/ / Общественно-политические
14.01.2022

Дэклараванне даходаў па выніках года і не толькі

Дакументы аб сваіх гадавых даходах асобныя падаткаплацельшчыкі павінны накіраваць у інспекцыю не пазней за 31 сакавіка. Хто павінен прадставіць падатковую дэкларацыю за 2021 год і заплаціць падаходны падатак? Якія неабходна дэклараваць даходы? Якія льготы прадугледжаны для розных катэгорый грамадзян? І якімі спосабамі прадстаўлення дэкларацыі і выплаты падаходнага падатку можна цяпер скарыстацца? На гэтыя актуальныя пытанні мы паспрабавалі адказаць сумесна з прадстаўнікамі прэс-службы Міністэрства па падатках і зборах.

Индексация

Пытанні пастаяннага месцазнаходжання лепш удакладніць загадзя

У лік тых, хто павінен прадставіць дэкларацыю, уваходзяць грамадзяне, якія атрымліваюць даходы за мяжой або з-за мяжы. Гэта значыць, калі фізічная асоба ў мінулым годзе больш чым 183 дні знаходзілася на тэрыторыі краіны, яна прызнаецца падатковым рэзідэнтам Беларусі і павінна даць справаздачу па даходах, атрыманых за мяжой. А калі чалавек пражываў больш чым 183 дні за межамі краіны, па даходах за мяжой даваць справаздачу яму не патрабуецца. Яны абкладаюцца падаткам у краіне, дзе знаходзіліся. Тут ёсць некалькі ўдакладненняў.

Па-першае, падатковае рэзідэнцтва кліента вызначаецца ў дачыненні да кожнага каляндарнага года. Па-другое, да часу фактычнага знаходжання на тэрыторыі нашай краіны адносіцца час непасрэднага знаходжання чалавека на тэрыторыі Беларусі, а таксама час, на які гэтая асоба выязджала за межы краіны: на лячэнне, у камандзіроўку ў адпаведнасці з заканадаўствам, на адпачынак, пры ўмове, калі час знаходжання на такім адпачынку ў сукупнасці не перавышаў двух месяцаў на працягу каляндарнага года.

І яшчэ. Калі чалавек адначасова з’яўляецца падатковым рэзідэнтам нашай краіны і замежнай дзяржавы, але міжнародны дагавор Беларусі па пытаннях падаткаабкладання з такой дзяржавай адсутнічае або не прымяняецца, альбо калі фізічная асоба не з’яўляецца падатковым рэзідэнтам ніводнай дзяржавы, то яна прызнаецца падатковым рэзідэнтам Беларусі, калі ў каляндарным годзе, за які вызначаецца падатковае рэзідэнцтва, мае наша грамадзянства або від на жыхарства.

Асноўная маса даходаў з-за мяжы – гэта заработная плата, дывідэнды, працэнты па рахунках і ўкладах у замежных банках, выйгрышы ў замежных анлайн-казіно і на рынку «Форэкс». Дык вось, фактычна выплачаныя сумы падатку ў замежнай дзяржаве падлягаюць заліку пры вызначэнні сумы падаходнага падатку. Тут галоўнае – даць неабходныя дакументы. Гэты дакумент на сёння павінен быць завераны падатковай службай замежнай дзяржавы.

Вялікі пласт займаюць і грашовыя пераводы ад іншых грамадзян. Калі гэта блізкія сваякі (бацькі, дзеці, родныя браты і сёстры, дзядулі і бабулі, унукі), то падаходным падаткам гэтыя даходы не абкладаюцца незалежна ад іх памеру і падаваць падатковую дэкларацыю не патрабуецца. Тое ж адносіцца і да блізкіх сваякоў мужа. Калі мама вашай жонкі вам нешта падорыць з-за мяжы, вы падатак з гэтай сумы плаціць не будзеце.

Лічым прададзеныя машыны, кватэры і дамы

Наступная вялікая катэгорыя плацельшчыкаў – асобы, якія атрымліваюць даходы ад продажу нерухомай маёмасці, транспартных сродкаў. Але тут таксама ёсць асаблівасці. Калі на працягу года прададзена два і больш легкавыя аўтамабілі, то з другой і наступных аўтамашын трэба выплачваць падаходны падатак. Калі прададзены грузавы аўтамабіль масай звыш 3,5 тоны, або аўтобус з больш чым 8 пасадачнымі месцамі, то нават адна адзінка гэтай маёмасці абкладаецца падаткам.

