/ / Общественно-политические
10.08.2023

Валерый Бельскі: Махавік нашай эканомікі будзе раскручвацца і далей больш высокімі тэмпамі

«Працаваў слесарам брыгады па працаёмкіх працэсах у жывёлагадоўлі, служыў у Савецкай Арміі, быў галоўным эканамістам саўгаса...» Менавіта так пачынаў свой шлях наш сённяшні суразмоўца — Валерый Бельскі — намеснік Старшыні Савета Рэспублікі.

Мы пагутарылі з Валерыем Іванавічам пра эканоміку нашай краіны, пра жыццё ў эпоху санкцый і пра барацьбу з імі, аб дружалюбных адносінах з аднымі краінамі і не зусім сумленнай палітыцы іншых. І пра што б мы ні гутарылі, тэма заўсёды плаўна перацякала ў эканамічную плоскасць. І гэта нядзіўна, бо Валерый Бельскі – доктар эканамічных навук, прафесар, да гэтага працаваў памочнікам Прэзідэнта па пытаннях развіцця фінансава-крэдытнай сістэмы, а яшчэ раней – намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Валерый Бельскі:_Махавік нашай эканомікі будзе раскручвацца і далей больш высокімі тэмпамі

Маё гадзіннае інтэрв'ю з ім праляцела як адно імгненне. Думаю, чытачам таксама будзе цікава.

– Паважаны Валерый Іванавіч, на сесіі Савета Рэспублікі разглядаюцца многія пытанні, якія непасрэдна выводзяць да вызначэння эканамічнай стратэгіі развіцця Беларусі. Што цяпер у прыярытэце ў сенатараў пры разглядзе заканатворчых пытанняў, звязаных з эканомікай?

– Абсалютны прыярытэт – прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з Канстытуцыяй. Калі мы гаворым пра эканоміку, то сенатары ўцягнутыя ў актыўную работу па падрыхтоўцы заканадаўчых актаў у эканамічнай сферы. У прыватнасці, у Савеце Рэспублікі працуе экспертны савет пад кіраўніцтвам Наталлі Іванаўны Качанавай, што разглядае пераважна эканамічныя ініцыятывы, дае рэкамендацыі па павышэнні іх аб'ектыўнасці і эфектыўнасці. Гэта шмат у чым прадвызначае якасць заканадаўчага працэсу.

У ліку апошніх дакументаў, якія адобрыў Савет Рэспублікі ў эканамічнай сферы, сталі змяненні ў Банкаўскі кодэкс. Амаль тры гады працягвалася распрацоўка такога дакумента, было мноства спрэчак, адстойваліся розныя пазіцыі. Гэта вельмі важна, таму што кожны з нас так ці інакш узаемадзейнічае з банкаўскімі структурамі, іншымі фінансавымі інстытутамі. Рэзананснай нормай стала ўрэгуляванне парадку прымянення санкцый да атрымальніка крэдыту. Па сутнасці адбылося абмежаванне штрафаў банкаў па крэдытах, што папярэдзіць злоўжыванні.

Удакладнена заканадаўства ў сферы архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці, у тым ліку з мэтай знізіць узровень бюракратычных працэдур пры ажыццяўленні будаўніцтва аб'ектаў. Павышана адказнасць усіх удзельнікаў дадзенага працэсу, уключаючы праекціроўшчыкаў і наглядныя структуры.

Пастаянна ўдасканальваецца працоўнае заканадаўства. Сёння ў нас ёсць магчымасць ажыццяўлення працоўнай дзейнасці ў дыстанцыйнай форме. Прынятыя нормы, якія дазваляюць работніку заключаць працоўны дагавор без асабістага ўдзелу. Гэта дасць магчымасць прымяняць сучасныя, адаптыўныя падыходы, лягчэй будзе знайсці работу і выконваць яе без з'яўлення ў офісе. Дадзены падыход павысіць канкурэнтаздольнасць ІТ-кампаній, а таксама ён з'яўляецца камфортным для сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей, і асоб з інваліднасцю.

Быў прыняты Закон «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці». У адпаведнасці з патрабаваннямі Прэзідэнта нашай краіны, удакладнены механізмы захавання тых прадпрыемстваў, якія часова апынуліся ў цяжкай фінансавай сітуацыі, на мяжы банкруцтва. Прынятыя рашэнні дазваляюць падтрымаць працоўныя калектывы. Павышаецца роля мясцовых выканаўчых органаў у згаданым працэсе.

