/ / Общественно-политические
19.04.2021

Што хаваецца пад зменамі ў крымінальнае заканадаўства – Вольга Чупрыс

Амаль траціна з 400 тысяч леташніх натарыяльных дзеянняў у Мінску – выканаўчыя надпісы аб спагнанні доўгу (іх колькасць за 2020-ы павялічылася больш як на 5 %). Падрасла і колькасць пагадненняў аб выплаце аліментаў (88 дакументаў). У пачатку красавіка ў Мінску ў натарыяльнай канторы № 3 Заводскага раёна адкрыўся першы кліент-цэнтр па арганізацыі запісу да натарыуса. Прапрацоўваецца пытанне аб атрыманні допуску натарыусаў да некаторых баз даных, каб працаваць яшчэ больш аператыўна. Пра гэтыя і іншыя прававыя аспекты гаворка ішла падчас выніковага пасяджэння калегіі Мінскай натарыяльнай палаты, на якой прысутнічала Вольга ЧУПРЫС, Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Яна ўпэўнена, што функцыі натарыята вельмі важна пашыраць, а натарыусы павінны быць у курсе актуальнага прававога парадку дня.

Публіка патрабавальная, работа складаная

Вольга ЧупрысНатарыусы працуюць на вастрыі, штодня размаўляюць непасрэдна з насельніцтвам, таму натарыусам неабходна адсочваць, што адбываецца ў краіне ў галіне права, і ведаць, пра што казаць людзям, падкрэсліла Вольга Чупрыс:

– Нашы натарыусы і юрысты высакакласныя. Не хачу казаць, хто горшы, хто лепшы, але калі б да мяне прыйшоў чалавек і спытаўся, да каго звярнуцца па кансультацыю, я параіла б ісці да натарыусаў, бо па асобных пытаннях грамадзянскага права яны ўльтраспецыялісты, і я вельмі давяраю ім. Я сама пачынала свой працоўны шлях з натарыята, таму з’яўляюся часткай гэтай сферы. Работа натарыуса складаная не толькі з юрыдычнага пункту гледжання, але і з псіхалагічнага: да кожнага трэба знайсці падыход. Публіка ж у Мінску патрабавальная і падрыхтаваная, а цяпер права яшчэ больш ускладнілася.

Натарыят – пляцоўка для дыялогу з насельніцтвам, і нашу сустрэчу можна лічыць працягам грамадскай дыскусіі, якая пачалася на VІ Усебеларускім народным сходзе. Гэта дэмакратычны інстытут актывізацыі грамадскага меркавання і адна з найважнейшых формаў народаўладдзя ў Беларусі, лічыць Вольга Чупрыс. «Вытокі гэтай формы ідуць з глыбіні стагоддзяў, з часоў славянскага народнага веча, калі ўсім светам вырашаліся найважнейшыя праблемы», – працытавала яна словы Кіраўніка дзяржавы.

Вольга Чупрыс абазначыла некаторыя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і акрэсліла моманты, што патрабуюць рашэння. У прыватнасці, неабходнасць інтэнсіўнага росту экспарту інвестыцый, стварэння паўнавартаснага электроннага ўрада, пошуку новых стымулаў для павелічэння колькасці насельніцтва.

– Нам трэба павысіць эфектыўнасць дзяржкіравання, забяспечыць новы ўзровень камунікацый улад і грамадства, стварыць умовы для раскрыцця патэнцыялу чалавека, рэалізацыі яго магчымасцяў. Забяспечыць якасны рост эканомікі на падставе ініцыятывы, інавацый і сучаснага кіравання. Вызначыць прыярытэты краіны на знешнім контуры, – акрэсліла задачы ў межах дзяржавы Вольга Чупрыс.

