/ / Общественно-политические
15.05.2024

Сям'я для беларусаў – найвышэйшая каштоўнасць

15 мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень сям’і. Амаль 80 % беларусаў мае сем’і. Паводле даных Белстата, у краіне іх зарэгістравана больш чым 2,6 мільёна. З іх 78,2 % жыве ў гарадах, а 21,8 % – у сельскай мясцовасці. У 2023 годзе ў Беларусі зарэгістравана 56 044 шлюбы, сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб у жанчын – 26 гадоў, у мужчын – 28. Пры гэтым летась зарэгістравана 444 шлюбы, у якіх жаніх і нявеста былі ва ўзросце 65 гадоў і старэйшымі. З іх 42 жанчыны і 60 мужчын стварылі сям’ю ўпершыню. Большасць шлюбаў у нашай краіне (93 %) заключаецца паміж грамадзянамі Беларусі, у 6 % адным з бакоў з’яўляліся замежныя грамадзяне. Летась на падтрымку сем’яў з дзецьмі ў Беларусі накіравана тры мільёны 46 тысяч рублёў, што на 6,5 % больш, чым у 2022-м.

Семья

Кожнае чацвёртае дзіця – са шматдзетнай сям’і

Каля 44 % беларускіх сем’яў, а гэта 1 мільён 143 тысячы, мае дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. У асноўным беларускія сем’і маюць адно дзіця, такіх крыху больш чым 57 %. У кожнай трэцяй сям’і – два дзіцяці, а шматдзетных сем’яў звыш 9 %.

Як паведаміў намеснік Міністра працы і сацыяльнай аба­ро­ны Ва­ле­рый Кавалькоў, Мі­ніс­тэр­ства вя­дзе ўлік шмат­дзет­ных сем’­яў.

– Мы кан­ста­ту­ем, што ёсць ста­ноў­чая ды­на­мі­ка. Сён­ня ў кра­і­не амаль 124 ты­ся­чы шмат­дзет­ных сем’­яў, дзе вы­хоў­ва­юц­ца 405 ты­сяч дзя­цей. Кож­нае чац­вёр­тае дзі­ця ў кра­і­не вы­хоў­ва­ец­ца ў шмат­дзет­най сям'і.

Сацыяльная абарона сем’яў з дзецьмі забяспечваецца па розных кірунках: выплата дзяржаўных дапамог, праграма сямейнага капіталу, гарантыі ў сферы працы, пенсіённага забеспячэння, жыллёвыя крэдыты. Паводле слоў Валерыя Кавалькова, расходы дзяржбюджэту на меры сацыяльнай абароны сем’яў з дзецьмі штогод складаюць больш чым 3 % ВУП. У бягучым годзе на сістэму дзяржаўных дапамог будзе накіравана 3,4 мільярда рублёў, з іх 1,8 мільярда – на выплату дапамог па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў.

Сёння дзяржаўныя дапамогі атрымліваюць 380 тысяч дзяцей, з іх ва ўзросце да трох гадоў – 207 тысяч. Памеры дапамог, дарэчы, былі павялічаны з 1 мая бягучага года з улікам бюджэту пражытачнага мінімуму. Пры нараджэнні першага дзіцяці сям’я атрымлівае 4200 рублёў. Калі нараджаюцца другое і наступныя дзеці, то аднаразовая выплата складае амаль шэсць тысяч рублёў.

Дапамогі па доглядзе за дзіцем перавышаюць мінімальную заработную плату ў краіне. Калі ў сям’і выхоўваецца першае дзіця, такая дапамога складае 725 рублёў, калі другое і наступныя – 825 рублёў. Пры гэтым выплачваюцца і дапамогі на дзяцей, старэйшых за тры гады.

Калі сям’я мае патрэбу, ёй аказваецца дадатковая матэрыяльная падтрымка – штомесячная ці аднаразовая сацыяльная дапамога. Летась яе атрымалі каля 55 тысяч чалавек. Сем’ям, у якіх выхоўваецца двойня або тройня, даецца бясплатнае харчаванне для дзяцей да таго часу, калі ім споўніцца два гады. Летась такую дапамогу атрымалі больш як 10 тысяч дзяцей, а сярэдні кошт набору прадуктаў складае 220 рублёў. Гэта дадатковая падтрымка да тых дапамог, якія атрымлівае сям’я. На аказанне адраснай дапамогі сёлета запланавана вылучыць 140 мільёнаў рублёў.

