/ / Общественно-политические
30.09.2021

Якія новаўвядзенні і падыходы прадугледжаны ў адноўленым Кодэксе аб адукацыі

На найбліжэйшы час новая рэдакцыя кодэкса рыхтуецца да другога чытання на восеньскай сесіі Парламента. Калі будзе прыняты канчатковы варыянт, гаварыць рана. Між тым новая рэдакцыя ў многім адрозніваецца ад папярэдняй. Сістэма адукацыі патрабуе новых падыходаў.

Определен порядок проведения аттестации учащихся при освоении содержания образовательной программы дополнительного образования

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Лілія Кір’як у інтэрв’ю «Звяздзе» акрэсліла самыя важныя моманты новага кодэкса.

Як рыхтуецца дакумент

Кодэкс рыхтаваўся не знянацку. Міністэрства адукацыі некалькі гадоў збірала інфармацыю, прапановы і заўвагі. Работа была распачатая яшчэ дэпутатамі папярэдняга, 6-га склікання. У чэрвені гэтага года тэме адукацыі былі прысвечаныя парламенцкія слуханні, дзе выступалі прадстаўнікі розных рэгіёнаў, розных узроўняў сістэмы адукацыі.

– Мы правялі значную папярэднюю работу – арганізавалі круглыя сталы, дыялогавыя пляцоўкі, прыслухаліся да настаўнікаў-практыкаў, якія разумеюць усе праблемы. Наша задача была пачуць прадстаўнікоў усёй вертыкалі кіравання ў сістэме адукацыі, настаўнікаў і, вядома, грамадскасць, нашых бацькоў, – расказала дэпутат Парламента.

Нядаўна прайшло пасяджэнне пашыранай групы парламенцкай камісіі з удзелам прадстаўнікоў Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Рэспублікі, Цэнтра прававых даследаванняў, Галоўнага прававога ўпраўлення Палаты прадстаўнікоў, дзе абмяркоўвалі мэтазгоднасць той ці іншай нормы. Такім чынам, прынята ў першым чытанні аўтарская рэдакцыя і рыхтуецца да другога. Асноўныя пазіцыі, можна сказаць, акрэслены.

Парадак трэба выконваць

Новыя нормы будуць дакладна рэгуляваць адносіны паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу – навучэнцамі, педагогамі і бацькамі. Дарэчы, у першым варыянце некаторыя змены выклікалі пэўны ажыятаж сярод бацькоў.

– Яны не разумелі сутнасць змяненняў, яны вырашылі, што мы пазбаўляем іх права ўдзелу ў адукацыйным працэсе. Мы дапрацавалі норму, дзе гаворыцца, што кіраўнік установы адукацыі разам з органамі самакіравання, куды ўваходзяць і бацькі, вырашаюць, якім чынам бацькі будуць удзельнічаць у адукацыйным працэсе. Гэта значыць, знаёміцца з яго ходам, адзнакамі дзяцей, вынікамі вучэбнай дзейнасці, методыкамі навучання і выхавання. Каб не было сумненняў у бацькоў, мы гэту норму абмеркавалі і дапрацавалі. Яна ў канчатковым варыянце, на мой погляд, будзе спрыяць нармальным адносінам школы і сям’і, канструктыўнаму і давяральнаму ўзаемадзеянню, – адзначыла Лілія Кір’як.

Таксама дапрацаваныя артыкулы, якія датычацца правоў і абавязкаў удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Узмоцненыя патрабаванні як да педагогаў, так і да навучэнцаў. Школа – гэта ўстанова са сваімі парадкамі, якія трэба выконваць.

Толькі сярэдняя адукацыя

Новы кодэкс замацуе сярэднюю адукацыю абавязковай. Як паведаміла прадстаўнік Пастаяннай камісіі, захоўваюцца асноўныя традыцыі, дзе галоўнае – даступнасць кожнага да якаснай адукацыі. Але ёсць і новыя моманты. У прыватнасці, дапрацавана норма, якая дазваляе сумяшчаць дамашняе навучанне са школай. Гэта датычыцца дзяцей, якія маюць пэўныя абмежаванні па медыцынскіх паказчыках. Па новым заканадаўстве яны маюць магчымасць наведваць мерапрыемствы, класныя гадзіны, быць з калектывам, больш сацыялізавацца.

Таксама ў асобны від навучання вылучаецца дыстанцыйная форма, якая раней лічылася завочнай. Зараз яна будзе самастойнай, як і сеткавая форма навучання. У мэтах эканоміі бюджэтных сродкаў можна праходзіць навучанне ў сеткавай форме на базе адной установы.