Сацыяльны і электронны арыенцір

За мінулае дзесяцігоддзе беларускі натарыят прайшоў праз рэфармаванне, даказаў здольнасць эфектыўна працаваць у фармаце самарэгулявання і самафінансавання. Цяпер усім дзяржорганам, у тым ліку натарыяту, трэба максімальна развіваць электронныя каналы зваротнай сувязі з грамадзянамі. Такім чынам можна не толькі дапамагаць людзям, але і аналізаваць іх прапановы, тым самым далучаючы беларусаў і грамадскія інстытуты ў працэс прыняцця рашэнняў, мяркуе Вольга Чупрыс:

– Ад кампетэнтнасці і прынцыповасці натарыусаў у многім залежыць надзейная абарона законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб, рэалізацыя правоў уласнасці і наследавання, цывілізаванае вядзенне прадпрымальніцкай дзейнасці. Пашырэнне выкарыстання інфармацыйных тэхналогій – адна з прыярытэтных задач беларускага натарыята. Адзіная інфармацыйная сістэма натарыята функцыянуе на працягу некалькіх гадоў і зарэкамендавала сябе як надзейны аўтаматызаваны памочнік у рабоце натарыуса.

У рабоце натарыусаў важна захаваць сацыяльную арыентаванасць на простых грамадзян. Паслугі павінны быць даступныя па кошце і тэрытарыяльнасці. Перспектыўны напрамак і пашырэнне кампетэнцый натарыусаў, у тым ліку іх паўнамоцтваў па здзяйсненні выканаўчых надпісаў па бясспрэчных патрабаваннях, падкрэсліла яна.

Экстрэмізм і камп’ютарная бяспека

Вольга Чупрыс закранула таксама некаторыя аспекты змен у закон аб крымінальнай адказнасці:

– Цяпер многія гавораць аб узмацненні адказнасці, якую праследуе крымінальнае заканадаўства. Аднак работа над ім пачалася задоўга да пэўных з’яў у краіне, і ніякіх задач па ўмацаванні не стаяла. Аднак падзеі (жніўня 2020-га. – Аўт.) вымусілі паглядзець на сітуацыю з розных бакоў. Безумоўна, у кодэксе па асобных пытаннях адбылося ўзмацненне жорсткасці, у прыватнасці ўзмацненне адказнасці за парушэнне грамадскага парадку. Уведзены больш дэталёвыя нормы за экстрэмісцкую дзейнасць, аднак не было пашырана вызначэнне «экстрэмізм». Трэба, каб людзі разумелі, за што яны будуць несці адказнасць: за вярбоўку і падрыхтоўку экстрэмісцкай дзейнасці будзе наступаць адказнасць.

Падчас прапаноў змен у Крымінальны кодэкс было разгледжана больш чым 600 самых розных прапаноў. Крымінальна-прававыя нормы не церпяць самавольства і непрадуманых рашэнняў, таму кожная норма вывучалася ўсімі датычнымі.

– У выніку перагледжаны санкцыі каля 70 складаў злачынстваў. Забяспечана адпаведнасць пакарання характару і ступені небяспекі здзейсненых злачынстваў. Поўнасцю перапрацаваны нормы, якія прадугледжваюць адказнасць за злачынствы супраць камп’ютарнай бяспекі. Гэтая глава цяпер прыведзена ў адпаведнасць з сучаснымі тэндэнцыямі ў сферы інфарматызацыі. Выключаны 10 артыкулаў і 24 склады злачынстваў, якія мелі фармальны характар і ахопліваліся іншымі мерамі ўздзеяння. Прынамсі, нанясенне ўрону прыроднаму асяроддзю ў выніку парушэння правіл водакарыстання, аховы рыбы і іншых водных жывёл цяпер не будзе праследавацца як крымінальнае злачынства, а пакрывацца толькі згодна з устаноўленымі таксамі ў межах грамадзянскага і гаспадарчага працэсу, – расказала Вольга Чупрыс.

Судзімасць непаўналетніх і растэрміноўка штрафу

У закон уведзены таксама новыя артыкулы, якія патрэбны грамадству. Яны датычацца, у прыватнасці, падробкі лекавых сродкаў і прэпаратаў, а таксама адказнасці за кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіравання і неаднаразова парушала гэтае правіла (не менш як двойчы за год прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці).

