/ / Общественно-политические
12.03.2021

Каму і навошта спатрэбяцца новыя пашпарты

Сёлета беларусы змогуць атрымаць новыя дакументы: біяметрычныя пашпарты (для выезду за мяжу) і ІD-карткі (для сведчання асобы ўнутры Беларусі). Штогод, як лічаць у Міністэрстве ўнутраных спраў краіны, будзе выдавацца 800 тысяч картак і 300–500 біяметрычных пашпартоў. Да новых дакументаў тэхнічна ўсё гатова, зроблена партыя з некалькіх тысяч картак. Аднак падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў, дзе цяпер трэба будзе замаўляць новы пашпарт, чакаюць прыняцця адпаведнага нарматыўнага акта, які дасць старт біяметрыі ў Беларусі.

Біяметрычны і пластыкавы

Папяровыя беларускія пашпарты, якія сёлета мяркуецца замяніць новымі пластыкавымі, будуць працягваць дзейнічаць да сканчэння тэрміну іх прыдатнасці. Карыстацца імі спакойна можна на тэрыторыі нашай краіны, а таксама для выезду за мяжу ў суседнія краіны і тыя, дзе не патрэбна віза. Тэрмінова і абавязкова мяняць іх на новыя не трэба – новы пашпарт-картка і стары папяровы будуць дзейнічаць на аднолькавых умовах. Біяметрычны пашпарт увогуле атрымліваць не абавязкова, асабліва калі не збіраешся ехаць за мяжу, удакладнілі ў МУС.

– Знешне ён застанецца падобны на стары папяровы, але ў вокладку дакумента будзе «зашыты» лічбавы мікрачып з біяметрычнымі данымі, у тым ліку з адбіткамі пальцаў і электронным подпісам чалавека. Мяркуецца, што гэтыя звесткі аблегчаць праходжанне граніцы і атрыманне віз. Апошняя старонка – з пластыку. Варта памятаць, што калі выехаць з Беларусі ўсё ж спатрэбіцца, то перш чым атрымаць новы пашпарт, папярэдне трэба будзе зрабіць ІD-картку, інакш біяметрычны дакумент не выдадуць, – акцэнтаваў увагу Аляксандр ЛОБАН, начальнік аддзела грамадзянства і міграцыі (АГІМ) Кастрычніцкага РУУС Мінска.

Каштаваць пашпарт будзе 1,5 базавыя велічыні (43,5 рубля) для непаўналетніх і пенсіянераў, для астатніх – дзве базавыя (58 рублёў).

ІD-картка будзе выдавацца беларусам з 14 гадоў, аднак, па жаданні бацькоў ці апекуноў, займець яе дзіця можа з самага нараджэння. Для дзяцей і і грамадзян на дзяржзабеспячэнні картка бясплатная, для пенсіянераў і інвалідаў І і ІІ групы яе кошт – адна базавая велічыня (29 рублёў), усіх астатніх грамадзян – 1,5 базавай (43,4 рубля). ІD-карткі, дарэчы, змогуць атрымаць замежнікі і асобы без грамадзянства, якія пастаянна жывуць у Беларусі, – гэты дакумент заменіць ім від на жыхарства.

Фота, адбіткі пальцаў і подпіс

Каб атрымаць ІD-картку, спатрэбіцца толькі ўзяць стары пашпарт і прыйсці ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў адпаведнага раёна. Тут на спецыяльным абсталяванні збяруць вашы біяметрычныя параметры: сфатаграфуюць, здымуць адбіткі пальцаў і лічбавы подпіс.

– Усё робіцца аўтаматычна. Камера, напрыклад, настройваецца пад рост чалавека, калі ён сядае. Аператар устаўляе пашпарт у спецыяльную прыладу, і калі ён раней дакументаваўся, супрацоўнік адразу ўбачыць усе звесткі. Застанецца толькі ўнесці нейкія змяненні, калі яны адбыліся ў жыцці чалавека, напрыклад, у яго нарадзілася дзіця, – паказаў работу абсталявання Аляксандр Лобан. – Звыклага для беларусаў запаўнення анкет ужо не будзе. Гэта зробіць камп’ютар, а чалавеку застанецца толькі зверыць даныя і распісацца. Каб атрымаць ІD-картку, трэба прайсці праз тую ж самую працэдуру.

Увогуле, як мяркуюць у МУС, старымі пашпартамі беларусы будуць карыстацца яшчэ доўга, пакуль не наладзіцца сістэма. Тым больш калі ў краіне, куды збяруцца паехаць грамадзяне, не будуць настойваць на наяўнасці біяметрычнага пашпарта.

Прапіска, віза і пашпартныя парады

Гісторыя пашпарта пачалася яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя. У далёкім 1918 годзе дакументам, які сведчыў асобу, з’яўлялася... працоўная кніжка, якая таксама давала права на ўдзел у працоўнай дзейнасці. Яе павінны былі мець усе грамадзяне, якім споўнілася 16 гадоў.

У 1923-м пачалі выдавацца пасведчанні асобы, дзе ўжо адзначаліся асноўныя даныя ўладальніка: месца жыхарства, род заняткаў, сямейнае становішча, дачыненне да воінскай службы. Пазней была прынята пастанова аб прапісцы грамадзян у гарадскіх паселішчах. Прапіскай па месцы жыхарства, як і выдачай пасведчанняў асобы, займаліся органы міліцыі. Аднак такая сістэма аказалася непрыдатная для барацьбы са злачыннасцю і аховы грамадскага парадку – яна стварала нязручнасці для грамадзян. Таму ў 1932 годзе ў міліцыі пачалі стварацца пашпартныя падраздзяленні, а пашпарт стаў адзіным дакументам, які сведчыў асобу.

Вялікая Айчынная вайна перарвала ўкараненне ўстаноўленых нормаў пашпартнай сістэмы. У ваенныя гады пашпартныя саветы выконвалі функцыі, якія былі звязаны з пошукам злачынцаў, асабліва агентуры варожай разведкі. А таксама асоб, зніклых без вестак, і тых, хто страціў сувязь са сваякамі. Па пашпартах вёўся персанальны і колькасны ўлік насельніцтва.

У жніўні 1944-га фарміруецца ўпраўленне міліцыі, у якім ствараецца пашпартны аддзел. У 1953 годзе зацвярджаецца новае палажэнне аб пашпартах – у пашпартнай сістэме адмяняюцца асаблівыя правілы прапіскі. У жніўні 1974-га Саўмін СССР зацвердзіў узор новага пашпарта савецкага грамадзяніна. Такі дакумент павінны былі мець усе асобы ад 16 гадоў. Ён быў бестэрміновы, толькі фота ў ім абнаўлялася ў 25 і 45 гадоў.

У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя аб’ём работы пашпартных аддзелаў значна павялічыўся, бо мноства людзей хацелі з’ехаць за мяжу на пастаяннае месца жыхарства. Тады для гэтага трэба было сабраць значна большы пакет дакументаў, чым цяпер. Разглядалася не толькі сама магчымасць выезду, а і пытанні перадачы кватэры ЖЭСам.

У 1993 годзе ў незалежнай Беларусі была створана пашпартна-візавая служба. Пераломным момантам пры афармленні выязных дакументаў стаў новы парадак размяшчэння штампаў – яны былі шматразовыя і мелі тэрмін прыдатнасці да пяці гадоў. Праіснавала такая сістэма да канца 2001 года. Цяпер Беларусь рыхтуецца да «пластыкавага» перыяду.

Ірына Сідарок, «Звязда», 12 сакавіка 2021 г.