– Кіраўнік дзяржавы нядаўна адзначыў, што «эканоміка – гэта аснова. Будзе эканоміка – усё астатняе мы вырашым». Ці можна сказаць, што ў першым паўгоддзі айчынная эканоміка паказала ўстойлівы рост? Якія галіны ўжо паспяхова спраўляюцца з санкцыйным ціскам, а дзе трэба будзе яшчэ старанна папрацаваць?

– Так, безумоўна, мы ведаем, што за паўгоддзе наша эканоміка прырасла на 2 %. Пакуль мы можам казаць аб аднаўленчым росце, таму што мінулы год завяршыўся падзеннем вытворчасці дабаўленай вартасці. Скарачэнне адбылося праз санкцыйны ціск на нашу краіну і на гандлёвых партнёраў. Трэба было пэўны час адаптавацца да сітуацыі.

Адзначу, што адаптацыя прайшла досыць хутка і эфектыўна. І рост, які назіраецца, – толькі пачатак. Махавік эканомікі будзе раскручвацца і далей больш высокімі тэмпамі. Ёсць усе падставы для таго, каб большасць планаў, якія намечаны на бягучы год, была выканана. Залогам гэтаму павінен стаць рост экспарту.

Мы – краіна з адкрытай эканомікай, таму нам для нармальнага існавання і развіцця трэба актыўна гандляваць на знешніх рынках.

Як вы ведаеце, асноўны санкцыйны ўдар прыйшоўся па нашых знешнегандлёвых пазіцыях, але цяпер экспарт б'е рэкорды. Урад працуе ў антыкрызісным рэжыме, ва ўзаемадзеянні з урадам Расійскай Федэрацыі. Кіраўнікамі нашых дзяржаў пастаўлена задача па фарміраванні агульнага эканамічнага плана. На маю думку, гэта вельмі своечасовае рашэнне. Ва ўмовах мабілізацыйнага характару функцыянавання эканомікі без такога рашэння немагчыма эфектыўна рухацца далей.

Чаму кіраўнік дзяржавы робіць акцэнт на тым? Таму што і нашы сацыяльныя дасягненні, і дабрабыт у цэлым, і ваеннае будаўніцтва, рэалізацыя інфраструктурных праектаў сацыяльнага характару забяспечваюцца рэсурсамі, якія прадуцыруе эканамічная сфера.

Пенсіённае забеспячэнне як яскравы прыклад: не будуць паступаць узносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва – не будзе пенсій, перастануць выконвацца амбіцыйныя планы ў сферы аховы здароўя. І ўсё астатняе.

– На шматгаліновай выставе, прысвечанай навуковым, прамысловым і іншым дасягненням, прымеркаванай да Х Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі, які праходзіў ва Уфе, каля стэндаў з беларускімі таварамі былі літаральна натоўпы людзей. Чаму шыльда «Зроблена ў Беларусі» мае высокую спажывецкую вагу на прасторах суседняй дзяржавы?

– Сам юбілейны Форум рэгіёнаў, які праходзіў ва Уфе, аказаўся вельмі прадукцыйным і эфектыўным з пункту гледжання камерцыйных кантрактаў і наладжвання дзелавых сувязяў. Карыстаючыся выпадкам, я хацеў бы выказаць словы падзякі кіраўнікам абласцей і Мінскага гарвыканкама, якія ўзялі асабісты ўдзел у мерапрыемстве, кіраўніцтву Савета Федэрацыі Расіі і Рэспублікі Башкартастан, якія забяспечылі поспех мерапрыемства.

Адным з праектаў форуму была шматгаліновая выстава. У ёй актыўна ўдзельнічалі нашы айчынныя прадпрыемствы, якія прадставілі сваю прадукцыю. У тым ліку былі арганізаваны народныя падворкі, якія, з аднаго боку, дэманстравалі нашы дасягненні, а з другога – прадстаўлялі самабытную культуру Беларусі.

