Ці стане садаводчае таварыства населеным пунктам?
Сёлета ў маі Прэзідэнт падпісаў Указ № 155 «О садоводческих товариществах». Прававы акт літаральна на днях уступіў у сілу. Нагадаем, што ствараўся ён з мэтай выпраўлення прабелаў і супярэчнасцяў у заканадаўстве, зыходзячы з практыкі саміх членаў садаводчых таварыстваў. Указ дазваляе ім пераводзіць свае «садовыя» домікі ў індывідуальныя жылыя. А само таварыства, калі яго ўдзельнікі аднагалосна прымуць такое рашэнне, змогуць або далучыцца да існуючага населенага пункта, або стварыць уласны. Карэспандэнт «МС» высвятляла, як указ прымяняецца на практыцы, у «прыгарадным» раёне.
Чаму «Усход» яшчэ не стаў пасёлкам?
У Магілёўскім раёне 172 садаводчыя таварыствы, ёсць такія, якія налічваюць больш за тысячу жыхароў. Начальнік упраўлення эканомікі Магілёўскага райвыканкама Андрэй Шараў сведчыць, што яшчэ ў адпаведнасці з папярэднім Указам № 50 райвыканкам штогод праводзіў тлумачальную работу з гэтымі ўтварэннямі. На пашыраную нараду запрашаліся прадстаўнікі РАУС, МНС, санітарнай службы, зямельнай, падатковай і іншых, дзе агучваліся пытанні, звязаныя з садаводчымі таварыствамі. Сёлета такую нараду правялі нават двойчы – да прыняцця ўказа і пасля. Удзельнікі таварыстваў з інфармацыяй азнаёмленыя. З аднаго боку, для людзей з’явіліся новыя перспектывы, з іншага – існуе шэраг праблем, якія, на жаль, вырашаюцца не так хутка, як таго б хацелася.
З 2021 года садаводчае таварыства «Усход-2008 (Малая Бароўка)» удзельнічае ў пілотным праекце. Жыхары вырашылі стаць самастойным населеным пунктам з назвай Усход. Але, нягледзячы на тое, што ў іх ёсць усе гарадскія перавагі – і газ, і вада (бо гэта непадалёк ад Магілёва), з дваццаці пунктаў плана па пераходзе таварыства ў населены пункт за два гады атрымалася выканаць толькі два – правесці сход і ўзгадніць найменне. Працэс запаволіўся на электрычнасці. Трэба рабіць рэканструкцыю электрасетак, каб перадаць іх на абслугоўванне РЭС, а гэта не такая простая справа. Энергетыкі ўводзяць у курс, што трэба зрабіць, каб атрымаць асобны рахунак, але ёсць шмат прычын, чаму гэта нельга зрабіць хутка.
– Некаторыя слупы знаходзяцца на надзелах членаў таварыства, а павінны быць за тэрыторыяй зямельных участкаў, каб да іх быў доступ, – удакладняе Андрэй Шараў. – Калі вынесці слуп за агароджу, дарога стане больш вузкай, калі пакінуць на месцы, прыйдзецца абрэзаць кавалак зямлі, на што людзі таксама не пагаджаюцца. Да таго ж для людзей гэта адчувальныя грашовыя выдаткі. Яшчэ большыя праблемы ў садаводчых таварыстваў, якія знаходзяцца ў лясах. Ім таксама трэба будзе прафінансаваць вынас слупоў. З іншага боку, калі яны ўсё ж такі ўрэгулююць свае пытанні са слупамі і перададуць іх на баланс РЭС, будуць плаціць выключна за сябе, а не ў сярэднім, як цяпер, па таварыстве.
На другім месцы па складанасці «дарожныя» нормы – патрабаванні да шырыні праездаў, пажарныя разрывы. Без выканання іх таксама нельга арганізаваць свой населены пункт або далучыцца да ўжо існуючага. Пераход з адной формы існавання ў другую ўскладняе тое, што на тэрыторыі садаводчых таварыстваў не рэдкасць тупіковыя вуліцы, вузкія праезды. Нават тэарэтычна цяжка ўявіць, як туды можа заехаць тэхніка, ды яшчэ развярнуцца. Ёсць неадпаведнасці і па архітэктурных нормах.
