/ / Общественно-политические
22.03.2023

Аб вырашэнні праблемных пытанняў у сферы зямельных адносін

Трапяткое стаўленне да зямлі закладзена глыбока ў менталітэце людзей, у іх гістарычнай памяці, культуры, традыцыях продкаў, а справядлівыя базавыя правілы распараджэння зямлёй – фундамент стабільнасці ў грамадстве. Гэтыя словы Прэзідэнта працытавала Качанава, Старшыня Савета Рэспублікі, адкрываючы пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі «Аб сумеснай рабоце органаў мясцовага кіравання і самакіравання па вырашэнні праблемных пытанняў у галіне зямельна-маёмасных адносін і навядзенні парадку на зямлі» ў Стоўбцах, дзе парламентарыі азнаёміліся з вопытам вырашэння зямельных пытанняў у раёне: іх уводу ў севазварот, продажу маёмасці іншым карыстальнікам або зносу.

Земельные вопросы

Стоўбцы – узорны райцэнтр – агульная праца

Праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць, неабходна аператыўна вырашаць. І работа Савета па ўзаемадзеянні наладжана вельмі правільна, калі ты сам прыязджаеш і бачыш, як вырашаюцца пытанні, дзе ёсць недапрацоўкі, якія трэба выправіць, каб было камфортна людзям, а магчымасць аператыўна іх вырашыць ёсць, бо Савет Рэспублікі працуе над законапраектамі і займаецца нарматыўна-прававымі актамі, падкрэсліла Наталля Качанава і дадала:

– Будаўніцтва жылля, інфраструктура, добраўпарадкаванне выканана ў Стоўбцах выдатна. Калі мы разам выконваем пастаўленыя задачы – ёсць вынік. Нам неабходна больш глыбока і цесна працаваць з дэпутацкім корпусам усіх узроўняў. І члены Савета Рэспублікі на месцах павінны быць каардынатарамі работы ў цэлым, таму што гэта вялікая армія людзей, якія штодня маюць справы з нашымі грамадзянамі. А мясцовы дэпутат блізкі народу, ён жыве побач з людзьмі і разумее ды бачыць, якія ў іх праблемы.

Стоўбцы – гарадок, які ў Мінскай вобласці можна браць за ўзор таго, як павінен выглядаць райцэнтр. У прыватнасці, праект добраўпарадкавання гарадской экасістэмы Стоўбцаў можа прэтэндаваць на ўзор развіцця малых гарадоў краіны, а ўнікальныя архітэктурныя прыёмы, якія выкарыстаны падчас рэканструкцыі кінатэатра «Беларусь», як і комплексны падыход пры стварэнні спартыўнай інфраструктуры вобласці для рашэння задачы даступнасці дзіцячых дашкольных і навучальных устаноў, ужо сталі візітнай карткай Міншчыны, адзначыў работу мясцовых уладаў і Аляксандр Турчын, старшыня Мінскага аблвыканкама:

– Асабліва прыемна сустракаць гасцей сёлета, калі Міншчыне 85 гадоў, хоць як тэрытарыяльна-адміністрацыйная адзінка вобласць сфарміравана амаль 230 гадоў назад (у красавіку 1793-га Кацярына ІІ сваім указам заснавала Мінскую губерню ў складзе Расійскай імперыі). З тых часоў тэрыторыя вобласці зменшылася амаль удвая, аднак вынікаў, якія дэманструе сталічны рэгіён па шэрагу параметраў, не было ніколі. У прыватнасці, тут узводзіцца чвэрць усяго жылля, якое будуецца па ўсёй краіне.

Легалізаваць індывідуальную зямлю

Падзел зямельных участкаў, узаконьванне самавольных забудоў і іншыя праблемы, якія назапашваліся ў краіне гадамі, цяпер можна вырашаць на месцах, звяртаючыся да раённых улад, упэўненыя ўдзельнікі сустрэчы. З 1 верасня 2022-га ў сілу ўступіў Закон «Аб змяненні кодэксаў», які, у прыватнасці, замацаваў права землекарыстальнікаў набываць зямельныя надзелы, што знаходзяцца ў іх на 1 верасня 2022 года. А з 1 студзеня 2023-га запрацаваў абноўлены Кодэкс аб зямлі. Гэтыя дакументы ў многім вырашаюць праблемныя пытанні ў сферы зямельных адносін.

