/ / Общественно-политические
03.05.2021

Што адбылося за тыдзень у Савеце Рэспублікі

На шляху да мэт

Намеснік Старшыні Савета Рэспублікі сустрэўся з прадстаўніком Дзіцячага фонду ААН у Беларусі

Нацыянальны каардынатар па дасягненні мэт устойлівага развіцця Анатоль Ісачанка правёў сустрэчу з прадстаўніком Дзіцячага фонду ААН у Беларусі Таняй Радачай.

Падчас сустрэчы абмяркоўваліся стан і напрамкі далейшага развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння з ЮНІСЕФ па лініі нацыянальнага каардынатара па дасягненні МУР, у тым ліку напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей, які адзначаецца штогод 1 чэрвеня, паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты парламента.

– Нам важна выбудоўваць супрацоўніцтва на канкрэтных праектах, якія адчувальныя для грамадзян Беларусі. Таму яшчэ раз адзначу важнасць рэгіянальнага аспекту ў нашай дзейнасці, – падкрэсліў віцэ-спікер Савета Рэспублікі.

Удзельнікі сустрэчы таксама разгледзелі перспектывы рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі па падтрымцы функцыянавання архітэктуры па дасягненні МУР у Беларусі.

Платформа электроннага ўрада будзе ўдасканальвацца

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч прыняў удзел у І Міжнародным форуме #GBC «Дзяржава. Бізнес. Грамадзяне».

Мерапрыемства прайшло ў сталіцы 28–29 красавіка. Яго асноўная мэта – прэзентацыя дасягненняў і праектаў у галіне электроннага ўрада, абмен вопытам, развіццё партнёрства і міжведамаснага ўзаемадзеяння, пошук новых шляхоў лічбавізацыі і ўзаемадзеяння дзяржавы, бізнесу і грамадзян шляхам інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

– Ужо зроблена нямала для таго, каб у нашай краіне лічбавыя пераўтварэнні набылі ўстойлівы і незваротны характар. Вядома, хацелася б, у першую чаргу, адзначыць тое, што платформа электроннага ўрада ў нас мадэрнізавана і цяпер валодае больш шырокімі магчымасцямі з пункту гледжання атрымання электронных паслуг насельніцтвам, бізнесам, – цытуе БелТА Міністра сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана з адкрыцця мерапрыемства.

Кіраўнік ведамства паведаміў, што платформа электроннага ўрада будзе і далей удасканальвацца, бо гэта, на яго думку, універсальны механізм, які дасць беларусам магчымасць «уступіць у зусім іншую эпоху электронных зносін паміж дзяржавай, чалавекам і бізнесам».

Арганізатарамі форуму выступілі рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы «Нацыянальны цэнтр абмену трафікам» і «Нацыянальны цэнтр электронных паслуг» пры падтрымцы Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Што хвалюе?

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Аляксей Нявераў правёў прамую тэлефонную лінію ў рэдакцыі газеты «Гомельская праўда».

Пытанні, з якімі гамяльчане звярнуліся да парламентарыя, традыцыйна датычыліся працоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь: работы на аддаленым доступе, работы звыш нормы, сацыяльных гарантый работнікам.

Сенатар даў вычарпальныя тлумачэнні, а асобным грамадзянам прапанаваў прыйсці на асабісты прыём і дэталёва разабрацца ў сітуацыі, якая ў іх склалася.

«Звязда», 29 красавіка 2021 г.