/ / Общественно-политические
31.08.2021

Мінчане змогуць будавацца з дзяржпадтрымкай і ў іншых гарадах краіны

Як вядома, самыя вялікія чэргі тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, знаходзяцца ў сталіцы нашай краіны. І вырашыць кватэрнае пытанне для ўсіх без выключэння гарадскіх чаргавікоў – праблема, уладзіць якую проста будаўніцтвам новага жылля, хутчэй за ўсё, не атрымаецца, але...

Строительство жилья

Цяпер рыхтуецца праект указа аб мерах па аказанні дзяржаўнай падтрымкі ў жыллёвым будаўніцтве. Прыняцце дакумента ў дадзены момант на стадыі завяршэння, паведаміў учора намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі – начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Аўраменка.

«У нас ёсць два ўказы, якія рэгулююць пытанні дзяржаўнай падтрымкі ў жыллёвым будаўніцтве, – гэта ўказы № 13 і № 240. Плануюцца змяненні ў гэтыя ўказы, і цяпер адпаведны праект дакумента практычна зроблены. Напэўна, на гэтым тыдні Міністр архітэктуры і будаўніцтва будзе з абмеркаваннем дадзенага дакумента ў Палаце прадстаўнікоў. Гэта значыць, праект указа практычна на стадыі завяршэння, і калі ён будзе канчаткова ўзгоднены, яго перададуць на падпісанне Кіраўніку дзяржавы», – удакладніў Аляксандр Аўраменка.

Дык вось, па словах спікера, згаданы дакумент прадугледжвае магчымасць накіравання жыхароў Мінска, якія стаяць у чарзе тых, хто мае патрэбу, на будаўніцтва жылля ў іншыя, менш праблемныя гарады краіны. Больш за тое, будавацца ў іншых гарадах можна будзе з захаваннем чаргі (тэрміну пастаноўкі на ўлік), выдзяленнем субсідый і іншай дзяржпадтрымкай.

Раней Намеснік Прэм’ер-міністра Анатоль Сівак падчас сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі паведамляў, што праект указа аб мерах па аказанні дзяржаўнай падтрымкі прадугледжвае ўрэгуляванне праблемных пытанняў, выяўленых у працэсе практычнай рэалізацыі ўказаў, якія рэгламентуюць пытанні будаўніцтва або набыцця жылых памяшканняў з дзяржаўнай падтрымкай. Паводле яго слоў, праект указа прадугледжвае комплексную карэкціроўку ўказаў № 13 і № 240 і накіраваны на дадатковую абарону інтарэсаў шматдзетных сем'яў, а таксама інтарэсаў членаў сем'яў крэдытаатрымальнікаў.

Сяргей Куркач, «Звязда», 31 жніўня 2021 г.