/ / Общественно-политические
31.03.2020

Вярнуць грошы за пакупкі можна будзе праз АРІП

У цяперашні час з-за неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкі многія арганізацыі гандлю і сэрвісу вымушаны вяртаць грашовыя сродкі за аплачаныя раней тавары, якія так і не былі дастаўлены кліентам, і паслугі, якія так і не былі аказаны.

У сувязі з гэтым прэс-служба Нацыянальнага банка краіны звяртае ўвагу на тое, што ў выпадку, калі арганізацыя гандлю (сэрвісу) гатовая вярнуць свайму кліенту грашовыя сродкі, раней выплачаныя пры дапамозе банкаўскай плацежнай карткі, такую аперацыю неабходна аформіць шляхам ажыццяўлення аперацыі вяртання ў плацежным тэрмінале. У гэтым выпадку кліенту будуць вернутыя яго грашовыя сродкі, а арганізацыі гандлю – раней выплачанае ўзнагароджанне за аказаныя паслугі эквайрынгу (у тым ліку інтэрнэт-эквайрынгу).

Таксама эксперты рэгулятара паведамляюць, што цяпер праводзяцца работы па ўкараненні ў АРІП падобнага сэрвісу, які дазволіць кліентам ажыццяўляць вяртанне плацяжоў, зробленых у безнаяўнай форме, з дапамогай сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, а арганізацыям гандлю (сэрвісу) – раней выплачанае імі ўзнагароджанне. Такі сэрвіс будзе рэалізаваны на працягу некалькіх месяцаў, падрабязную інфармацыю аб парадку яго выкарыстання паведамяць пазней.

Пры гэтым спецыялісты нагадваюць, што ў АРІП ужо рэалізаваны механізм вяртання ў поўным аб'ёме плацяжоў за жыллёва-камунальныя паслугі. Для гэтага неабходна падаць заяву аб вяртанні залішне (памылкова) выплачанай сумы ў арганізацыю, якая ажыццяўляе ўлік, разлік і налічэнне платы за жыллёва-камунальныя паслугі (разлікова-даведачны цэнтр). Пасля разгляду заявы грошы будуць вернуты плацельшчыку.

Сяргей Куркач, «Звязда», 31 сакавіка 2020 г.