/ / Общественно-политические
18.02.2022

Вадзім Іпатаў: Канстытуцыя – платформа прававога жыцця дзяржавы, на якой трэба стаяць упэўнена

Да работы над праектам змяненняў Канстытуцыі летась далучыліся шматлікія ўстановы. Адна з іх – Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў (НЦЗПД), што аб’ядноўвае спецыялістаў розных галін права. Яго дырэктар Вадзім Іпатаў са сваімі калегамі па НЦЗПД ажыццяўляў юрыдыка-тэхнічнае суправаджэнне дзейнасці рабочай групы па ўдасканаленні фінальнага праекта змяненняў Канстытуцыі, адшліфоўцы норм для іх дакладнага тлумачэння. Напярэдадні рэферэндуму ў інтэрв’ю «Звяздзе» Вадзім Дзмітрыевіч падвёў вынікі карпатлівай працы над абноўленым Асноўным законам.

Вадим Ипатов

– На якім этапе падрыхтоўкі новай рэдакцыі Канстытуцыі ваш цэнтр далучыўся да работы?

– Работа над абнаўленнем Канстытуцыі пачалася яшчэ ў 2016 годзе. Тады, выступаючы перад парламентам, Прэзідэнт адзначыў неабходнасць вызначыць, што ў Асноўным законе не адпавядае сучасным грамадскім адносінам, прааналізаваць, як працуюць нормы, і вылучыць тыя, якія неабходна скарэкціраваць для руху наперад. І ўжо тады Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў пачаў вывучаць міжнародны вопыт у сферы канстытуцыйнага рэфармавання, то-бок назапашваць веды.

Калі звярнуцца да леташняй работы, мы ўважліва назіралі за дзейнасцю спецыяльнай Канстытуцыйнай камісіі. Падчас яе работы праводзіліся шматлікія дыялогавыя пляцоўкі з шырокім колам удзельнікаў, дзе гучалі прапановы аб неабходных навацыях. На іх падставе Канстытуцыйная камісія сфарміравала першапачатковы праект змяненняў Асноўнага закона. Пасля яго прадстаўлення кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне аб стварэнні рабочай групы з юрыстаў і прадстаўнікоў іншых галін дзейнасці, якія адшліфоўвалі праект. Наш цэнтр далучыўся да гэтай работы ў плане юрыдыка-тэхнічнай апрацоўкі прапаноў. Але на працягу ўсіх этапаў мы мелі дачыненне да абмеркаванняў канстытуцыйных прапаноў.

– Да назначэння рэферэндуму прайшла беспрэцэдэнтная работа па народным абмеркаванні праекта. Якая колькасць прапаноў паступіла ад грамадзян?

– Абмеркаванне ўмоўна можна падзяліць на дзве стадыі. Першая – калі праект змяненняў Канстытуцыі быў абнародаваны, і грамадзяне мелі магчымасць амаль месяц уносіць свае прапановы. Яна скончылася, калі быў выдадзены Указ Прэзідэнта аб назначэнні рэспубліканскага рэферэндуму. За гэты час ад грамадзян паступіла каля 9000 прапаноў.

Але і пасля людзі дасылалі свае водгукі і пажаданні па канстытуцыйнай рэформе. І гэта таксама каштоўны вопыт, бо насельніцтва працягвае асэнсоўваць, што сабою ўяўляе праект карэкціровак Асноўнага закона. Дарэчы, акумуляваў усе звароты грамадзян Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі. НЦЗПД таксама падключыўся да гэтай работы, каб прааналізаваць прапановы па змяненні на экспертным узроўні і на іх падставе выпрацаваць канстытуцыйныя палажэнні.

– На ваш погляд, грамадзяне праявілі зацікаўленасць да сумеснай работы над канчатковым праектам змяненняў Канстытуцыі? Дзевяць тысяч водгукаў – гэта многа ці мала?

– Дзевяць тысяч – гэта колькасць прапаноў, якая зафіксавана па выніках усенароднага абмеркавання праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі. Але неабходна ўлічваць і папярэдняе абмеркаванне на дыялогавых пляцоўках, і прапановы, што там паступалі. Я згадваў пра 2016 год, калі пачалася першапачатковая работа. На працягу ўсяго гэтага часу людзі звярталіся ў Канстытуцыйны Суд, у парламент, у нашу ўстанову са сваімі прапановамі. Апошні год быў асабліва насычаны такой работай.

У міжнароднай юрыдычнай практыцы таксама існуе грамадскае абмеркаванне важных законапраектаў, але наш вопыт унікальны маштабам. Былі задзейнічаны разнастайныя механізмы: сустрэчы ў працоўных калектывах, дыялогавыя пляцоўкі, падключэнне экспертаў, абмеркаванне ў ВНУ, маладзёжнай супольнасці і г. д.

