/ / Общественно-политические
16.02.2021

Як будзе рэалізоўвацца Дзяржаўная праграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе»

Дзяржаўная праграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2021–2025 гады ўвайшла ў сілу ў Беларусі. На рэалізацыю яе мерапрыемстваў, што скіраваны на развіццё ЖКГ, сферы бытавога абслугоўвання, павышэнне даступнасці энерга- і газазабеспячэння ў населеных пунктах, запланавана 18 467,4 млн рублёў. Пра мэты і мяркуемыя дасягненні чарговай пяцігодкі ўдасканалення камунальнай сферы расказаў начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ Андрэй Рамашка.

Жилищные вопросы

Чакаецца, што задачы дзяржпраграмы будуць дасягацца за кошт павышэння эфектыўнасці і надзейнасці функцыянавання аб'ектаў ЖКГ з адначасовым зніжэннем затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП), а таксама прапанавання якасных бытавых паслуг і забеспячэння больш шырокага доступу грамадзян да энергетычных рэсурсаў.

– ЖКГ – галіна эканомікі і жыцця грамадства, дзе цесна пераплецены інтарэсы іншых сфер. Немагчыма ўявіць высокі ўзровень жыцця і матэрыяльнага дабрабыту людзей без развітой сістэмы жыллёва-камунальнага абслугоўвання, – адзначыў Андрэй Рамашка. – А дзяржпраграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» – адзін з інструментаў рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў цэлым. Дзяржпраграма ўключае ў сябе сем падпраграм.

«Даступнасць паслуг» – павінна садзейнічаць забеспячэнню даступнасці і якасці ЖКП, а таксама павышаць якасць і разнастайнасць бытавых паслуг.

«Добраўпарадкаванне» – скіравана на павышэнне ўзроўню добраўпарадкавання тэрыторый населеных пунктаў. Падчас яе рэалізацыі мяркуецца праводзіць капітальны рамонт і рэканструкцыю ўнутрыквартальных дваровых тэрыторый.

«Эфектыўнае цеплазабеспячэнне» – мусіць павысіць надзейнасць, тэхналагічную і эканамічную эфектыўнасць цеплазабеспячэння.

«Рамонт жылля» – уключае ў сябе «аднаўленне тэхнічных і спажывецкіх якасцяў, а таксама захаванне эксплуатацыйнай надзейнасці жыллёвага фонду. А яшчэ павінна стварыць бяспечную эксплуатацыю ліфтавага абсталявання ў дамах», падкрэсліў спецыяліст.

«Чыстая вада» – абавязана забяспечыць жыхароў вадой пітной якасці, павысіць якасць ачысткі сцёкавых вод і надзейнасць сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення.

«Мэта-99» – заклікана мінімізаваць аб»ёмы захавання цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА).

«Развіццё электраэнергетыкі і газіфікацыі населеных пунктаў» – мае на мэце будаўніцтва (рэканструкцыю) размеркавальных электрасетак працягласцю 3 464,9 км, каб грамадзяне выкарыстоўвалі больш электраэнергіі, забяспечваючы такім чынам большы камфорт свайго пражывання.

– Па выніках дзяржпраграмы чакаецца будаўніцтва каля 800 станцый абезжалезвання з мэтай забеспячэння 100 % беларусаў вадой пітной якасці да 2025 года. Неабходна пабудаваць і рэканструяваць 70 ачышчальных збудаванняў сцёкавых вод. Дасягнуць выкарыстання ў 2025-м не менш як 64 % ствараемых ЦКА. Замяніць 4727 ліфтаў у жылых дамах, – расказаў прадстаўнік ЖКГ. – Акрамя таго, штогод неабходна ўводзіць у эксплуатацыю пасля капрамонту не менш як 3,5 млн м2 агульнай плошчы жылых дамоў, а таксама рамантаваць і рэканструяваць 2 % прыдамавых тэрыторый.

На працягу пяцігодкі плануецца таксама штогод зніжаць затраты на аказанне паслуг насельніцтву не менш чым на 5 %. А таксама скараціць страты цеплаэнергіі ўласнай вытворчасці арганізацый ЖКГ з 9,8 % да 9 % да 2025 года.

Ірына Сідарок, «Звязда», 16 лютага 2021 г.