Дзяржкаммаёмасць завяршыў работу па рэалізацыі нормаў закона і кодэкса і прывядзенне ў адпаведнасць з імі іншых заканадаўчых актаў, адзначыў Дзмітрый Матусевіч, Старшыня Дзяржкамітэта па маёмасці:

– Самае важнае – пастанова Саўміна № 32, якой зацверджана 21 палажэнне па рабоце з асобнымі зямельнымі пытаннямі. Каб інфармаваць зацікаўленых асоб аб новаўвядзеннях, арганізаваны шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку анлайн. А на сайце Дзяржкаммаёмасці змешчана і пастаянна абнаўляецца інфармацыя аб прымяненні нормаў закона і Кодэкса аб зямлі. У даступнай для насельніцтва форме прыведзены алгарытмы дзеянняў усіх зацікаўленых у частцы вырашэння пэўнай сітуацыі. Інфармацыя даведзена і ў рэгіёны, аднак карыстацца ёй пачалі толькі нядаўна і з некаторай асцярогай.

Па даручэнні Дзяржкаммаёмасці мясцовыя выканкамы на геапартале зямельна-інфармацыйнай сістэмы змяшчаюць інфармацыю аб рэалізацыі нормаў Кодэкса аб зямлі. Нормы па легалізацыі зямельных надзелаў пачалі прымяняцца ва ўсіх выканкамах, акрамя Гродзенскага і горада Мінска.

Паводле інфармацыі на сакавік, у краіне зямельныя ўчасткі з прымяненнем паніжаючага каэфіцыента ў прыватную ўласнасць выкупілі 287 грамадзян, а ў мясцовыя бюджэты праз гэта паступіла 550 тысяч рублёў. Трое грамадзян узялі зямлю ў арэнду.

Зямельныя ўчасткі для калектыўнага садаводства па фактычным карыстанні без унясення змен у зацверджаны праект арганізацыі забудовы мясцовыя выканкамы прадаставілі 219 грамадзянам, большасць з якіх пенсіянеры (пакуль так працуюць толькі 39 выканкамаў, сярод якіх лідзіруюць Гродзенскі, Пінскі і Светлагорскі). Падзел зямельнага ўчастка зроблены ў Слуцкім раёне і Стоўбцах, падзяліўся Дзмітрый Матусевіч:

– Пакуль няма прыкладаў па змяненні мэтавага прызначэння зямельнага ўчастка да завяршэння будаўніцтва і па выдзяленні дадатковых участкаў. Трэба смялей карыстацца новым заканадаўствам, бо у людзей ёсць цікавасць, аднак на месцах (як сведчаць звароты грамадзян) не заўжды ёсць жаданне дасканала разбірацца з выпадкамі, і людзей прасцей накіраваць у сталіцу. Абноўлены кодэкс вымушае выканкамы браць на сябе калектыўную адказнасць у прыняцці адпаведных рашэнняў.

Будынак за адну базавую

Навесці парадак на зямлі немагчыма, пакуль не вызначаны лёс аб»ектаў невыкарыстоўваемай нерухомай маёмасці, лічаць спецыялісты. Каб скараціць іх колькасць, будынкі прадаюць з аукцыёнаў (многія – за адну базавую велічыню), зносяць, здаюць у арэнду.

З сённяшняга дня ўступае ў сілу Указ Прэзідэнта № 330 «Аб распараджэнні маёмасцю», які рэгламентуе адносіны па распараджэнні дзяржмаёмасцю і маёмасцю арганізацый з доляй дзяржавы.

– Навацыя ўказа – стварэнне адзіных умоў адчужэння невыкарыстоўваемых аб'ектаў такой маёмасці без рэгістрацыі на падставе старога пашпарта або ведамасці тэхнічных характарыстык. А калі такіх дакументаў няма, трэба зрабіць новы вельмі спрошчаны пашпарт невыкарыстоўваемага аб'екта (фактычна толькі яго фізічныя параметры), каб пусціць будынак у гаспадарчы абарот, – акрэсліў старшыня Дзяржкаммаёмасці. – Замацавана таксама права гаспадарчых таварыстваў самастойна вызначаць пачатковую цану продажу ці паніжаць яе на таргах да адной базавай велічыні. Пашыраны ўказам і паўнамоцтвы мясцовых Саветаў дэпутатаў – яны змогуць вызначаць абавязковыя ўмовы продажу невыкарыстоўваемай камунальнай маёмасці, спосабы забеспячэння іх выканання, выпадкі продажу без таргоў і яе перадачы ў бязвыплатнае карыстанне, а таксама ўмовы і парадак давання растэрміноўкі па аплаце кошту адчужальнай маёмасці. Акрамя таго, можна вызваляць пакупнікоў (поўнасцю або часткова) ад штрафу за невыкананне абавязковых умоў продажу камунальнай нерухомасці, змяняць умовы і тэрміны іх выканання зыходзячы з сітуацыі.