Што датычыцца нерухомасці, тут гаворка ўжо ідзе не аб адным, а аб пяці гадах. Калі на працягу пяці апошніх гадоў прададзена дзве кватэры, два жылыя дамы, два зямельныя ўчасткі, даходы ад другога аб’екта продажу абкладаюцца падаткам. Але гэта датычыцца дзвюх аднатыпных адзінак маёмасці, напрыклад, дзвюх кватэр. А калі прададзеныя, напрыклад, кватэра і жылы дом, ні тое, ні другое не абкладаецца падаткам.

Але тут варта адзначыць адзін важны момант пры продажы нерухомасці. Льгота па адным адчужэнні даецца толькі ў дачыненні да кватэр, жылых дамоў, садовых домікаў (дач), зямельных участкаў, гаражоў і машынамесцаў. Калі прадаецца любая іншая нерухомасць, напрыклад, камерцыйная (офісы, гандлёвыя будынкі), то нават аднаразовы продаж абкладаецца падаткам.

Таксама па выніках года дэкларуюцца даходы ад продажу аднаго і больш аб’ектаў нерухомасці, якія не адносяцца да не завершанага будаўніцтвам капітальнага будынка, размешчанага на зямельным участку, выдзеленым для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, садаводства, дачнага будаўніцтва, у выглядзе службовага надзелу, кватэры, жылога дома з гаспадарчымі пабудовамі (пры іх наяўнасці), дачы, садовага доміка з гаспадарчымі пабудовамі (пры іх наяўнасці), гаража, машынамесца, зямельнага ўчастка. Да такіх аб’ектаў адносяцца, напрыклад, гандлёвыя, офісныя і адміністрацыйныя памяшканні.

Ёсць, зноў жа, выключэнне з правіл. Прадаваць у кароткі тэрмін можна любую колькасць дамоў, дач або зямельных участкаў і іншую нерухомасць, калі ўсё гэта было атрымана ў спадчыну. Плаціць падаткі ў гэтым выпадку не трэба, незалежна ад перыядычнасці адчужэння нерухомасці на працягу пяцігадовага перыяду.

Калі нешта атрымліваеш у дар

Што рабіць з тымі даходамі, якія ў мінулым годзе вы атрымлівалі ў выніку дарэння ў выглядзе нерухомай маёмасці па дагаворы рэнты бясплатна ад фізічных асоб? Правільна, іх трэба ўлічваць.

Падарункі ад асоб, якія не адносяцца да блізкіх сваякоў, ад сяброў абкладаюцца падаходным падаткам. Але ёсць падатковая льгота: сума да 7521 рубля, атрыманая летась, падаткам не абкладаецца. Гэта значыць, суміруюцца ўсе падарункі за 2021 год ад сяброў з-за мяжы і вызначаемся. Калі атрымалася менш за 7 з паловай тысячы рублёў, то не трэба падаваць дэкларацыю і плаціць падатак. Калі выйшла больш, то дэкларацыя падаецца толькі ў дачыненні да сумы перавышэння і з гэтай жа сумы выплачваецца падаходны падатак. Вось так: калі вам падарылі 10 тысяч рублёў, тады вы плаціце падатак з 2,5 тысячы рублёў.

Калі будаўніцтва спынена

Па выніках года дэкларуецца і даход, атрыманы грамадзянінам праз механізм вяртання раней унесеных сродкаў пры спыненні будаўніцтва жылля, а таксама ў выпадку патаннення такога будаўніцтва альбо выбыцця фізічнай асобы з членаў арганізацыі забудоўшчыкаў.

Эксперты міністэрства адзначаюць, што вернутыя пры гэтым грашовыя сродкі, у тым ліку паявыя ўзносы, абкладаюцца падаходным падаткам у выпадку, калі на такія ўзносы раней была дадзена льгота ў выглядзе маёмаснага падатковага выліку.

Трэба дэклараваць таксама і даходы, якія былі атрыманы ў выглядзе грашовых сродкаў пры датэрміновым пагашэнні жыллёвых аблігацый, а таксама ў выглядзе вяртання грашовых сродкаў, унесеных у аплату кошту жылога памяшкання шляхам набыцця жыллёвых аблігацый, у выпадку невыканання забудоўшчыкам абавязацельстваў па дагаворы. Дэкларацыя падаецца ў тым выпадку, калі па ўнесеных сумах для набыцця жыллёвых аблігацый раней быў праведзены маёмасны падатковы вылік.

