/ / Общественно-политические
05.11.2024

У Магілёве абмеркавалі навацыі Крымінальнага кодэксу

Пастаянная камісія па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў правяла ў Магілёве дыялогавую пляцоўку, дзе з удзелам практыкаў – суддзяў, следчых, пракурорскіх работнікаў, супрацоўнікаў МУС – адбылося абмеркаванне навацый праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці». Законапраектам прадугледжаны сістэмны перагляд Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у мэтах дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі адказнасці.

документы

– Гэты законапраект мы абмяркоўваем вельмі шырока: аналагічныя дыялогавыя пляцоўкі прайшлі ва ўсіх абласцях і горадзе Мінску, завяршаем нашу работу ў Магілёве, – адзначыла ў размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Марына Лянчэўская. – Нам, парламентарыям, важна пачуць меркаванне практыкаў, а таксама прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Важна, каб закон не быў статычным, ён павінен мяняецца. Таму важна максімальна падрыхтаваць яго, каб ён быў рабочы. Гэты праект ужо прыняты ў першым чытанні. Канцэптуальна ён ухвалены парламентарыямі, і, як паказваюць абмеркаванні, падтрымліваецца і практыкапрымяняльнікамі, і грамадзянскай супольнасцю.

Ёсць некаторыя моманты, якія з’яўляюцца дастаткова вострымі і найбольш абмяркоўваюцца. Напрыклад, змяненні ў артыкул 328, які датычыцца незаконнага абароту наркотыкаў. У частцы чацвёртай зніжаецца ніжняя мяжа санкцыі – з 10 да 8 гадоў. Максімальнае пакаранне застаецца ранейшым – 20 гадоў. Змяненне дасць магчымасць суду з улікам абставін справы, асобы абвінавачанага назначыць больш справядлівае пакаранне. Але прынцып няўхільнасці пакарання ніхто не адмяняе.

Парламентарый падкрэслівае, што ўвесь законапраект накіраваны на тое, каб у судоў была магчымасць дыферэнцыравана падыходзіць да назначэння пакарання. У ходзе работы над ім міжведамасная рабочая група перагледзела санкцыі шэрагу артыкулаў. У 97 унесены альтэрнатыўныя пакаранні, бо 65 з іх утрымлівалі толькі адзінае – пазбаўленне волі.

– Не заўсёды пазбаўленне волі з’яўляецца адзіна справядлівым пакараннем за тое ці іншае злачынства, – кажа Марына Лянчэўская. – Унясенне змяненняў у гэты законапраект дасць магчымасць судам больш дыферэнцыравана падыходзіць да назначэння пакарання за ўчыненне злачынства. Але гэта не значыць, што суд не прызначыць пазбаўленне волі за той від злачынства, за які сёння прадугледжана нейкая альтэрнатыва. Прынцып непазбежнасці пакарання не адмяняецца. Але, як гаворыць Кіраўнік дзяржавы, вельмі важна, каб пакаранне было справядлівым.

Пры ўнясенні змяненняў у законапраект Крымінальнага кодэксу акцэнт рабіўся таксама на прафілактычным складальніку. Калі раней пры прызначэнні прэвентыўнага нагляду было абавязкова працаўладкаванне, то цяпер абавязкова працаўладкаванне або навучанне. Гэта зроблена ў мэтах рэсацыялізацыі чалавека. Закон прадугледжвае і больш гуманныя адносіны да непаўналетніх; інвалідаў І-ІІ групы; жанчын і мужчын, якія ў адзіночку выхоўваюць дзяцей да 14 гадоў. Такіх асоб прапануецца не пазбаўляць волі за злачынствы, якія не ўяўляюць вялікую грамадскую небяспеку, а таксама за менш цяжкія злачынствы.

На пачатку дыялогу Марына Лянчэўская адзначыла, што існуе даручэнне Прэзідэнта абмеркаваць найбольш вострыя пытанні з радавымі следчымі, пракурорамі, суддзямі, грамадскім насельніцтвам. І была праведзена вялікая работа.

– Важна атрымаць заўвагі, якія, як выказаўся Кіраўнік дзяржавы, ідуць ад зямлі, – заўважыла спікер. – У першым чытанні законапраект прыняты і, як паказалі дыялогавыя пляцоўкі ў розных абласцях, ён канцэптуальна падтрыманы. Разам з тым прапаноў дастаткова.

Абмеркаванне было дынамічным і грунтоўным. Удзел у ім узялі таксама намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Андрэй Ліс і член гэтай жа камісіі Андрэй Анісімаў. Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі падзяліліся сваімі заўвагамі і прапановамі, якія парламентарый паабяцала яшчэ больш дасканала прааналізаваць.

– Крымінальнае права – гэта аснова прававой сістэмы любой дзяржавы, яно заклікана абараняць правы і свабоды грамадзян, забяспечваць бяспеку і стабільнасць грамадства, – падзялілася меркаваннем намеснік начальніка аддзела па наглядзе за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па крымінальных справах пракуратуры Магілёўскай вобласці Юлія Бокая, якая прыняла ўдзел у дыялоге. – Неабходна сачыць за рэаліямі, якія адбываюцца ў грамадстве. Мы вывучалі праект закона і ў працоўным парадку абмеркавалі найбольш значныя змяненні, якія будуць уносіцца ў заканадаўства. Дыялогавая пляцоўка – гэта магчымасць юрыстам-практыкам на месцах сабрацца, абмеркаваць найбольш важныя пытанні.

Нэллі Зігуля, « Звязда», 5 лістапада 2024 г.