/ / Общественно-политические
05.03.2021

Штогод у органы дзяржаўнага кіравання звяртаецца каля мільёна чалавек

Такая лічба прагучала падчас семінара «Звароты грамадзян і юрыдычных асоб. Заканадаўства і практыка прымянення», які прайшоў у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з удзелам парламентарыяў і прадстаўнікоў дзяржкіравання.

Па словах спікера ніжняй палаты Парламента Уладзіміра АНДРЭЙЧАНКІ, для парламентарыяў работа з насельніцтвам мае асаблівае значэнне, яны заўсёды знаходзяцца ў эпіцэнтры грамадскага жыцця ў сваіх выбарчых акругах. Так, за мінулы год дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў праведзена больш за пяць з паловай тысяч сустрэч у працоўных калектывах, арганізавана звыш дзвюх тысяч асабістых прыёмаў, прынята больш за восем тысяч чалавек, разгледжана больш чым дзесяць тысяч зваротаў.

«І гэта толькі ў акругах. Акрамя таго, у Палаце прадстаўнікоў за гэты ж час разгледжана больш за тры тысячы зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. Часцей за ўсё звароты датычацца якасці аказання жыллёва-камунальных паслуг, стану дарог, праблем банкаўскага і паштовага абслугоўвання на вёсцы. Грамадзян хвалююць пытанні росту цэн на тавары першай неабходнасці і лекі. Таму дэпутатам і ў далейшым неабходна працягваць маніторынг цэнаўтварэння», – звярнуў увагу Старшыня ніжняй палаты Парламента.

Ён адзначыў, што семінар дасць старт сур’ёзнай прафесійнай дыскусіі аб перспектывах удасканалення прававой базы. Згодна з планам законапраектнай дзейнасці, у бягучым годзе прадугледжана ўнясенне змяненняў у Закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб». «Варта сказаць, што мы не першы раз звяртаемся да гэтай тэмы. Дэпутацкі корпус актыўна абмяркоўвае актуальныя пытанні дзеючага заканадаўства ў рамках круглых сталоў, рабочых сустрэч з прадстаўнікамі розных дзяржаўных органаў. Для парламентарыяў работа з насельніцтвам мае асаблівае значэнне, а ў яе аснове заўсёды быў, ёсць і будзе клопат пра чалавека», – канстатаваў Уладзімір Андрэйчанка.

У мерапрыемстве, акрамя дэпутатаў, узялі ўдзел члены Савета Рэспублікі, прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Канстытуцыйнага Суда, кафедры дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, выканаўчых і распарадчых органаў. Да ўдзелу запрошаны прадстаўнікі ведамстваў Гродзенскай і Віцебскай абласцей.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта Грыгорый ШЛЫК расказаў: штогод у органы дзяржаўнага кіравання звяртаецца каля мільёна грамадзян.

«Тут я не хачу казаць пра нейкае сацыяльнае ўтрыманства, «прафесійных» скаржнікаў – не яны робяць надвор’е і не пра іх размова. Трэба казаць пра тых асоб, што з надзеяй і верай у сумленнасць прыходзяць у кабінеты рознага ўзроўню. Мы лічым, што ступень даверу паміж насельніцтвам і ўладай павінна захоўвацца і павышаецца», – адзначыў Грыгорый Шлык.

Ён дадае, што час патрабуе больш высокага ўзроўню ўзаемадзеяння дзяржавы і народа, заснаванага на інфармацыйных тэхналогіях. На думку Грыгорыя Шлыка, звароты грамадзян – лакмусавая паперка настрояў у грамадстве.

«Мінулы год быў няпросты для ўсіх, але ў прынцыпе нічога не змянілася ў плане пошты, што прыходзіла ў Адміністрацыю Прэзідэнта. Тэмы зваротаў, як правіла, датычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі, выплаты пенсій, сацыяльнага забеспячэння, аховы здароўя, будаўніцтва жылля. Адзінае, з’явілася новая тэндэнцыя – насельніцтва стала больш палітычна актыўнае. То-бок падымаліся не толькі пытанні жыццязабеспячэння, але і далейшага сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны», – канстатаваў Грыгорый Шлык.

Ірына ДАЎГАЛА, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве, падкрэсліла, што ў Беларусі створана шырокая сетка суб’ектаў дзяржаўнай улады, якія прымаюць людзей са зваротамі.

«На мой погляд, рашэнні тады будуць успрымацца людзьмі, калі кожны дзяржорган і кожны чалавек з дзяржорганаў, якія вядуць прыём грамадзян і разглядаюць звароты людзей, будуць разглядаць іх як свае ўласныя», – сцвярджае дэпутат.

Валянціна РАЖАНЕЦ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, расказала, што ў лістападзе 2021 года да дэпутатаў павінен паступіць абноўлены праект Закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», і семінар быў стартавай пляцоўкай для гэтай дзейнасці.

«Я думаю, што з развіццём лічбавых тэхналогій значна пашыраюцца магчымасці грамадзян, якія жывуць у Беларусі, звяртацца ў дзяржорганы, да дэпутатаў, у грамадскія арганізацыі рознымі спосабамі, таму зваротаў шмат. Гэта добра, бо мы бачым увесь спектр пытанняў, што ёсць у рэгіёнах, і для іх эфектыўнага вырашэння, натуральна, трэба ведаць іх глыбіню і тонкасці», – сказала Валянціна Ражанец.

Яна звярнула ўвагу, што ў абноўлены нарматыўна-прававы акт магчыма ўнесці змяненні наконт атрымання электронных зваротаў, таксама неабходна папрацаваць над кнігай заўваг і прапаноў, удакладніць спосабы яе вядзення, запаўнення.

Марыя Дадалка, «Звязда», 4 сакавіка 2021 г.