Такі ж механізм прадугледжаны, калі адмяняецца вылік на даходы ў выглядзе лізінгавых плацяжоў, якія выплачаны па дагаворы фінансавай арэнды, што прадугледжвае выкуп прадмета лізінгу – аднакватэрнага жылога дома або кватэры ў выпадках, калі такі дагавор не завяршыўся выкупам маёмасці або ў дагавор былі ўнесены змяненні, якія выключаюць умовы выкупу прадмета лізінгу.

Такім чынам, былы забудоўшчык, які атрымаў летась такія грашовыя сродкі, абавязаны заплаціць падаходны падатак у дачыненні да сум, на якія яму раней была выдзелена льгота ў выглядзе маёмаснага падатковага выліку.

Грошы з пераплачаных падаткаў

У падатковым заканадаўстве прадугледжана даволі вялікая сістэма розных падатковых ільгот. Напрыклад, калі чалавек на працягу года прадаў два легкавыя аўтамабілі, гэта не значыць, што ўся сума з продажу другой машыны абкладаецца падаходным падаткам. У дадзеным выпадку ўлічваюцца выдаткі, звязаныя з купляй аўтамабіля.

Напрыклад. Чалавек у пачатку 2021 года прадаў аўтамабіль і купіў новы за 10 тысяч рублёў. Ён паездзіў, яму не спадабалася, і машыну зноў прадаў. Так здарылася, што ў яго на працягу года адбылося два продажы, і з другога ён павінен заплаціць падатак. Напрыклад, ён прадаў другую машыну за 11 тысяч рублёў. Адпаведна, падатак ён будзе выплачваць толькі з розніцы – з 1 тысячы рублёў. А калі чалавек прадаў машыну танней, чым набыў, то падатку ў яго наогул не будзе, паколькі выдаткі перавышаюць даходы. Але прадставіць дэкларацыю неабходна і ў гэтым выпадку.

Выдаткі на нерухомую маёмасць, транспартныя сродкі неабходна пацвердзіць дакументальна: прынесці дагавор на куплю, на будаўніцтва, плацежныя дакументы. Але ў Падатковым кодэксе ёсць яшчэ дзве важныя нормы. Калі ў чалавека дакументы не захаваліся, то ў падатковым органе могуць быць звесткі, прадстаўленыя дзяржорганамі, аб памеры выдаткаў. Напрыклад, чалавек набыў аўтамабіль, паставіў яго на ўлік у ДАІ, прадставіў туды дакументы, і супрацоўнікі ДАІ ўнеслі звесткі, што машына была набыта за 10 тысяч рублёў. Потым чалавек дагавор страціў. Ён звяртаецца ў падатковы орган, там глядзяць базу даных ДАІ і нават пры адсутнасці дакументаў гэтыя выдаткі чалавеку ўлічваюць. У самым крайнім выпадку, калі няма дакументаў і падатковы орган не можа ніяк афіцыйна атрымаць гэтыя звесткі, тады падатковае заканадаўства прадугледжвае вылік – 20 % не абкладаць падаткам.

Вылікі – рэч карысная

У нас ёсць і тыя, хто можа падаць у інспекцыю дэкларацыю з мэтай атрымання падатковых вылікаў. У прыватнасці, гэта датычыцца людзей, якія атрымлівалі ў мінулым годзе аўтарскія ўзнагароджанні або ўзнагароджанні за стварэнне, выкананне або іншае выкарыстанне твораў навукі, літаратуры і мастацтва, выплаты аўтарам вынаходніцтваў, карысных мадэляў, прамысловых узораў і іншых вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці.

Дэкларацыю варта запоўніць таксама спартсменам і іх трэнерам, якія атрымлівалі даходы ад асабістай дзейнасці за ўдзел у спартыўных спаборніцтвах пры ўмове, што такая дзейнасць ажыццяўлялася імі не ў рамках каманднага ўдзелу.

Якімі падатковымі льготамі (вылікамі) можа скарыстацца фізічная асоба?

Стандартныя падатковыя вылікі:

  • у памеры 126 рублёў у месяц пры атрыманні даходу, які падлягае падаткаабкладанню, у суме, якая не перавышае 761 рублёў у месяц;
  • у памеры 37 рублёў (70 рублёў) у месяц на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, навучэнцаў і студэнтаў дзённага аддзялення ці іншых утрыманцаў;
  • у памеры 177 рублёў у месяц для асобных катэгорый фізічных асоб.

