/ / Общественно-политические
12.07.2024

З ліпеня пачалі дзейнічаць новаўвядзенні ў Закон «Аб сацыяльным абслугоўванні». Як працуюць змены?

З ліпеня ў краіне пачалі дзейнічаць новаўвядзенні ў Закон «Аб сацыяльным абслугоўванні». Мяркуецца, што яны паспрыяюць у арганізацыі комплекснай сацыяльнай і медыцынскай дапамогі такім чынам, каб пажылыя людзі і інваліды як мага даўжэй заставаліся ў звыклых хатніх умовах замест змяшчэння ў інтэрнат. Ды і самі інтэрнаты за апошнія гады змяніліся – цяпер там не толькі забяспечаць кругласутачны догляд, а і акажуць поўны спектр сацыяльных і медыцынскіх паслуг, а таксама арганізуюць вольны час. У адпаведнасці са зменай функцыяналу мяняюцца і назвы інтэрнатаў – цяпер гэта сацыяльныя пансіянаты. Нягледзячы на тое што зменены закон уступіў у сілу з ліпеня, на практыцы многія новаўвядзенні працуюць даўно. Як гэта ажыццяўляецца, на прыкладзе сталіцы расказала намеснік старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Вольга Васілеўская.

Услед за зменай іміджу

Менавіта сталічная сістэма сацыяльнага абслугоўвання прадстаўлена ў самым поўным фармаце. Акрамя дзевяці цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія аказваюць дапамогу па месцы жыхарства, функцыянуюць сацыяльныя пансіянаты (да ліпеня яны мелі назву дамы-інтэрнаты). Працуе Мінскі гарадскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей, ён аказвае сацыяльную дапамогу тым, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Функцыянуе дом суправаджальнага пражывання, дзе людзі з інваліднасцю, у першую чаргу маладыя, атрымліваюць магчымасць самастойна навучыцца цалкам абслугоўваць сябе ў побыце. Спецыялісты дапамагаюць ім з сацыялізацыяй, працаўладкаваннем, арганізацыяй вольнага часу.

Дом начнога знаходжання для асоб без пэўнага месца жыхарства ўключаны ў сістэму сацыяльнага абслугоўвання з ліпеня гэтага года. Такі крок дае магчымасць нарміраваць і сістэматызаваць яго дзейнасць у частцы аказання сацыяльных паслуг, прымяніць мінімальныя стандарты.

– Як бы ні хацелася, але ў сярэднім каля 40 чалавек у суткі начуе ў гэтай установе. За год сацыялізацыю па розных кірунках праходзіць даволі многа людзей, – адзначыла Вольга Васілеўская. – Установа працуе на сацыялізацыю па двух асноўных вектарах: калі гэта працаздольны чалавек, то пытанні яго сацыялізацыі вырашаюцца праз працаўладкаванне, у прыватнасці пошук месца работы з магчымасцю пражываць у інтэрнаце. Калі чалавек з’яўляецца інвалідам ці пенсіянерам, то гэта далейшае жыццеўладкаванне таго, хто начуе, праз аднаўленне сямейных сувязяў. Калі не атрымліваецца, то змяшчаем у сацыяльны пансіянат.

Унясенне змен у заканадаўства аб сацыяльным абслугоўванні ў многім даўно наспела, а частка навацый мела пад сабой практычную аснову і ўжо прымянялася ў рабоце сацыяльных устаноў.

Змяненне назваў дамоў-інтэрнатаў – якраз адказ на запыт часу.

– Не павінна быць словазлучэнняў, якія палохаюць, асабліва ў сістэме сацыяльнай абароны, – лічыць Вольга Васілеўская. – Тым больш што імідж гэтых устаноў мяняўся цягам апошніх гадоў. Сёння там не толькі забяспечваецца догляд у рэжыме 24/7 – гэта шматпрофільная ўстанова, дзе аказваецца ўвесь спектр сацыяльных паслуг. І мы рады, калі людзі, якія жывуць у сацыяльных пансіянатах, рэабілітуюцца і аднаўляюцца.

У Мінску існуе практыка, калі адзінокія маладыя людзі, напрыклад, пасля перанесенага інсульту, трапляюць у сацыяльны пансіянат, за два гады ім дапамагаюць аднавіцца, пасля чаго яны пераязджаюць у дом суправаджальнага пражывання. Ёсць выпадкі, калі такіх людзей забіраюць дадому блізкія.