У выставе ўжо традыцыйна ўзяло ўдзел каля 60 суб'ектаў гаспадарання нашай краіны. Гэта прадпрыемствы Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта, арганізацыі харчовай і лёгкай прамысловасці, машынабудаўнічага комплексу. Асабліва ўпадабалі мясцовыя жыхары і госці Уфы вырабы лёгкай прамысловасці. Усяго ў рабоце форуму было задзейнічана амаль пяць тысяч чалавек.

Дык чым жа беларуская прадукцыя вылучаецца сярод іншых вытворцаў? У першую чаргу гэта аптымальныя суадносіны цаны і якасці. Якасць – перш за ўсё. Другое – маркетынгавая палітыка. Яна ў нас сумленная. Напэўна, кожны спажывец, нават на бытавым узроўні, ведае, што набыць тавар у некаторых вытворцаў (з гучнымі імёнамі), той жа аўтамабіль, можна за параўнальна невялікія грошы, а вось абслугоўваць яго абыдзецца ўжо ўтрая даражэй.

Нашы ж прадпрыемствы ўжываюць збалансаваную палітыку продажаў, што вельмі падабаецца спажыўцам. У беларускіх машын за каробку перадач пры рамонце не давядзецца выкладваць з кішэні траціну той сумы, якую ўладальнік заплаціў за ўвесь аўтамабіль.

– Адзін з ключавых стэндаў беларускай экспазіцыі на выставе быў прысвечаны Міністэрству прамысловасці, дзе прадстаўлены перадавыя прадпрыемствы Беларусі. Якія сучасныя мадэлі айчыннай тэхнікі карыстаюцца заслужанай павагай расійскіх спажыўцоў?

– Гэта бытавая тэхніка, аўтобусы, велікагрузы і многае іншае.

Наш сталічны трактарны завод ведаюць усе спецыялісты. У некаторых рэгіёнах Расіі да 70 % трактарнага парку складаюць менавіта нашы машыны. А цяпер, пасля таго як многія «наеліся» заходніх рашэнняў па рамонце (дакладней – па нерамонце. – С. К.) імпартнай тэхнікі, з улікам хітрага маркетынгу, санкцый, цікавасць да беларускай тэхнікі ўзрасла ў разы.

Мы павінны па максімуме выкарыстаць момант для ўзмацнення сваіх пазіцый на рынку. Нам трэба працягваць наладжваць яшчэ больш цесныя кантакты з пакупнікамі, абапіраючыся на тэхнічныя вартасці, забяспечваючы фінансавы сэрвіс, якаснае і аператыўнае тэхнічнае абслугоўванне.

Прыемна парадавалі водгукі аб беларускіх камбайнах, і не толькі ў Расіі. Я асабіста пабываў у Казахстане, дзе мы наведвалі аграрны ўніверсітэт у Алма-Аце. Водгукі аб нашых камбайнах былі проста цудоўныя, аж да таго, што для Казахстана няма камбайна лепшага за беларускі, зыходзячы з рамонтапрыдатнасці, кошту, якасці абмалоту збожжа і, што не малаважна, хуткасці навучання асоб, якія яго эксплуатуюць і абслугоўваюць.

– Цяпер мы пераарыентавалі нашу эканоміку на рынкі дружалюбных краін. Самая блізкая для нас – Расія. Ужо цяпер вядома, што нашы краіны па выніках года пакажуць рост. Узаемны гадавы тавараабарот складае 43,7 мільярда долараў, а з улікам аказання паслуг – амаль 45 мільярдаў долараў. Дзе, на ваш погляд, тут рэзервы росту?

– Наша супрацоўніцтва ва ўмовах санкцыйнага ціску развіваецца на аснове ўзаемнага інтарэсу. Аспекты, на якія звяртаюць увагу нашы прадпрыемствы, знаходзяцца не толькі ў гандлёва-эканамічнай плоскасці. Суперважная сёння рэалізацыя кааперацыйных праектаў, і ўрады Беларусі і Расіі разумеюць тое. З улікам кампетэнцый на тэрыторыі нашых краін ствараюцца ўзаемадапаўняльныя вытворчасці, якія функцыянуюць як адзіны вытворчы комплекс. А гэта паглыбляе гандаль і робіць яго прадказальным і надзейным.

Таму першы рэзерв нашага эканамічнага супрацоўніцтва – кааперацыя. І тут не толькі вядомыя праекты, якія знаходзяцца ў полі зроку, але і іншыя, у сферы супрацоўніцтва малых і сярэдніх прадпрыемстваў.