Сацыяльныя падатковыя вылікі:

  • у суме выдаткаў на навучанне (сваё, дзяцей, іншых блізкіх сваякоў);
  • на выплату страхавых узносаў па дагаворах добраахвотнага страхавання.

Маёмасныя падатковыя вылікі:

  • у суме выдаткаў на будаўніцтва або набыццё аднакватэрнага жылога дома або кватэры;
  • у суме выдаткаў, панесеных на набыццё маёмасці, даходы ад продажу якога падлягаюць падаткаабкладанню;
  • у памеры 20 % сумы даходаў, якія падлягаюць падаткаабкладанню, атрыманых ад адчужэння маёмасці.

Прафесійныя падатковыя вылікі:

  • у суме выдаткаў на стварэнне аб’екта аўтарскага права;
  • у памеры 20 %, 30 %, 40 % сумы аўтарскага ўзнагароджання;
  • у суме выдаткаў, звязаных з удзелам спартсменаў і іх трэнераў у спартыўных спаборніцтвах, пры ўмове, што такая дзейнасць ажыццяўляецца не ў рамках каманднага ўдзелу;
  • у памеры 20 % сумы даходаў, якія падлягаюць падаткаабкладанню, атрыманых спартсменамі і іх трэнерамі ад ажыццяўлення асабістай дзейнасці за ўдзел у спартыўных спаборніцтвах.

Лепш не хадзіць, а падаць дыстанцыйна

Фактычна ёсць тры асноўныя спосабы падачы падатковай дэкларацыі: асабіста шляхам наведвання падатковага органа, па пошце і ў электронным выглядзе. У першым выпадку фізічная асоба запаўняе дэкларацыю і з пашпартам звяртаецца ў падатковы орган. У нас дзейнічае прынцып экстэрытарыяльнасці абслугоўвання. Гэта значыць, чалавек звяртаецца ў любую інспекцыю, незалежна ад таго, дзе ён пражывае, дзе зарэгістраваны, дзе знаходзіцца на падатковым уліку. Напрыклад, калі вы прапісаныя ў Віцебску, але жывяце і працуеце ў Мінску, можаце спакойна звярнуцца ў любую падатковую, як вам будзе зручна. Там усё зробяць, паведамленне на выплату вы атрымаеце.

Другі спосаб – падача дэкларацыі праз паштовую сувязь. З любой даведачнай сістэмы альбо з афіцыйнага сайта падатковых органаў можна спампаваць бланк дэкларацыі, запоўніць яго ўручную або на камп’ютары, раздрукаваць, падпісацца і накіраваць па пошце. У гэтым выпадку дата падачы дэкларацыі – дзень паштовага адпраўлення. Калі хтосьці не паспявае звярнуцца ў падатковы орган, ён можа 31 сакавіка адправіць дэкларацыю. Нягледзячы на тое, што яна прыйдзе ўжо ў красавіку, чалавек тэрмін не парушыць.

Самы перспектыўны на сёння спосаб – падача ў электронным выглядзе. Тут ёсць важная асаблівасць. Чалавеку неабходна аднаразова звярнуцца ў любы падатковы орган з пашпартам, каб зарэгістравацца ў асабістым кабінеце плацельшчыка, атрымаць уліковы запіс і пароль. Вялікая перавага ў тым, што дэкларацыю ў электронным выглядзе можна падаць з любога пункта свету, не трэба нікуды ездзіць. Другі вельмі важны плюс у тым, што такім плацельшчыкам бліжэй да канца студзеня ўжо прадстаўляецца папярэдне запоўненая форма дэкларацыі. Гэта значыць, там ужо ёсць усе персанальныя даныя і ўся наяўная ў падатковых органаў інфармацыя (аб даходах з-за мяжы, аб продажы транспартных сродкаў і нерухомасці). Чалавеку трэба прагледзець даходы, прыбраць тое, што не абкладаецца падаткам, напрыклад, пераводы ад блізкіх сваякоў.

Калі нейкіх даных недастаткова, трэба дапоўніць іх і адправіць. Грамадзяніну не патрэбен ключ, электронная лічбавая подпіс, яму дастаткова мець уліковы запіс і пароль.