– Гэта і ёсць паказчык дзейнасці ўстаноў, дзе не толькі забяспечваецца догляд, але і рэабілітацыя, аднаўленне, магчымасць чалавека жыць у іншых умовах, – падкрэсліла суразмоўніца.

У сталіцы да перайменавання падышлі з усёй адказнасцю. Былі ўстановы, якія першапачаткова мелі свае назвы, напрыклад інтэрнатная ўстанова «Выток», дом-інтэрнат «Світанак». Для таго каб знайсці для астатніх устаноў найменні, якія б падкрэслівалі іх адметнасць, аб’яўляўся конкурс, падчас якога каля васьмі тысяч удзельнікаў прапанавалі свае варыянты. У выніку псіханеўралагічны інтэрнат для людзей сталага ўзросту і інвалідаў № 4 цяпер называецца «Мінскі гарадскі сацыяльны пансіянат «Малінаўка» – па тэрытарыяльнай прыкмеце. Аналагічная ўстанова пад нумарам тры мае назву «Мінскі гарадскі сацыяльны пансіянат «Ачаг». Апошні цесна ўзаемадзейнічае з праваслаўнай царквой, размяшчаецца недалёка ад Свята-Елісавецінскага манастыра, і такую назву палічылі найбольш прымальнай.

Лепш дома, чым у інтэрнаце

Яшчэ адна навацыя – укараненне сістэмы доўгачасовага догляду. Гэта комплекс мерапрыемстваў па суправаджэнні пажылога чалавека ці інваліда, які не можа абысціся без старонняй дапамогі. Догляд будзе ажыццяўляцца дома ва ўзаемадзеянні з сацыяльнай і медыцынскай службамі і, як мяркуецца, дазволіць максімальна падоўжыць знаходжанне людзей у звыклым спрыяльным асяроддзі. Патрэба ў доўгачасовым доглядзе будзе пацвярджацца ўрачэбна-кансультатыўнай камісіяй, а каардынатарам усёй дзейнасці выступіць тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы жыхарства.

У Мінску большая частка людзей, якія звяртаюцца па сацыяльныя паслугі тэрытарыяльных цэнтраў, мае патрэбу менавіта ў комплексным абслугоўванні дома. Сёння такіх атрымальнікаў сацпаслуг у сталіцы 4700.

– Попыт на сацыяльныя паслугі ў Мінску цягам многіх гадоў стабільны, у сярэднім за год тэмп росту складае 110 % да ўзроўню мінулага года. Першую групу інваліднасці мае 481 чалавек – гэта патэнцыяльныя атрымальнікі паслуг у сістэме доўгачасовага догляду. Пытанні будуць вырашацца з медыцынскім звяном, і сістэма, я ўпэўнена, запрацуе, – падкрэсліла Вольга Васілеўская, дадаўшы, што пры такім комплексным падыходзе да сацыяльных паслуг падключыцца медыцынскае суправаджэнне, што дазволіць задаволіць патрэбы людзей больш поўна.

Прапісана ў новым законе і дыстанцыйнае абслугоўванне. Цяпер аддалена можна атрымаць розныя паслугі: сацыяльна-рэабілітацыйныя, уключаючы заняткі ў гуртках, клубах, псіхалагічную дапамогу, – усё, што магчыма ажыццявіць з дапамогай сродкаў тэлекамунікацыі.

– Перажытыя часы ковіду паказалі, наколькі эфектыўнай можа быць такая сістэма. Пасля зняцця абмежаванняў людзі, асабліва пажылога ўзросту, імкнуцца пакантактаваць ужывую. Разам з тым наяўнасць у заканадаўстве такой паслугі дае магчымасць яе аказваць, і мы гатовы гэта рабіць па запыце атрымальнікаў, – расказала суразмоўніца.