– Садаводчыя таварыствы ствараліся як часовае жыллё, таму ім вельмі цяжка выканаць неабходныя патрабаванні, – канстатуе суразмоўнік. – Ёсць дыхтоўныя дамы, але хапае і такіх, якія нагадваюць вагончыкі. Апошнія будзе вельмі затратна падвесці пад жыллёвыя «стандарты». З іншага боку, большасць «садаводаў» зацікаўлена, каб іх таварыства былі населенымі пунктамі. Яны зэканомяць на добраўпарадкаванні, падтрыманні ў рабочым стане інфраструктуры. Цяпер яны гэта робяць выключна за кошт уласных узносаў.
Але не ўсе жадаюць, каб іх «дачныя» метры сталі жылымі. Калі чалавек стаіць на паляпшэнне жыллёвых умоў, гэта значыць ён павінен пагадзіцца з тым, што патрэба ў квадратных метрах у яго знізіцца. Бо так адбудзецца, калі дачны дом стане жылым. Па-другое, у жылым доме прыйдзецца зарэгістравацца. Інакш давядзецца плаціць за камунальныя паслугі ў поўным аб’ёме. Менавіта таму ў прававым акце і пазначана, што рашэнне стаць самастойнымі павінна прымацца ўсімі членамі садаводчых таварыстваў аднагалосна. Каб не ўшчамляць правы і інтарэсы кагосьці з іх.
Ці чакаюць новых жыхароў у сельсаветах?
Старшыня Кадзінскага сельсавета Ганна Новікава кажа, што садаводчыя таварыства – а іх на тэрыторыі сельсавета 18 – пакуль існуюць аўтаномна. І зрухаў у бок змянення іх статусу ад «садаводаў» не назіраецца.
– Сёння мы не звязаныя з імі наогул, – удакладняе Ганна Новікава. – Гэта самастойныя юрыдычныя асобы. У іх свой старшыня, свой статут. Яны знаходзяцца на тэрыторыі нашага сельсавета, але нам не падпарадкоўваюцца. Яны тэарэтычна могуць стаць населеным пунктам, але ім трэба будзе цалкам перабудавацца. Гэта датычыцца і пераходу на абслугоўванне РЭС, і нарматываў па дарогах. У нас наогул няма такіх садаводчых таварыстваў, якія б адпавядалі статусу населеных пунктаў па дарогах. Калі «садаводы» ўсё ж такі выканаюць неабходныя патрабаванні, іх хутчэй за ўсё далучаць да існуючых населеных пунктаў. Напрыклад, ёсць у нас вёска Падбелле, непадалёк ад якой знаходзіцца некалькі садаводчых таварыстваў. Для сельсавета гэта будзе, вядома, дадатковая нагрузка. У кожным садаводчым таварыстве ад 30 да 300 чалавек, і ўсіх іх прыйдзецца зарэгістраваць па новым месцы жыхарства. Павялічыцца нагрузка на спецыяліста, стане болей адміністратыўных працэдур. Гэта і выдача даведак аб складзе сям’і, і перадача дадзеных аб зямельных участках у падатковую інспекцыю, каб налічваўся падатак на маёмасць. Перавод дамоў у жылыя пацягне за сабой змены ў прызначэнні зямельных участкаў. Трэба будзе вырашаць пытанні па пакосе травы летам, расчыстцы дарог зімой. Аб’ём работы вялікі.
«Мы за населены пункт...»
Старшыня праўлення самага буйнога садаводчага таварыства «Хімік (Сідаравічы)», што за 20 кіламетраў ад Магілёва, Сцяпан Галоднікаў марыць, як і большасць тутэйшых жыхароў, каб яны сталі часткай бліжэйшага да іх аграгарадка Сідаравічы. У «Хіміку» з улікам яшчэ аднаго таварыства, якое суіснуе з ім, – «Трыкатажнік-2009» – жыве 1300 чалавек. Указ № 155 дае магчымасць таварыству далучыцца да населенага пункта, але ёсць некалькі праблемных момантаў, якія робяць мару нерэальнай.