Набыць дом анлайн

У Беларусі сёння каля пяці тысяч пустых дамоў. Летась каля трох тысяч такіх будынкаў разбурана, 581 – прададзены, а ў гаспадарчы абарот уцягнута 3,8 тысячы гектараў зямлі. Яшчэ 7662 будынкі сёлета таксама трапяць у рэестр пустых (на базе адзінага рэестра маёмасці з 1 студзеня запрацаваў зводны рэестр пустых дамоў), па іх вядзецца работа, удакладніў Дзмітрый Матусевіч:

– Больш як дзве тысячы будынкаў будзе знесена, а ў абарот уцягнуць 2907 пустых дамоў, у выніку чаго вызваліцца 436 гектараў зямлі. Доступ да ўнясення даных у рэестр пустых дамоў маюць 462 мясцовыя выканкамы, усе астатнія могуць проста карыстацца ім. З 20 лютага на публічнай кадастравай карце зроблена візуалізацыя аб'ектаў гэтага рэестра. А з 1 студзеня 2024-га з'явяцца і звесткі аб зямельных участках, якія ўключаны ў пералік незанятых, і ўчасткі для рэалізацыі інвестпраектаў.

Для навядзення парадку на зямлі старшыня Дзяржкаммаёмасці прапанаваў на працягу 2024–2025 гадоў рэалізаваць у Пружанскім і Лунінецкім раёнах Брэсцкай вобласці пілотны праект падрыхтоўкі Брэсцкім агенцтвам па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва. Гэта дапаможа скараціць колькасць адміністрацыйных працэдур праз аказанне мясцовым заказчыкам і насельніцтву комплекснай паслугі па прынцыпе «аднаго акна»: ад землеўпарадкавальных работ да страхавання.

– Неабходна вучыць старшынь райвыканкамаў разумець заканадаўчыя пытанні, якія дзейнічаюць у краіне, каб яны маглі перадаць веды сваім людзям, каб ужо тыя маглі прафесійна вырашаць зямельныя пытанні на месцах, а не ў Мінску, – перакананая Наталля Качанава. Яна падкрэсліла, што насельніцтва неабходна інфармаваць пра існаванне рэестра пустых дамоў. – Няхай людзі купяць кавалак зямлі, можа, нават і дом не будуюць, але ж пасадзяць сад, паставяць шэзлонг, прывязуць унукаў.

Аляксандр Турчын прапанаваў удасканаліць рэестр, каб можна было не толькі паглядзець аб'ект анлайн, але і купіць яго гэтак жа, перайшоўшы па адпаведнай спасылцы (калі гэта прамы продаж). А калі дом прадаецца з аўкцыёну – зарэгістравацца на ўдзел у ім праз інтэрнэт. «Фактычна гэта павінна стаць інтэрнэт-крамай пустога жылля, і тое тэарытычна магчыма», – пагадзіўся Дзмітрый Матусевіч.

Калі ўласнік за мяжой...

Раённыя Саветы дэпутатаў у Гродзенскай вобласці ладзяць для старшынь сельвыканкамаў работу па рэалізацыі Указа № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі» з удзелам прадстаўнікоў суда, філіялаў Гродзенскага агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры. Вынікам работы стала павелічэнне ў 2022 годзе продажу пустых дамоў на 90, падзяліўся вопытам работы мясцовай улады па адчужэнні жылля Андрэй Жук, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама:

– На пачатак гэтага года было 614 пустых дамоў. У дачыненні да 750 дамоў вядзецца работа па іх уключэнні ў рэестр. Большасць пустых дамоў прыходзіцца разбураць – летась знесены 323 будынкі. Стан іх, зразумела, дрэнны. Нават набываючы дом з аукцыёну за адну базавую велічыню, пакупнік сутыкаецца з тым, што рэгістрацыя права ўласнасці і афармленне адпаведных дакументаў абыходзяцца ў разы даражэй, таму з аукцыёну, як правіла, набываюць дамы, якія знаходзяцца ў раёнах, набліжаных да абласнога цэнтра.