Паведамленне на выплату падаткаў таксама прыйдзе электронным спосабам: яно можа прыйсці як у асабісты кабінет, так і на адрас электроннай пошты, які чалавек пакіне пры рэгістрацыі. Меню асабістага кабінета дае мноства магчымасцяў. Адтуль можна выплаціць падатак пры наяўнасці банкаўскай карты і інтэрнэт-банкінгу шэрагу беларускіх банкаў. Падаў дэкларацыю ў электронным выглядзе, такім жа спосабам атрымаў паведамленне, зайшоў у асабісты кабінет, бачыш суму падатку і аплачваеш. Таксама ў асабістым кабінеце можна ўбачыць і стан разлікаў з бюджэтам, падаць электронны зварот.

Што трэба зрабіць, каб вярнуць падатак

Спачатку трэба падаць у інспекцыю падатковую дэкларацыю за мінулы год і адлюстраваць у ёй звесткі аб атрыманых даходах. Да дэкларацыі абавязкова павінна быць прыкладзена даведка ад падатковага агента аб налічаным даходзе і ўтрыманым падатку па ўсталяванай форме. Далей трэба адлюстраваць у падатковай дэкларацыі звесткі аб праве фізічнай асобы на атрыманне пэўных падатковых ільгот.

Увага! Да дэкларацыі абавязкова павінны быць прыкладзены дакументы, якія пацвярджаюць права фізічнай асобы на атрыманне падатковых ільгот.

Пасля таго, як падатковы орган зробіць пераразлік падаходнага падатку і разлічыць суму падатку да вяртання, напісаць заяву на вяртанне падатку па пэўнай форме.

Вяртанне падатку ажыццяўляецца двума спосабамі:

  • на рахунак, адкрыты ў банку, у тым ліку карт-рахунак;
  • наяўнымі грашовымі сродкамі з касы банка, у якім абслугоўваецца падатковы орган.

Калі фізічная асоба жадае вярнуць падатак на свой банкаўскі рахунак, то ў заяве на вяртанне падатку неабходна ўказаць рэквізіты банкаўскага рахунку: нумар і тып рахунку, найменне банка, код банка, код валюты. На працягу 15 рабочых дзён з моманту падачы заявы на вяртанне падатку атрымаць грошы.

І яшчэ. Для плацельшчыкаў, якія падаюць падатковую дэкларацыю выключна з мэтай атрымання падатковых вылікаў па падаходным падатку, тэрмін яе прадстаўлення не абмежаваны 31 сакавіка.

Да ведама

Незалежна ад рэгістрацыі ў кватэры працаздольных грамадзян і без каэфіцыентаў

Улічваючы, што да цяперашняга часу меў месца няроўны падыход у частцы падаткаабкладання нерухомасці, размешчанай у горадзе (кватэры) і сельскіх населеных пунктах (жылыя дамы), было прынята рашэнне з 2022 года вызначыць для ўсіх грамадзян аднолькавы падыход у частцы падаткаабкладання кватэр і жылых дамоў.

Так, з гэтага года кватэры і жылыя дамы будуць абкладацца падаткам на нерухомасць аднолькава.

З мэтай абароны сацыяльна ўразлівых слаёў насельніцтва (пенсіянеры па ўзросце, дзеці да 18 гадоў, шматдзетныя, інваліды І і ІІ групы і іншыя), якім належыць адна кватэра і адзін жылы дом, вызваляюцца ад падатку на нерухомасць у поўным памеры незалежна ад рэгістрацыі ў такой нерухомасці працаздольных грамадзян.

Пры гэтым, калі ў пералічанай катэгорыі грамадзян на праве ўласнасці знаходзяцца дзве і больш кватэры ці два і больш жылыя дамы, то адна кватэра або адзін жылы дом з найбольшай цаной будуць цалкам вызваляцца ад падатку на нерухомасць. Для ўсіх аб’ектаў нерухомасці стаўка падатку складае 0,1 %.

І яшчэ. Улічваючы, што з гэтага года абкладаецца адна кватэра, якая належыць фізічнай асобе на праве ўласнасці, з мэтай мінімізацыі падатковай нагрузкі Падатковым кодэксам прадугледжана, што павышальныя каэфіцыенты, якія вызначаюцца мясцовымі Саветамі дэпутатаў, да стаўкі падатку на нерухомасць (да 2 разоў) не прымяняюцца пры вылічэнні падатку на нерухомасць у дачыненні да кватэр.

У выніку чаго сярэдні памер падатку на нерухомасць за адну кватэру ў Мінску складзе каля 50–60 рублёў, у абласных гарадах – каля 45–50 рублёў, у буйны раённых цэнтрах – каля 40 рублёў, у іншых населеных пунктах – каля 30 рублёў.

Сяргей Куркач, « Звязда», 14 студзеня 2021 г.