/ / Общественно-политические
10.09.2020

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка наведаў Аршанскі раён

Ці можна лічыць папярэднія вынікі паскоранага развіцця Аршанскага раёна здавальняючымі? Ці могуць даць высокую ацэнку зменам мясцовыя жыхары? Што з напрацаванага вопыту трэба абавязкова пераймаць іншым раёнам краіны? Гэтыя і іншыя важныя пытанні ўчора былі ў цэнтры ўвагі падчас наведвання раёна Прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам і членамі Урада.

Кіраўнік Урада наведаў шмат прадпрыемстваў, дзе рэалізуюцца мерапрыемствы ў рамках выканання Праграмы развіцця Аршанскага раёна. Іх усяго павінна быць рэалізавана каля ста.

У гарадскім пасёлку Балбасава Прэм’ер-міністр азнаёміўся з будаўніцтвам мультымадальнага цэнтра «Брэміна-Орша». Тут ужо функцыянуе гіганцкі «корпус», куды з-за мяжы дастаўляюцца тавары для далейшай іх транспарціроўкі. Прадукцыю маркіруюць, афармляюць мытныя дакументы, калі трэба захоўваюць. Тавары з Еўропы ў Азію і наадварот праз «лагістычныя вароты» адпраўляюць і па чыгунцы. А ўвод у эксплуатацыю ўзлётна-пасадачнай паласы даўжынёй каля трох кіламетраў дазволіць выкарыстоўваць і паветраную транспарціроўку. Урачыстае адкрыццё запланавалі на пачатак лістапада. Паралельна з выкарыстаннем гэтай паласы вялікія перспектывы ў запраўцы палівам транспартных самалётаў. Пад Оршай могуць прызямляцца практычна без абмежаванняў крылатыя машыны розных габарытаў і класаў.

Капітальны рамонт узлётна-пасадачнай паласы, рэканструкцыя рулёжных дарожак, узвядзенне аб’ектаў дапаможнага прызначэння ажыццяўляецца ў рамках дзяржаўнай праграмы развіцця транспартнага комплексу Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады.

Непадалёк знаходзіцца прадпрыемства па рамонце авіяцыйнай тэхнікі, якое таксама наведаў Прэм’ер-міністр. У павільёне было нямала верталётаў з розных краін, якім беларускія майстры дадуць новае жыццё.

На ААТ «Аршанскі мясакансервавы камбінат» у цэнтры ўвагі было будаўніцтва новага цэха забою і перапрацоўкі мяса свіней і буйной рагатай жывёлы.

Перад пасяджэннем у Аршанскім райвыканкаме Раман Галоўчанка ў гутарцы з прадстаўнікамі СМІ падкрэсліў, што ў Аршанскім раёне былі створаны самыя льготныя ўмовы для таго, каб аздаравіць мясцовую эканоміку, паспрыяць павелічэнню інтарэсу да інвестыцый з боку прадстаўнікоў айчыннага і замежнага бізнесаў.

Падрабязнае вывучэнне зробленага ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта і праграмай Урада дазволіць распаўсюдзіць запатрабаванае жыццём для паскарэння развіцця ў іншых раёнах, дзе таксама распачалася «перазагрузка». Вельмі важна надаць імпульс для стварэння лепшых умоў у гарадскіх пасёлках. Галоўнае, каб там жылося не горш, чым у абласных цэнтрах.

На нарадзе вялося абмеркаванне не толькі ходу рэалізацыі праграмы. Але і прапаноў па магчымай яе карэкціроўцы. У прыватнасці, па тэрмінах рэалізацыі асобных мерапрыемстваў комплексу, аб’ёмаў і крыніц фінансавання.

Аляксандр Пукшанскі, «Звязда», 10 верасня 2020 г.