Заканадаўчае замацаванне транспартнага абслугоўвання больш запатрабавана для рэгіёнаў і сельскай мясцовасці. У сталіцы стабільна функцыянуюць гарадскія пасажырскія перавозкі, транспарт адаптаваны для людзей з інваліднасцю, усе электробусы і большая частка аўтобусаў з’яўляюцца нізкападлогавымі, абнаўляецца парк трамваяў, якія хутка таксама стануць нізкападлогавымі. Аднак новаўвядзенне было прадыктавана, зыходзячы з практыкі прымянення ў тым ліку і ў сталіцы, дзе быў арганізаваны падвоз у аддзяленні дзённага знаходжання людзей з інваліднасцю, якія не могуць скарыстацца паслугамі гарадскога транспарту. Што характэрна, некаторыя з іх, пасля выязджаючы з суправаджальнікам, вучацца карыстацца гарадскім транспартам і з часам пераходзяць на самастойныя паездкі, нягледзячы на тое што маюць права на сацыяльны транспарт.

Бяспека на першым месцы

Засяродзіла ўвагу Вольга Васілеўская і на пытанні ліцэнзавання дзейнасці недзяржаўных устаноў сацыяльнага абслугоўвання.

– Гэтыя пытанні актуальныя, бо мы павінны дбаць пра бяспеку нашых грамадзян. Правілы аказання сацыяльных паслуг, іх стандарты, патрабаванні да якасці аказання сацыяльных паслуг павінны распаўсюджвацца на ўсіх пастаўшчыкоў. Гэта датычыцца і індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычных асоб. Падчас работы мы сутыкаліся і з нядобрасумленнымі пастаўшчыкамі паслуг: адзін здае дом, другі аказвае паслугі па месцы жыхарства... У дзяржаўных установах існуе стандарт па жылой плошчы на аднаго чалавека, гэта сем метраў на актыўнага пастаяльца, які перамяшчаецца самастойна, і шэсць метраў, калі чалавек абмежаваны ў перамяшчэнні. Наведваючы ўстановы недзяржаўнай формы ўласнасці, мы бачым, што да выканання стандартаў гэтым установам вельмі і вельмі далёка. Не хацелася б, каб у бізнесу ў аснову было пакладзена атрыманне прыбытку, а не якаснае аказанне сацыяльных паслуг. Гэта не значыць, што прыватным сацыяльным пансіянатам не даюць дарогу. Даюць, але ім варта прытрымлівацца дакладных і простых правіл: у частцы пажарнай бяспекі, санэпідрэжыму, якасці аказання сацыяльных паслуг, – падкрэсліла Вольга Васілеўская.

Ажыццяўляць выдачу ліцэнзій у сталіцы будзе Мінгарвыканкам, парадак ліцэнзавання дакладна выкладзены, пастаўшчыкі паслуг могуць падаць дакументы ў электронным фармаце.

Вольга Васілеўская паведаміла, што ў адпаведнасці са зменамі ў яшчэ адзін Закон – «Аб інвалідах і іх сацыяльнай інтэграцыі» – у хуткім часе ў Мінску адчыніць дзверы Цэнтр сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі дзяцей-інвалідаў і інвалідаў «Расток». Раней установа функцыянавала як аддзяленне аднаго з сацыяльных пансіянатаў, цяпер яна ператворана ў самастойную юрыдычную асобу і пачне ажыццяўляць дзейнасць, накіраваную на сацыялізацыю людзей з інваліднасцю, у першую чаргу тых, хто ўпершыню атрымаў групу.

– Важна пасля хваробы і медыцынскай рэабілітацыі адаптавацца да жыцця ў тых умовах, якія змяніліся з атрыманнем інваліднасці. Гэта мог быць няўдалы скачок у ваду ці ДТЗ, пасля чаго прыйшлося сесці ў інвалідную каляску, і да гэтага трэба адаптавацца, навучыцца спраўляцца з бытавымі пытаннямі. Важна вырашаць пытанні працоўнай занятасці людзей з інваліднасцю, у тым ліку ў частцы работы спецыялістаў па прафарыентацыі і падрыхтоўкі да далейшага перанавучання і працаўладкавання, – адзначыла суразмоўніца.

Яна нагадала, што ў Мінску ўжо некалькі гадоў дзейнічае кантакт-цэнтр дзяржаўных сацыяльных паслуг. Патэлефанаваўшы па адзіным нумары 139, можна даведацца ўсё пра іх падрабязней, пакінуць заяўку, расказаўшы пра сваю сітуацыю, і спецыялісты аператыўна перададуць яе выканаўцам. Акрамя таго, кантактаваць з пастаўшчыкамі дзяржаўных сацыяльных паслуг можна праз інтэрнэт-рэсурс.

Алена Кравец, « Звязда», 12 ліпеня 2024 г.