваны распрацоўшчыкамі законапраект аб’ядноўвае адпаведныя нормы і падпарадкоўвае іх адзінай логіцы – дадатковай абароне грамадзян, якім прадастаўляюцца спажывецкія крэдыты і мікрапазыкі. Не сакрэт, што цяпер адзначаецца бум спажывецкага крэдытавання ў краіне. Толькі за мінулы год прырост спажывецкіх крэдытаў склаў амаль 46 %.
– Закон запатрабаваны і актуальны, – перакананы Уладзіслаў Татарыновіч. – На канец 2024 года агульны аб’ём выдадзеных спажывецкіх крэдытаў склаў крыху больш за 10 мільярдаў рублёў. Гэта звязана з тым, што гэты кірунак банкаўскай дзейнасці запатрабаваны і банкамі (спажывецкім крэдытаваннем займаецца звыш 20 камерцыйных банкаў, каля 79 мікрафінансавых арганізацый працуе з мікрафінансавымі пазыкамі), і нашымі грамадзянамі. Паколькі ў краіне стабільная коштавая сітуацыя, агульная сітуацыя ў эканоміцы стабільная. Растуць заработная плата, іншыя даходы, якія даюць магчымасць працаваць з банкамі і скарыстацца магчымасцю атрымання спажывецкага крэдыту.
Таксама Нацыянальным банкам зацверджаны асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі на 2025 год, дзе прадугледжваецца далейшы рост спажывецкага крэдытавання. Рэгулятар ацэньвае, што ўвогуле за год такім чынам будзе выдадзена каля 14-15 мільярдаў рублёў.
– Гэтаму будуць спрыяць агульная эканамічная сітуацыя, рэальна наяўныя даходы і, што немалаважна, прывабныя стаўкі па крэдытах. Рэгулятар ацэньвае, што на працягу года сярэдняя стаўка будзе складаць каля 10 % пры стаўцы рэфінансавання ў 9,5 %. Таму гэта таксама сведчанне фінансавай стабільнасці, – падкрэсліў сенатар.
Ён выказаў упэўненасць, што нормы законапраекта будуць рэгуляваць усе пытанні, звязаныя з заключэннем, выкананнем дагавораў як спажывецкага крэдытавання, так і мікрапазык.
Мікрапазыкі і пры чым тут аператары сотавай сувязі?
Адказваючы на пытанне, што павінны скарэктаваць навацыі, Уладзіслаў Татарыновіч растлумачыў:
– Я вылучыў бы тры асноўныя моманты. Першае – стварэнне максімальна празрыстых камфортных умоў для крэдытаатрымальнікаў. Акрамя, скажам, магчымасці прыйсці ў банк і заключыць дагавор спажывецкага крэдыту, ёсць інструменты дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання. У законапраекце гэтыя нормы развіваюцца.
Ён канкрэтызаваў: банк зможа прыцягваць па дагаворы трэція асобы, якія будуць аказваць адпаведныя паслугі фізічным асобам з пункту гледжання магчымасці атрымання спажывецкага крэдыту:
– Гэта значыць праінфармаваць аб магчымасці такога крэдытавання, аб яго ўмовах дыстанцыйна, не заходзячы ва ўстанову банка, заключыць адпаведны дагавор і потым адпаведным чынам яго выконваць. Гэта значыць пашыраецца кола, з якім фізічная асоба зможа працаваць.
Што датычыцца спажывецкіх мікрапазык, тут таксама, акрамя мікрафінансавых арганізацый, якія выдаюць мікрапазыкі пад заклад рухомай маёмасці, прадугледжваецца магчымасць для спецыялізаваных арганізацый.
– Нацыянальны банк у якасці такіх спецыялізаваных арганізацый разглядае аператараў сотавай сувязі. Досыць вялікія плацяжы праходзяць у рамках аплаты паслуг мабільнай сувязі і ўсім, што з гэтым звязана. Таму, маючы доступ і да крэдытных гісторый, яны маглі б узяць на сябе такую функцыю, – адзначыў суразмоўца.
Ніякай пені за датэрміновае пагашэнне
Наступны момант, на які ён звярнуў увагу, – максімальная празрыстасць:
– Пры заключэнні дагавораў спажывецкага крэдытавання, спажывецкіх мікрапазык да іх заключэння патэнцыйнаму крэдытаатрымальніку будзе прадстаўлена максімальна падрабязная інфармацыя, якія паслугі з’яўляюцца дадатковымі, ці неабходна за гэта рабіць аплату. Уводзіцца прынцып: усе дадатковыя паслугі не павінны ніякім чынам уплываць на суму непасрэдна самога крэдыту, таму на практыцы гэтыя пытанні ўзнікалі.
Уладзіслаў Татарыновіч звярнуў увагу на яшчэ адзін немалаважны аспект:
– Уводзіцца ўмова, што нельга адмовіць крэдытаатрымальніку ў датэрміновым пагашэнні крэдыту: ніякая пеня, іншыя плацяжы за гэта спаганяцца не будуць. Таму празрыстасць – дадатковая абарона спажыўцоў гэтага віду фінансавых паслуг.
З’яўляюцца і адпаведныя абавязацельствы:
– Але яны пойдуць на карысць, – перакананы Уладзіслаў Татарыновіч і вось чаму. – Таму што па праекце закона ўводзіцца паняцце «ліміт пазыковай нагрузкі». Гэта ідзе ад жыцця. Паколькі часам, пераацаніўшы свае магчымасці, трапляеш у пэўныя ўмовы, і дадатковыя фінансавыя выдаткі могуць быць дастаткова істотнымі.
Уводзяцца і абмежаванні на ўстанаўленне працэнтаў па дагаворы спажывецкай мікрапазыкі. У прыватнасці, не больш за суму мікрапазыкі пры тэрміне вяртання да аднаго года і двухразовай сумы мікрапазыкі – звыш года.
У цэлым у мінулым годзе 96 % усіх мікракрэдытаў выдавалася на тэрмін менш за адзін месяц.
Таксама важнай навацыяй з’яўляецца і магчымасць прадастаўлення грамадзянам, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, адтэрміноўкі плацяжу па дагаворы на тэрмін не менш за тры месяцы.
Кампетэнтна
Віктар Ананіч, старшыня праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк», намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах:
– Перш за ўсё, я хацеў бы адзначыць, што законапраект накіраваны на падтрымку людзей, якія атрымліваюць крэдыты, каб абараніць іх ад няслушнай інфармацыі, даць магчымасці банкам, мікрафінансавым арганізацыям па тэрмінах разглядаць пытанні.
Адказваючы на пытанне, якія крэдыты больш за ўсё ў структуры Беларусбанка карыстаюцца попытам у насельніцтва, ён растлумачыў:
– Безумоўна, вялікую долю займае крэдытаванне жылля. І Беларусбанк мае долю (калі казаць аб рынку Рэспублікі Беларусь) больш за 70 %, таму што гэта трэба кожнаму. Далей мы разглядаем крэдыты на спажывецкія патрэбы. Вялікую папулярнасць атрымаў крэдыт «на родныя тавары», якім у мінулым годзе вельмі актыўна карысталіся. Мы выдалі больш за паўмільярда (рублёў. – Заўв. аўт.) крэдытаў насельніцтву. Тым самым гэтыя грошы пайшлі ў нашу эканоміку. Гэта значыць, праз спажывецкае крэдытаванне насельніцтва мы падтрымалі і эканамічны блок краіны. Акрамя таго, ёсць шэраг крэдытаў на навучанне, ЭКА, газіфікацыю і іншыя.
Па інфармацыі « Звязда», 3 лютага 2025 г.