Праблема ў рэалізацыі Указа № 116 звязана з немагчымасцю адшукаць спадчынніка дома. У многіх будынках зарэгістраваны па месцы жыхарства грамадзяне, якія пастаянна пражываюць за межамі Беларусі. Мясцовым органам улады да прыняцця рашэння аб прызнанні дома пустым прыходзіцца прымаць меры па прызнанні ў судовым парадку гэтых грамадзян асобамі, якія страцілі права валодання і карыстання жылым домам і зняцці іх з рэгістрацыйнага ўліку па месцы жыхарства. Аднак на практыцы суд адмаўляе ў такім рашэнні, адпаведна, далейшая рэалізацыя мерапрыемстваў указа адносна такіх дамоў становіцца немагчымай. Выклікае пытанні і атрыманне інфармацыі аб грамадзянах, якія памерлі за мяжой. Таму гэтыя акалічнасці варта было б спрасціць, лічыць Андрэй Жук.

Калі спадчыннік не хоча рэгістравацца...

Праблемы ўзнікаюць і пры ўцягванні зямлі пасля зносу пустога дома ў гаспадарчы абарот. Калі будынак быў на ўскрайку пасёлка, то сельгасаргаізацыі неяк зацікаўленыя ў атрыманні гэтай зямлі. А вось калі ў цэнтры, дзе паабапал дамы эксплуатуюцца, то ўцягнуць участак у абарот вельмі праблематычна, абазначыў яшчэ адну праблему Андрэй Жук:

– Акрамя таго, адсутнічае адказнасць пакупніка пустога дома за своечасовую дзяржрэгістрацыю нерухомасці. Новы праваўладальнік можа гадамі не рэгістраваць права ўласнасці, і гэта праблема ўсяго жыллёвага фонду, а не толькі пустых дамоў.

У новую рэдакцыю закона па дзяржрэгістрацыі ўжо закладзена ўмова аб абавязковай дзяржрэгістрацыі любога аб'екта на працягу паўгода, пракаментаваў Дзмітрый Матусевіч. А Наталля Качанава выказала прапанову не распрацоўваць праектна-каштарысную дакументацыю на знос дамоў, бо гэта ж капітальныя затраты. А яшчэ зрабіць абавязковай умову падтрымліваць эстэтычны вонкавы выгляд будынкаў.

Летась складзены 183 акты агляду дамоў з прыкметамі пустых. З іх пасля апавяшчэння ўласнікаў будынкаў 22 чалавекі паведамілі аб намерах выкарыстоўваць дом для пражывання. Працэдура адчужэння па такім доме прыпыняецца на год, аднак найчасцей меры па навядзенні парадку так і не прымаюцца, расказала Святлана Чэкун, старшыня Клецкага раённага Савета дэпутатаў, якая прапануе ўвесці спрошчаную працэдуру і падаваць у суд на ўласнікаў, якія на працягу года пасля падачы паведамлення не прынялі меры па добраўпарадкаванні ўчастка:

– 50 чалавек пісьмова адмовіліся ад догляду ўчасткаў, і па іх, згодна з Указам № 116, прынята рашэнне аб зносе без звароту ў суд падаваць іскавую заяву. Дапамагаюць у гэтым арганізацыі раёна і нават мясцовыя жыхары, якія могуць ссячы расліннасць на ўчастку і разабраць дом, а драўніну забраць сабе на дровы. Гэта дапамагае ў тым ліку і эканоміць бюджэтныя сродкі на знос.

Старшыня Тэлеханскага сельсавета (Івацэвіцкі раён) Аксана Мялік расказала, што спадчыннікаў дамоў запрашаюць на пасяджэнні камісій па добраўпарадкаванні:

– Пасля таго некаторыя самі за свой кошт пагаджаюцца знесці дамы, а ўчасткі – перадаць сельсавету. Зямельныя надзелы, якія прымыкаюць да суседскіх, часам перадаюцца пад агародніцтва суседзям.

Наталля Качанава падкрэсліла важнасць такіх сустрэч з органамі мясцовага самакіравання ў розных кутках краіны, паколькі падчас іх можна не толькі азнаёміцца з вопытам работы ўлады з людзьмі, але і пачуць праблемы, якія існуюць у рэгіёнах, і знайсці магчымасць вырашыць іх, у тым ліку праз змяненне заканадаўства.

Ірына Сідарок, « Звязда», 22 сакавіка 2023 г.