Пашыраны таксама спектр дзеянняў (замест 28 стала 33), якія цягнуць крымінальную адказнасць па патрабаванні асобы, якая пацярпела ад злачынства.

Значна змякчылі меры крымінальнай адказнасці адносна непаўналетніх. Цяпер яны будуць прызнавацца судзімымі толькі за здзяйсненне цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, і мерай уздзеяння на іх стане накіраванне ў спецыяльную вучэбна-выхаваўчую або лячэбна-выхаваўчую ўстанову. У астатніх выпадках мяркуецца вызваляць непаўналетніх ад адказнасці за злачынствы, якія не маюць вялікай грамадскай небяспекі.

– Грамадствам актыўна абмяркоўвалася і пытанне аб залічэнні тэрміну ўтрымання пад вартай. Адзін дзень утрымання залічваўся за дзень адбывання пакарання. Цяпер жа асобе, якая здзейсніла злачынства да 18 гадоў, прапануецца адзін дзень утрымання пад вартай залічваць за два дні пазбаўлення волі, – заўважыла Вольга Чупрыс. – Яшчэ адно пэўнае «паслабленне» прадугледжана для тых, каму будзе прызначана крымінальная адказнасць у выглядзе ўтрымання ў калоніях ва ўмовах агульнага і ўзмоцненага рэжыму: адзін дзень утрымання пад вартай залічваецца за паўтара дня адбывання ў гэтых месцах. У астатнім падыход не змяніўся.

Некаторыя змены, на думку прадстаўніцы Адміністрацыі Прэзідэнта, падаюцца досыць ліберальнымі. Сярод іх, прынамсі, магчымасць выплаты штрафу ў растэрміноўку (па рашэнні суда) на пяць гадоў або яго адтэрміноўка на год пры цяжкім матэрыяльным становішчы. А таксама канкрэтызацыя ўмоў, пры якіх не наступае перавышэнне межаў неабходнай самаабароны: калі асоба, напрыклад, з прычыны нечаканасці замаху не змагла аб’ектыўна ацаніць яго небяспеку і характар.

Закон суровы, але ён закон

Аптымізаваны парадак замены крымінальнага пакарання пры ўхіленні ад яго адбывання, заўважыла прадстаўніца Адміністрацыі. Згодна з артыкуламі 415 і 419 Крымінальнага кодэкса цяпер, калі чалавек ухіляецца ад адбывання пакарання (якое не звязана з ізаляцыяй ад грамадства), напрыклад, ад выплаты штрафу, то супраць яго ўзбуджваецца крымінальная справа, і ён будзе прыцягнуты да адказнасці па адпаведным артыкуле Крымінальнага кодэкса. Мера крымінальнага пакарання пры гэтым мяняецца на больш сур’ёзную (арышт ці абмежаванне волі).

Сярод новаўвядзенняў – пашырэнне выкарыстання інфармацыйных тэхналогій, якое робіць даступным вядзенне допытаў, вочных ставак і іншых следчых дзеянняў дыстанцыйна з дапамогай інтэрнэту. А таксама прымяненне медыяцыі ў крымінальным працэсе для прымірэння пацярпелага і абвінавачванага праз заключэнне медыяцыйнага пагаднення. Гэта магчыма ў справах па менш цяжкіх злачынствах, якія не маюць вялікай грамадскай небяспекі.

– У краіне праведзена вялікая работа, каб усе разумелі, за што людзі могуць быць прыцягнуты да адказнасці, якія меры адказнасці за гэта вынікаюць. Каб грамадзяне разумелі, што праз закон пераступаць нельга і ёсць законныя сродкі, каб выказаць сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю. І калі ў людзей ёсць недастатковае разуменне, натарыусам трэба падказваць ім, як выбраць правільны прававы шлях для вырашэння складанай жыццёвай сітуацыі, – падсумавала яна.

Ірына Сідарок, «Звязда», 16 красавіка 2021 г.
(фота – «Звязда»)