Увогуле, можна сказаць, што грамадзяне былі вельмі зацікаўленыя ідэяй канстытуцыйнай рэформы. Гэта зразумела: Канстытуцыя – закон, які з'яўляецца прававой, эканамічнай і ідэалагічнай асновай нашай краіны. Усё грамадства існуе на пэўных законах, а Канстытуцыя – гэта платформа прававога жыцця дзяржавы, на якой трэба стаяць упэўнена.

– Якія нормы праекта выклікалі найбольшы інтарэс у грамадзян?

– Асаблівую зацікаўленасць у людзей выклікала замацаванне ў Канстытуцыі статусу Усебеларускага народнага сходу. Большасць прапаноў, што паступіла падчас грамадскага абмеркавання, пацвярджаюць: беларусы ўспрынялі гэту ідэю і абмяркоўвалі яе для ўдасканалення кампетэнцый, шляху фарміравання сходу, абрання яго дэлегатаў. У гэтым плане ў краіне ўжо ёсць вопыт шасці УНС. І яго можна выкарыстоўваць пры арганізацыі далейшай работы. Таксама на працягу года пасля ўступлення ў сілу змяненняў Канстытуцыі з’явіцца закон, што будзе рэгуляваць дзейнасць УНС.

Акрамя таго, актыўна абмяркоўваліся нормы, што датычацца сацыяльнага статусу нашай дзяржавы. Людзей цікавіла, ці захавае краіна свае падыходы да сацыяльных гарантый у плане абароны мацярынства і дзяцінства, падтрымкі асоб з абмежаванымі магчымасцямі, ветэранаў вайны і працы.

Грамадства таксама хвалююць пытанні будучыні беларускай дзяржаўнасці: замацаванне асноў дзяржаўнай ідэалогіі, захаванне гістарычнай праўды і памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.

Актыўна абмяркоўваліся нормы, што апісваюць шлюб як саюз мужчыны і жанчыны.

Ажыятаж выклікала пытанне аб канстытуцыйным абавязку кожнага захоўваць уласнае здароўе. Людзі ўбачылі ў гэтай норме небяспеку, звязаную з увядзеннем платнай медыцыны, прымусовай вакцынацыяй ва ўмовах пандэміі. Але ўсё гэта неабгрунтавана і не мае падстаў для хвалявання. Норма была прапанавана Канстытуцыйнай камісіяй як ідэалагема. Мелася на ўвазе, што дзяржава забяспечвае неабходны ўзровень медыцынскіх паслуг, а грамадзянін павінен у адказ прымаць меры для захавання свайго здароўя.

У канчатковым варыянце норма скарэкціравана. Згодна з праектам, што вынесены на рэферэндум, кожны грамадзянін клапоціцца аб захаванні ўласнага здароўя.

Асобна падкрэслю нормы, што закранаюць выхаванне дзяцей. У праекце змяненняў Канстытуцыі адзначана, што дзяржава звяртае асаблівую ўвагу на сямейнае выхаванне дзяцей. То-бок, мы імкнёмся сыходзіць ад выхавання хлопчыкаў і дзяўчынак у дзіцячых дамах, інтэрнатах і аддаём прыярытэт выхаванню іх у сем’ях: вяртаем у біялагічную або ўладкоўваем у прыёмную.

– Адной з дыскусійных прапаноў было трактаванне сям’і як саюза мужчыны і жанчыны па нараджэнні. Чаму рэмарка «па нараджэнні» не была ўлічана ў канчатковым праекце?

– Норма выклікала бурнае абмеркаванне. Распрацоўшчыкі праекта зыходзілі з таго, што неабходна ацаніць, як гэта норма можа паўплываць на грамадства і на людзей, якіх яна закране. Грамадзян, што змянілі пол, у нас няшмат. У краіне ўжо 30 гадоў робяцца аперацыі па змене полу, і карыстаюцца такой магчымасцю каля 4-5 чалавек у год. Перад тым, як зрабіць аперацыю, пацыент праходзіць складаную працэдуру для атрымання дазволу, абследуецца ў медыкаў, псіхолагаў. Змена полу ажыццяўляецца выключна па медыцынскіх паказаннях. З такіх людзей выдзяляем працэнт тых, хто ўступіў у шлюб, будзе яшчэ меншая колькасць.

Гэта ўдакладненне «па нараджэнні» напрамую закранае сферу асабістых інтарэсаў такіх людзей, пазбаўляе іх магчымасці ўступаць у шлюб. Наколькі правільна гэта рабіць у сучасным грамадстве? Сёння гэта права для іх не абмежавана. Таму прынята рашэнне аб яго захаванні і ў будучыні.

– Якая частка прапаноў была ўлічана распрацоўшчыкамі і замацавана ў Асноўным законе?