Па-першае, гэта ўсё тыя ж унутраныя электрасеткі, якія трэба перадаць на абслугоўванне РЭС.
– Наша таварыства ўтварылася ад «Магілёўхімвалакно» 40 гадоў таму, – расказвае Сцяпан Галоднікаў. – Адпаведна і лініі электраперадач старыя. А гэта значыць, што правады рвуцца і адбываюцца вялікія страты электраэнергіі. Выдаткі на іх складаюць да 40 % нашых узносаў. На нашай тэрыторыі 800 светлавых апор, і каб перадаць іх на абслугоўванне энергетыкам, трэба заплаціць не меней за 800 тысяч – па тысячы–паўтары за кожную апору. Але не кожнаму з нашых жыхароў гэта сума па кішэні. Членскія ўзносы і без гэтага складаюць каля 77 рублёў у месяц. Мы замянілі правады на пяці вуліцах, але іх у нас болей за 40.
Суразмоўнік кажа, што, калі б была магчымасць перадаць унутраныя электрычныя сеткі на баланс энергетыкаў так жа, як і высакавольтныя, – бясплатна, праблема б вырашалася хутка.
Яшчэ адзін краевугольны камень у памкненнях таварыства далучыцца да аграгарадка – неабходнасць згоды на гэта ўсіх без выключэння жыхароў. Так прапісана Указам. Калі б была магчымасць прыняць рашэнне большасцю галасоў, праблем не было б. На думку суразмоўніка, вельмі было б добра, калі такая папраўка з’явілася б у прававых актах.
Сцяпан Галоднікаў лічыць, што статус населенага пункта дазволіў бы бязбольна вырашаць шэраг праблем, якія існуюць у таварыстве на сённяшні дзень. Адзін з іх датычыцца меліярацыі.
– У нас балоцістая мясцовасць, – кажа суразмоўнік. – Пачынаючы з восені, зямельныя ўчасткі, а дзесьці і дамы тонуць у вадзе. Мы звярталіся ў райвыканкам, каб правялі меліярацыю, але нам тлумачаць, што мы не ўваходзім у дзяржпраграму. Калі б мы мелі статус населенага пункта, была б іншая размова.
Акрамя гэтага ёсць і іншыя пытанні. «Мы дабіліся, каб да нас па суботах і нядзелях прыязджаў рэйсавы аўтобус, і гэта вялікі плюс, – кажа Сцяпан Галоднікаў. – Нас папярэдзілі, што калі пасажырапаток будзе невялікі, то маршрут у студзені закрыюць. Але мы, наадварот, хацелі б, каб ён заязджаў да нас яшчэ і ў сераду. Яго паслугамі карыстаецца каля 40 чалавек. Калі б мы былі населеным пунктам, не прыйшлося б даказваць, што аўтобус нам проста неабходны».
На тэрыторыі таварыства пастаянна пражывае каля 50 чалавек. Шмат хто праводзіць тут свой водпуск, рэгулярна наведваецца. Апошнім часам тут стала болей моладзі і яны аддаюць перавагу менавіта вясковаму ладу жыцця. Тут прыгожа, вакол растуць сосны.
– Мае бацькі пабудавалі дом яшчэ 40 гадоў таму і я, лічы, тут вырас – прызнаецца старшыня праўлення. – Я вельмі перажываю за будучае нашага «Хіміка», і не толькі я адзін. Мы і працуем з аднадумцамі тут больш за ідэю. Такіх дружных жыхароў яшчэ трэба пашукаць. Але, каб Указ працаваў, павінны быць дапаўненні да яго. Гэта, як я ўжо казаў, датычыцца ўмоў перадачы ўнутраных электрасетак РЭС і згоды жыхароў на змяненне статуса. Няхай будзе хаця б 55 % насельніцтва, бо 100 % згодных – гэта не рэальна.
Нэлі Зігуля, « Звязда», 6 снежня 2023 г.