Другое пытанне рэзерваў росту ляжыць у даванні роўнага доступу да магчымасцяў узаемнага карыстання інструментамі падтрымкі, якія прымяняюцца сёння на тэрыторыях нашых краін. Гэта значыць, беларускія прадпрыемствы, што працуюць у інтарэсах Расіі, павінны атрымаць магчымасць выкарыстання сістэмы падтрымкі дзейнасці ў Расійскай Федэрацыі, а расійскія суб'екты гаспадарання павінны мець магчымасць карыстацца такімі механізмамі ў Рэспубліцы Беларусь. Згаданыя пытанні да канца пакуль не ўрэгуляваны, але дыялог на такую тэму працягваецца.

– Вы мелі рацыю, калі казалі, што дружалюбныя адносіны ўключаюць эканамічны складнік. З якімі яшчэ дзяржавамі ў нас выбудаваліся сапраўды моцныя і ўзаемавыгадныя адносіны?

– Наш традыцыйны стратэгічны партнёр, таварыш і сябар – Кітайская Народная Рэспубліка. Кітай аказвае нам вялікую дапамогу і ў эканоміцы, і ў развіцці сацыяльнай сферы. Аказвае ён у тым ліку і тэхнічную дапамогу. За кітайскія сродкі будуюцца два буйныя аб'екты – стадыён і басейн. Гэтыя будынкі знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці.

Калі казаць пра лічбы, то экспарт Беларусі ў Кітай за паўгода ўжо склаў тую ж велічыню, якая была летась за 12 месяцаў. Таму мы можам разлічваць, калі трэнды захаваюцца, тады па выніках бягучага года выйдзем на параметр у два мільярды долараў.

Кітай застаецца адным з найбуйнейшых інвестараў нашай эканомікі. Ён дапамагае нам з развіццём тавараправоднай сеткі і развівае найбуйнейшы беларуска-кітайскі праект – Індустрыяльны парк «Вялікі камень». Гэты парк, нягледзячы на санкцыі, пастаянна набывае новых рэзідэнтаў, растуць інвестыцыі ў сферу.

Базай нашага супрацоўніцтва з'яўляецца і калектыўны сябар – краіны Еўразійскай эканамічнай прасторы. Разам з імі мы выбудоўваем асновы адзінай эканамічнай палітыкі. Праўда, тут таксама апошнім часам бываюць праблемы. Партнёры адчуваюць цяпер велізарны ціск як на палітычным, так і на эканамічным узроўнях з мэтай перашкодзіць нашым кантактам.

У апошні час актыўна развіваюцца кантакты з афрыканскімі краінамі. Паступова такі трэнд набірае сілу.

Блізкі Усход заўсёды прыцягваў нашу ўвагу. Яшчэ ў савецкі час было моцнае сяброўства паміж намі і арабскімі дзяржавамі, краінамі Блізкага Усходу ў цэлым, Індыяй і Іранам. І цяпер нашы сувязі працягваюць развівацца, напаўняюцца новым зместам. Апошняму спрыяюць памкненні Беларусі па далучэнні да ШАС і ў супрацоўніцтве з БРІКС. Гэта значыць, Іран, Турцыя, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Саудаўская Аравія і Сірыя – усе гэтыя краіны для нас блізкія, яны адказваюць нам узаемнасцю на прапановы аб супрацоўніцтве і падтрымліваюць такое супрацоўніцтва. Яно разнастайнае. Напрыклад, навукаёмістае дзяржаўнае фармацэўтычнае прадпрыемства «Акадэмфарм» сёння цесна супрацоўнічае з індыйскай кампаніяй, якая дзеліцца з намі сваім вопытам.

Прыведзеныя адносіны маюць не проста камерцыйную базу, але, у нашых традыцыях, заснаваныя на асабістай дружбе паміж заснавальнікамі і менеджментам, спецыялістамі і навукоўцамі. Наша інстытуцыянальная матрыца такая, што дадзены аспект мае важнае значэнне для арганізацыі любых кантактаў – палітычных, эканамічных, сацыяльных і гуманітарных. І гэта, мяркую, гарантыя выканання абавязацельстваў. Часам поціск рукі варты больш, чым дзесяць падпісаных дакументаў.