– Пасля народнага абмеркавання ўвогуле было дапрацавана 38 артыкулаў і больш за 50 нормаў Канстытуцыі. Але яшчэ раз нагадаю, што нормы, падрыхтаваныя Канстытуцыйнай камісіяй, таксама адлюстроўваюць прапановы грамадзян, атрыманыя раней.

– Журналісты, эксперты называюць Канстытуцыю-2022 новай. З юрыдычнага пункту гледжання, наколькі карэктна так называць праект, што абмяркоўваецца?

– Новая Канстытуцыя – тая, што поўнасцю змяняе дзяржаўны лад, таму ў нас не новая Канстытуцыя. З самага пачатку распрацоўшчыкі праекта зыходзілі з таго, што неабходна забяспечыць пераймальнасць і ўлады, і напрамкаў пабудовы суверэннай дзяржавы. Таму казаць, што гэта новая Канстытуцыя, няправільна. Верагодна, тэрмін «абноўленая» будзе больш трапны.

Звярніце ўвагу на Указ Прэзідэнта аб назначэнні рэспубліканскага рэферэндуму. Там гаворыцца аб Праекце змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Гэта ўжо падкрэслівае, што яна не новая, а скарэкціраваная з улікам нашага гістарычнага развіцця і сучасных грамадскіх адносін.

– Якія нормы вы, як адзін з выбітных юрыстаў краіны, можаце вызначыць як найбольш прагрэсіўныя і важныя ў праекце?

– Канечне ж, гэта нормы пра Усебеларускі народны сход. Уводзячы іх у Канстытуцыю, мы ўзмацняем прынцып народаўладдзя.

Адзначу таксама нормы, звязаныя з захаваннем традыцыйных маральных каштоўнасцяў, нашай гістарычнай памяці аб подзвігу беларускага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны.

На мой погляд, актуальнасць у час барацьбы з пандэміяй для нас мае прыняцце мер па захаванні здароўя грамадзян. Дзяржава такім чынам яшчэ раз падкрэслівае асаблівае стаўленне да здароўя людзей.

Важнае значэнне для забеспячэння палітычнай раўнавагі і грамадскага спакою маюць нормы па размеркаванні паўнамоцтваў паміж Прэзідэнтам, парламентам і УНС. Мы бачым, што змяняецца парадак фарміравання Канстытуцыйнага Суда, Вярхоўнага Суда, Цэнтральнай выбарчай камісіі.

– Вы выказвалі меркаванне, што знаёміцца са зменамі ў Канстытуцыю непасрэдна на выбарчым участку непрадукцыйна. Які парадак дзеянняў вам бачыцца ідэальным для свядомага грамадзяніна пры падрыхтоўцы да рэферэндуму?

– Што такое праект змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю? Калі параўнаць дзеючы Асноўны закон і абноўлены праект, то фактычна ў кожную норму ўносяцца змяненні. Нават юрысты блытаюцца. Звычайнаму грамадзяніну разабрацца, упершыню адкрыўшы праект на ўчастку для галасавання, будзе складана. Таму трэба загадзя азнаёміцца з праектам. Сёння можна знайсці шмат публікацый, меркаванняў, выступленняў наконт змен Канстытуцыі. Важна паглядзець іх, каб усвядоміць дух праекта. Толькі так можна зрабіць свядомы выбар.

– У міжнароднай юрыдычнай практыцы бываюць выпадкі, калі змены ў Канстытуцыю прымаюцца выключана парламентам. Чаму ў нашай краіне ўзнікла неабходнасць правядзення рэферэндуму?

– Дзеючая Канстытуцыя прадугледжвае, што асабліва важныя яе палажэнні аб дзяржаўным ладзе, канстытуцыйных правах і абавязках грамадзян, парадку фарміравання вышэйшых органаў улады могуць быць зменены толькі шляхам рэферэндуму. Справа ў тым, што праект змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю закранае ўсе яе раздзелы. Змяняюцца нормы, што могуць быць скарэкціраваны парламентам, і нормы, што змяняюцца толькі на рэферэндуме.

– Якім чынам змяненне Канстытуцыі паўплывае на жыццё звычайнага беларуса? Многія эксперты заўважаюць, што нейкі эфект будзе відаць у далёкай перспектыве.

– Калі людзі прымаюць праект, то большасцю галасоў пацвярджаюць прыхільнасць таму, што Асноўны закон неабходна выкласці такім чынам. Далей ідзе змяненне законаў, іншых прававых актаў, абнаўленне дзейнасці органаў улады, поглядаў людзей на жыццё – гэта доўгатэрміновы эфект рэформы.

– Якімі трыма словамі можаце апісаць праект змяненняў Асноўнага закона краіны?

– Суверэнітэт, адзінства, развіццё.

Марыя Дадалка, « Звязда», 18 лютага 2022 г.
(фота  Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў)