/ / Общественно-политические
06.10.2021

Энергетычная сфера краіны павышае эфектыўнасць

З 12 да 15 кастрычніка ў Мінску пройдзе XXV Беларускі энергетычны і экалагічны форум Energy Expo – 2021, удзел у якім возьме каля 200 арганізацый з 7 краін. Гэта вядучыя прадпрыемствы энергетычнай галіны і прамысловасці Беларусі, а таксама вядомыя сусветныя брэнды.

БелАЭС

Па словах намесніка Міністра энергетыкі Вольгі Пруднікавай, сёлета беларуская энергасістэма адзначае сваё 90-годдзе, таму гэты юбілейны форум будзе праведзены дастойна, каб ён быў цікавы для ўсіх удзельнікаў. «У час мерапрыемства мы абмяркуем стратэгічныя напрамкі развіцця энергетычнай сферы, важныя для жыхароў нашай краіны», – сказала Вольга Пруднікава.

Удзельнікі разгледзяць эканамічныя і экалагічныя аспекты ядзернай энергетыкі, перспектывы «зялёнай» эканомікі, павышэнне энергаэфектыўнасці і энергазберажэнне, магчымасці развіцця ў краіне электратранспарту. Размова таксама пойдзе пра лічбавізацыю паліўна-энергетычнага, вытворчага і нафтахімічнага комплексаў. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы інжынерных кадраў для паліўна-энергетычнай і іншых галін. У дні форуму пройдуць канферэнцыі, семінары, круглыя сталы, на якіх будуць прадстаўлены сучасныя тэхналагічныя рашэнні ў энергетыцы, нафтахіміі, энергазберажэнні і экалогіі.

«У паліўна-энергетычным балансе Беларусі адбываюцца істотныя змяненні ў сувязі з уводам у эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС. Гэта змяненні структуры вытворчасці электраэнергіі на нашых крыніцах, а таксама структуры спажывання. Электраэнергія прыходзіць як першасны носьбіт для мэт ацяплення, гарачага водазабеспячэння. Працягвае развівацца электратранспарт, грамадскі, асабісты, а таксама каршэрынгі (самакаты, ровары). Гэта патрабуе ад нас развіцця інфраструктуры, нарматыўна-прававога рэгулявання, вырашэння пытанняў тарыфнай палітыкі», – адзначыла намеснік Міністра энергетыкі.

Мінпрыроды традыцыйна ўдзельнічае ў форуме, і гэты год не стаў выключэннем. Паводле слоў намесніка Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Гарошкі, на калектыўнай экспазіцыі Мінпрыроды ключавымі стануць прэзентацыі тэхналогій у галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага прыродакарыстання, аднаўляльнай энергетыкі, абыходжання з адходамі. Таксама Міністэрства сёлета арганіоўвае навукова-практычную канферэнцыю на тэму «зялёнай» эканомікі. «Форум стане ўнікальнай пляцоўкай для дыскусіі па пытаннях удасканалення экалагічнай палітыкі», – падкрэсліў ён.

Намеснік дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Леанід Паляшчук дадаў: у час форуму пройдзе круглы стол на тэму павышэння энергаэфектыўнасці і комплекснага выкарыстання электраэнергіі для жыццезабеспячэння шматкватэрных жылых дамоў. «Рэалізацыя Указа № 327 «Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў» пачалася даволі паспяхова, ідзе цеплавая мадэрнізацыя», – адзначыў ён.

Праграма форуму ўключае міжнародныя спецыялізаваныя выстаўкі «Энергетыка. Экалогія. Энергазберажэнне. Электра», Oіl&Gas Technologіes, «Атамэкспа-Беларусь», «ЭкспаСвятло», «Водныя і паветраныя тэхналогіі», «ЭкспаГорад» і XXV Беларускі энергетычны і экалагічны форум.

У дні мерапрыемства пройдзе конкурс інавацыйных і стартап-праектаў Belarus Energy Award – 2021, будуць падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці – 2021».

Па інфармацыі «Звязда», 6 кастрычніка 2021 г.