– Раней вы казалі, што наша краіна падвяргаецца гібрыднаму ціску. Што нам трэба будзе рабіць цяпер, каб не страціць самабытнасць і не знізіць эканамічны дабрабыт сваіх грамадзян?

– Усе прынцыповыя рашэнні ўжо прынятыя кіраўніком дзяржавы. Дадзены дадатковыя паўнамоцтвы ўраду. Прэзідэнт нашай краіны здзейсніў знакавыя візіты ў Іран і Зімбабвэ, якія з'яўляюцца асновай для працягу эканамічных кантактаў у рэгіёнах.

Вядома, важна працаваць над нармалізацыяй узаемадзеяння з нашымі партнёрамі (у мінулым), якія адмовіліся ад супрацоўніцтва. Мы заўсёды гатовыя абмяркоўваць перспектывы, але не прымаем ціск. Паступіцца сваімі каштоўнасцямі, традыцыямі, сваім суверэнітэтам, сваімі брацкімі адносінамі з Расіяй – гэтага не будзе ніколі.

Калі хтосьці хоча з намі супрацоўнічаць, ён павінен тое ўлічваць. Гэта наша прынцыповая пазіцыя. Яна выразна агучана і даведзена да нашых партнёраў. Цяпер мяч на іх баку.

Наша краіна заўсёды была адданая захаванню ўсіх дагавораў, якія цяпер парушаюцца (увядзеннем санкцый – С. К.) нашымі суседзямі і краінамі калектыўнага Захаду. Але ціск у нас не праходзіць. Мір і дабрабыт, якія ёсць у нашага народа, – за іх заплачана занадта высокая цана. Таму разменьвацца на нейкія дробныя ўступкі мы дакладна не будзем. Усе павінны тое дакладна ведаць. Хочуць з намі супрацоўнічаць – без праблем, але як роўныя.

Дарэчы, ёсць рэйтынг краін, спрыяльных для міграцыі. Адно з міжнародных агенцтваў паставіла нас у топ-10, на 8-е месца. І гэта нягледзячы на ціск, на санкцыйныя абмежаванні, уведзеныя супраць нашай краіны. Тут улічваліся эканамічныя паказчыкі, сацыяльныя дасягненні, тое, што краіна мае дастаткова нядрэнную базу для вядзення бізнесу.

– Беларусь і Расія сумесна рэалізоўваюць новыя праекты па кааперацыі і імпартазамяшчэнні. Якія распрацоўкі, на ваш погляд, найбольш перспектыўныя па дадзеных напрамках?

– Я б тут зрабіў акцэнт на дасягненнях тэхналагічнага суверэнітэту. Гаворка ідзе пра вытворчасць прамысловага абсталявання, то-бок пра машыны, якія робяць машыны. Гэта ў першую чаргу.

У апошні час на фоне глабалізацыі эканамічных сувязяў мы трапілі ў эканамічную залежнасць ад шэрагу краін. У нармальнай сітуацыі нічога страшнага ў тым няма. Некаторыя буйныя кампаніі, напрыклад, вытворцы кавальскага абсталявання, фарміравалі свае кампетэнцыі больш за сто гадоў. Таму ставіць перад сабой самамэту – стварыць нейкі прэс – не мела сэнсу. Яго можна было купіць. Цяпер нас сумесна з Расійскай Федэрацыяй абмяжоўваюць у гэтым. Мы павінны замясціць нішу з дапамогай стварэння ўласнага абсталявання. Таму – машыны, якія вырабляюць машыны. Вось задача нумар адзін.

Другой задачай павінна стаць аднаўленне кампетэнцый і вытворчасць мікраэлектронных кампанентаў. Мы тут не ўнікальныя – падобная задача стаіць і ў Кітая, дзе ажыццяўляецца праграма, якая накіравана на пашырэнне вытворчасці мікраэлектронікі і сыход ад залежнасці ад ЗША ды іншых краін, якія пастаўляюць чыпы.

Дастаткова востра стаіць пытанне імпартазамяшчэння асобных кампанентаў пры стварэнні нашай тэхнікі. Холдынг «Амкадор» адзін з першых трапіў пад санкцыі. Там у надзвычайным рэжыме была наладжана падрыхтоўка канструктарскай і тэхналагічнай дакументацыі па замяшчэнні асобных вузлоў, якія паступалі з-за мяжы.

Найбольш яскравы прыклад – вытворчасць харвестарных галовак, якія вырабляюцца адзінкавымі прадпрыемствамі ў свеце. У свой час пэўная тэхніка «Амкадора» стаяла амаль гатовая да адпраўкі, ёй не хапала толькі гэтых дэталяў. Цяпер тыя механізмы вырабляюцца на нашай базе.

Таксама неабходнае імпартазамяшчэнне праграмнага забеспячэння. Мы сутыкаемся з абсалютна неразумнымі рашэннямі нашых былых партнёраў. У прыватнасці, гаворка ідзе аб незабеспячэнні софту, які выкарыстоўваецца ў глабальнай фінансавай сферы для правядзення разлікаў, арганізацыі спецыфічнага ўліку пэўных аперацый у банкаўскай сферы. Гэты софт вырабляецца некалькімі кампаніямі ў свеце. Цяпер яны адмаўляюцца ад супрацоўніцтва, і нам даводзіцца ствараць яго самім у кааперацыі з Расійскай Федэрацыяй.

Так, санкцыі адчувальныя для нас. Чвэрць нашай эканомікі непасрэдна трапіла пад абмежаванні, яшчэ чвэрць – пацярпела ўскосна. Фінансавая сфера падверглася (у той час – С. К.) неймавернаму ціску.

Але мы выдатна разумеем, што няма ніводнага тавару, які немагчыма вырабіць у Расіі ці ў нашай краіне. Пытанне толькі ў часе і сродках, якія неабходна выдаткаваць. Напрыклад, Беларусь вырабляе элементы спадарожнікаў, Расійская Федэрацыя – атамныя рэактары новага пакалення. Некаторых тэхналогій, у поўнай меры, няма нават у ЗША. Няўжо мы не можам зрабіць лінію па вытворчасці сыру? Можам!

Нядаўна стала вядома, што Францыя прымае рашэнне аб адмове ад пастаўкі кампанентаў свайму найбліжэйшаму саюзніку – ЗША – для атамнай энергетыкі. Сітуацыя з абмежавальнымі мерамі аказалася заразнай. Спачатку ўсе яны змагаліся з ворагамі, лічачы імі нас і РФ, цяпер яны перайшлі да проціборства са сваімі партнёрамі.

Думаю, мы выйдзем з сітуацыі мацнейшыя, больш незалежныя і з горда паднятай галавой, што немалаважна для нашага народа. Для нас не пустым словам з'яўляецца самапавага. Як настройвае Прэзідэнт, не трэба прагінацца, не ўсё вызначаецца грашыма.

Ад тых рашэнняў, якія прымае наша кіраўніцтва, залежыць не толькі дабрабыт грамадзян, але і суверэнітэт як вечная каштоўнасць.

Я ўпэўнены, што мы з сітуацыі выйдзем вельмі дастойна. Міжнародны аўтарытэт Беларусі будзе толькі ўмацоўвацца і дасць нам шмат дывідэндаў, уключаючы эканамічную сферу. Сёння многія нашы замежныя партнёрскія адносіны замарожаныя. З іншага боку, шэраг кампаній знаходзіцца «на нізкім старце» – яны чакаюць аслаблення санкцый, каб зноў з намі супрацоўнічаць, нават на лепшых для нас умовах, чым да крызіснай сітуацыі. Палітыка, якая рэалізоўваецца ў нашай краіне, адаптыўная, улічвае інтарэсы патэнцыяльных інвестараў. Ім падабаецца жыць і працаваць тут. Пры гэтым патэнцыял паляпшэння дзелавога клімату далёка не вычарпаны.

– На якой стадыі цяпер ажыццяўляецца рэалізацыя сумеснага праекта «Падтрымка намаганняў Рэспублікі Беларусь у нацыяналізацыі і лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця (МУР)»?

– Усе рашэнні па рэалізацыі і напаўненні дадзенага праекта прынятыя. Сёння праводзяцца неабходныя арганізацыйныя працэдуры для прызначэння асоб, адказных за распараджэнне фінансавымі рэсурсамі. У хуткім часе гэтыя працэдуры будуць завершаны. Мы ўвесь час трымаем пытанне на кантролі.

Сяргей Куркач, « Звязда», №153 (30033), 10 жніўня 2023 г.
Фота Віктара Іванчыкава


Теги: экономика