Права на адукацыю атрымаюць і тыя непаўналетнія, якія змешчаны ў следчы ізалятар. Змогуць вучыцца і тыя, хто ўжо асуджаны і знаходзіцца ў спецустановах.

Прынцып інклюзіі

Адноўлены кодэкс узмоцніць прынцыпы інклюзіі. У сувязі з гэтым з’явіліся новыя артыкулы. Напрыклад, «Працаўладкаванне ў лік броні». Такім чынам, забяспечваюцца сацыяльныя гарантыі выпускнікоў з асаблівасцямі развіцця, абмежаванымі магчымасцямі. Яны атрымліваюць абарону і гарантыю ад дзяржавы ў працаўладкаванні. На сёння сітуацыя іншая.

– Калі няма працоўных месцаў для такой катэгорыі пасля заканчэння сярэдняй спецыяльнай установы альбо ВНУ, яны становяцца на ўлік ва ўпраўленні працы і сацыяльнай абароны, а з цягам часу іх працаўладкоўваюць. Але яны губляюць статус маладога спецыяліста і ўвесь адпаведны сацыяльны пакет. Новая рэдакцыя замацоўвае норму, якая гарантуе працоўнае месца. Такія ж гарантыі атрымаюць і выпускнікі платнай формы навучання, – патлумачыла Лілія Кір’як.

Уводзяцца спецыяльныя нормы для працаўладкавання за кошт броні для дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія атрымалі спецыяльную адукацыю. Калі іх не ўдаецца размеркаваць з-за адсутнасці адпаведных месцаў, у такім выпадку выпускнікам разам з дакументам аб адукацыі будзе выдавацца пасведчанне аб накіраванні на працу на забраніраванае працоўнае месца.

Для юнакоў па жаданні альтэрнатыўная служба ў арміі будзе залічвацца як адпрацоўка маладога спецыяліста. Гэта новая асаблівасць, якая замацоўваецца заканадаўча.

Меры да наймальніка і статус каледжа

Як расказала дэпутат парламента, уводзіцца норма вяртання бюджэтных сродкаў з боку наймальніка. Гэта адбываецца ў тым выпадку, калі заказчыкі кадраў неабгрунтавана адмовілі ў прыёме на работу выпускніка, які накіраваны ў дадзеную ўстанову. Бюджэтныя сродкі прыйдзецца вярнуць наймальніку і ў выпадку незаконнага звальнення маладога спецыяліста.

Што датычыцца мэтавага накіравання, зноў жа, большая адказнасць кладзецца на заказчыкаў кадраў. Тыя, хто зрабіў дзяржаўны кадравы заказ, але адмовіўся прымаць на работу выпускнікоў прафадукацыі, будуць абавязаныя кампенсаваць кошт навучання дадзенай установе. Згодна з новай рэдакцыяй, адбудзецца аптымізацыя ўстаноў прафтэхадукацыі, усе яны атрымаюць статус каледжаў. Гэта будзе адзіны від такога роду ўстаноў.

Садкі як прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства

Як патлумачыла парламентарый, для рэгулявання дзейнасці прыватных навучальных устаноў адукацыі ёсць асобны законапраект «Аб ліцэнзаванні». Між тым новы Кодэкс таксама ўтрымлівае некаторыя нормы адносна прыватнага навучання.

– У новым кодэксе ёсць палажэнне аб частковым дзяржаўным фінансаванні прыватных дашкольных і школьных устаноў адукацыі. Але пры пэўных умовах. Напрыклад, калі ў новым мікрараёне няма месцаў у крокавай даступнасці для дзяцей дашкольнага ўзросту. У такім выпадку прыватная ўстанова пры наяўнасці свабодных месцаў можа ўзяць гэтых дзетак, і дзяржава будзе часткова фінансаваць іх утрыманне, – расказала суразмоўніца.

Гэта дазволіць палепшыць стан з месцамі ў дзіцячых садках, якіх не хапае ў новых мікрараёнах. А з іншага боку, гэта стымул для адкрыцця прыватных устаноў адукацыі. Дарэчы, прадугледжана сацыяльная гарантыя для студэнтаў-платнікаў. Ім, як і бюджэтнікам, можа быць аказана матэрыяльная дапамога за кошт сродкаў даходнай часткі ўстановы адукацыі. Пакуль такая дапамога аказваецца толькі тым, хто вучыцца на бюджэтнай форме.

Маргарыта Ушкевіч, «Звязда», 30 верасня 2021 г.