Працоўныя, жыллёвыя і пенсіённыя гарантыі

Валерый Кавалькоў паведаміў, што паспяхова развіваецца праграма сямейнага капіталу, які назначаецца і выплачваецца пры нараджэнні трэцяга і наступнага дзяцей. Са студзеня бягучага года сума была праіндэксавана і складае 31 480 рублёў. За ўвесь перыяд дзеяння праграмы – са студзеня 2015 года – было адкрыта 137 тысяч укладаў.

З 2020 года шматдзетныя сем’і могуць выкарыстоўваць сродкі сямейнага капіталу датэрмінова на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне платных медыцынскіх паслуг ці паслуг адукацыі. На 1 мая 2024 года прынята больш чым 82 тысячы рашэнняў аб датэрміновым выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу, пераважная большасць (81 %) была накіравана на паляпшэнне жыллёвых умоў, 11 % – на атрыманне платных медыцынскіх паслуг, 8 % – на атрыманне адукацыі. Пры гэтым атрымаць адукацыю на платнай аснове могуць не толькі дзеці ў шматдзетных сем’ях, але і іх бацькі.

Развіваецца сістэма сацыяльнага абслугоўвання і падтрымкі сем’яў з дзецьмі. Гэта, у прыватнасці, паслугі нянькі, якія даюцца, калі ў сям’і выхоўваюцца двайняты або трайняты, дзіця-інвалід ці абодва бацькі з’яўляюцца інвалідамі. Даецца таксама паслуга патранату для пераадолення цяжкай жыццёвай сітуацыі. За мінулы год яе атрымалі больш як чатыры тысячы сем’яў. Ёсць паслуга сацыяльнай перадышкі для сем’яў з дзіцем-інвалідам. Дзіця можна памясціць у дом-інтэрнат на перыяд да 56 дзён у год, дзе яму будзе забяспечаны кругласутачны догляд, пры гэтым усе сацыяльныя выплаты захоўваюцца.

Распрацаваны механізм падтрымкі і праз працоўныя адносіны. У Працоўны кодэкс унеслі змены, і сёння бацькам у шматдзетных сем’ях, якім раней быў дадзены адзін свабодны дзень у тыдзень. Замест гэтага можна скараціць на гадзіну працягласць рабочага дня. Прапісана магчымасць дыстанцыйнай работы.

Па-ранейшаму сем’ям аказваецца значная падтрымка ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Маладой сям’і з двума дзецьмі льготны крэдыт даецца пад 5 % гадавых на 20 гадоў, шматдзетнай сям’і – пад 1 % гадавых на 40 гадоў. Пры гэтым для сем’яў з трыма дзецьмі дзяржава пагашае 75 % ад сумы запазычанасці па такіх крэдытах. Калі ў сям’і чацвёра дзяцей, нават ільготны крэдыт дзяржава пагашае цалкам. У 2023 годзе жыллёвыя ўмовы палепшыла 6,8 тысячы маладых сем’яў і амаль 10 тысяч шматдзетных сем’яў.

Шэраг гарантый прадугледжаны ў галіне пенсіённага забеспячэння. Час догляду за дзіцем залічваецца ў працоўны стаж, бо працягласць працы аказвае ўплыў на памер пенсіі. Акрамя таго, для маці, якія нарадзілі чацвярых дзяцей, працягласць страхавога стажу зніжана да дзесяці гадоў.

Маці, якія нарадзілі пяцярых і болей дзяцей, дадзена права датэрміновага выхаду на пенсію – на пяць гадоў раней. Маці, якія нарадзілі і выхавалі дзевяцярых і больш дзяцей, таксама ўдастоеныя ўзнагароды СССР ці Беларусі за мацярынства, даецца права на пенсію за асаблівыя заслугі. Цяпер такую пенсію атрымліваюць 447 шматдзетных маці.

– Мы разумеем, што сям’я для нашых грамадзян з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю. Гэта пацвярджаюць сацыялагічныя даследаванні. У красавіку 2023 года Інстытут сацыялогіі НАН правёў сацыялагічнае апытанне аб жыццёвых прыярытэтах. Сярод галоўных з іх – здароўе (85 %), сям’я (73 %), дзеці (68 %). Пры гэтым шлюб апытанымі разглядаецца як абавязковая прыкмета сямейнага жыцця, і ён асабліва важны пры прыняцці рашэння аб нараджэнні дзяцей. Каля паловы апытаных лічаць для сябе аптымальным мець сям’ю з двума дзецьмі, – рэзюмаваў Валерый Кавалькоў.

Колькасць інтэрнатаў зменшылася ўтрая

Важнымі кірункамі сацыяльнай палітыкі дзяржавы з’яўляюцца падтрымка дзяцей-сірот і развіццё сямейных формаў уладкавання, яны забяспечваюць найбольш спрыяльныя ўмовы для развіцця дзяцей.

– Летась прыняты змены ў пастанову ўрада, якая ўстанаўлівае аднаразовыя грашовыя выплаты на першапачатковае набыццё інвентару і абсталявання пры прыёме на выхаванне дзяцей ад нуля да трох гадоў у прыёмныя, апякунскія сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Павялічаны памеры дапамог прыёмным бацькам, бацькам-выхавацелям у сувязі з тым, што абнавіўся пералік адзення, абутку і мяккага інвентару і павялічаны памеры грашовых выплат на ўтрыманне такіх дзяцей, – расказала намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова.

У Беларусі паступова скарачаецца сетка дзіцячых інтэрнатных устаноў. З 2015 года іх колькасць зменшылася больш чым у тры разы – з 36 у 2015 годзе да 10 у 2023. У 2023 годзе была ліквідавана Капыльская дапаможная школа-інтэрнат, а дзеці выхоўваюцца ў сем’ях.

Скарацілася колькасць дзяцей, ад выхавання якіх адмаўляюцца бацькі, у многім дзякуючы і той падтрымцы, якую аказвае дзяржава сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды. Больш за 88 % дзяцей, якія штогод застаюцца без апекі бацькоў, уладкоўваецца на выхаванне ў сем’і. Гэтаму садзейнічае развіццё сеткі замяшчальных і апякунскіх сем’яў, прыёмных дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.

– За апошнія гады сфарміравана практыка ўладкавання ў сям’ю не толькі дзяцей, якія развіваюцца нармальна, але і дзяцей-інвалідаў. Так летась 29 такіх дзяцей з інтэрната былі перададзены ў сем’і, якія падрыхтавалі ўмовы і займаюцца іх выхаваннем, у тым ліку шэсць такіх дзяцей былі ўсыноўлены, – паведаміла Алена Сімакова.

Яна праінфармавала, што летась крыху больш чым дзве тысячы дзяцей засталіся без апекі бацькоў. З іх толькі 282 дзіцяці з’яўляюцца біялагічнымі сіротамі, іх бацькі памерлі ці прызнаны адсутнымі без вестак. Звыш як 80 % – дзеці, бацькі якіх жывыя, але не займаюцца іх выхаваннем у сувязі з тым, што пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Большасць такіх дзяцей уладкаваныя на сямейныя формы выхавання.

– Ёсць станоўчая дынаміка ў тым, што штогод бацькі мяняюць свае адносіны да выхавання дзяцей і аднаўляюцца ў судовым парадку ў бацькоўскіх правах. Летась было 77 такіх бацькоў, 104 дзіцяці вярнуліся ў родную сям’ю. Чацвёра бацькоў звярнуліся ў суд, і было адменена рашэнне суда аб адабранні дзіця без пазбаўлення бацькоўскіх правоў, – адзначыла Алена Сімакова.

Цяпер у краіне каля 15 тысяч дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Пераважна яны выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях (12 103 дзіцяці). Большасць з іх (7424) – у апякунскіх, крыху больш як дзве тысячы – у прыёмных, 1840 дзяцей – у дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Больш чым пяць тысяч дзяцей жывуць у сем’ях усынавіцеляў.

Алена Кравец, « Звязда», 15 мая 2024 г.