/ / Общественно-политические
09.06.2020

Атэставаць кіраўнікоў прадпрыемстваў ЖКГ будуць па новых правiлах

Раней кiраўнiкi прадпрыемстваў ЖКГ таксама праходзiлi атэстацыю ў дзяржаўным цэнтры «Жылком», але цяпер iстотна змянiўся падыход да гэтага. Новыя правiлы прадугледжаны Дырэктывай № 7 «Аб удасканальваннi i развiццi жыллёва-камунальнай гаспадаркi краiны» i пастановай Саўмiна ад 31 сакавiка 2020 г. № 187.

– Цяпер правядзенне прафесiйнай атэстацыi прынцыпова адрознiваецца ад таго, што было раней, – прэтэндэнты на кiруючыя пасады ў сферы ЖКГ абавязкова павiнны праходзiць атэстацыю, – тлумачыць дырэктар ДЦ «Жылком» Кацярына Гарбачова. – У пастанове Урада ўжо дакладна прапiсаны пасады i галiны, па якiх будзе праходзiць атэстацыя. Пры гэтым новыя правiлы датычацца i прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасцi.

Напрыклад, усяго адзначана шэсць галiн, па якiх прэтэндэнт будзе здаваць экзамен. Па якой з iх канкрэтна – будзе залежаць ад сферы дзейнасцi прадпрыемства. Пры гэтым хтосьцi можа здаваць экзамен адразу па ўсiх, а хтосьцi – толькi па адной галіне.

Абавязкова прайсцi атэстацыю павiнны тыя, хто прэтэндуе на пэўную пасаду ў арганiзацыi, якая ажыццяўляе эксплуатацыю жылога фонду i (цi) аказвае жыллёва-камунальныя паслугi (напрыклад, ЖЭУ цi ТУ). Сярод такiх пасад – дырэктар, яго намеснiкi, галоўны iнжынер, некаторыя начальнiкi структурных падраздзяленняў, старшыня праўлення таварыства ўласнiкаў i iншыя. Напрыклад, той жа старшыня праўлення ТУ, згодна з Жыллёвым кодэксам, павiнен праходзiць атэстацыю яшчэ да ўзгаднення яго на пасаду ў мясцовых органах улады. Здаць экзамен павiнен i той, хто плануе стаць прадстаўнiком дзяржаўнага заказчыка ў сферы ЖКГ – напрыклад, у Мiнску гэта КУП «ЖКГ». Тут атэстацыя датычыцца дырэктара, яго намеснiка, галоўных iнжынера i эканамiста прадпрыемства, начальнiкаў пэўных структурных падраздзяленняў.

Першую атэстацыю ў «Жылкоме» праходзiлi дзевяць чалавек. Адзiн з iх прэтэндаваў на пасаду старшынi праўлення ТУ i паспяхова прайшоў атэстацыю. Восем астатнiх планавалi заняць пэўныя пасады ў арганiзацыях ЖКГ, але iм удалося здаць экзамен толькi па адной вобласцi з усiх заяўленых – трэба будзе з'явiцца на атэстацыi яшчэ раз i лiквiдаваць прабелы.

– Калi спецыялiст вырашыць змянiць месца работы, але сфера дзейнасцi застанецца тая ж, то зноў праходзiць атэстацыю яму не трэба. Калi ж, напрыклад, галоўны iнжынер ЖЭУ пажадае перайсцi на такую ж пасаду, але ў арганiзацыю, якая займаецца вывазам цвёрдых камунальных адходаў, то экзамен ён павiнен будзе здаць зноў, але ўжо па iншых кiрунках, – адзначае Кацярына Гарбачова.

Валерыя Кiслая, «Звязда», 9 чэрвеня 2020 г.