/ / Общественно-политические
18.02.2020

Псіхалагічны тэст для суддзяў і відэазапіс пасяджэння. Валерый Калінковіч пра новаўвядзенні судовай сістэмы

Адзіная інфармацыйная сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі (АІССАЮ) пачне сваю работу ў краіне напрыканцы гэтага года, а да канца 2021-га неабходна завяршыць працу над адзіным Грамадзянскім працэсуальным кодэксам. Налета павінен таксама з’явіцца агульнадаступны электронны банк судовых рашэнняў. Пра гэтыя і іншыя новаўвядзенні судовай сістэмы расказаў Валерый КАЛІНКОВІЧ, першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда.

Адна з галоўных задач судовай сістэмы – умацаванне кадравага складу і патэнцыялу судзейскага корпусу і прыцягненне ў іх рады найбольш прыстойных членаў юрыдычнай супольнасці. Для гэтага сёлета дзейнічае абноўленая сістэма крытэрыяў падбору кадраў на пасады суддзяў, якая суправаджаецца абавязковым псіхалагічным тэстам. Захоўваецца і сур’ёзная праверка прававых ведаў. Дарэчы, палова кандыдатаў, якія пажадалі летась здаць экзамен, не прайшлі праверку, падзяліўся Валерый Калінковіч.

– Мы ўважліва аналізуем, як адгукаецца ў грамадстве работа судоў. Арганізацыя, эфектыўнасць і справядлівасць правасуддзя – трыяда, якая ў грамадскай свядомасці характарызуе якасць судовай дзейнасці. У гэтым кантэксце мы і ацэньваем сёння дзейнасць кожнага работніка ў нашай сістэме.

Суды арыентуюць таксама на разумнае выкарыстанне альтэрнатыў грамадскай і крымінальнай адказнасці, у тым ліку медыяцыйныя працэдуры і стымуляванне дзейнага раскаяння.

Летась у сувязі з прымірэннем з пацярпелым было спынена 706 спраў. Частка з іх – справы аб злачынствах так званага прыватнага абвінавачвання, дзе магчымасць прымірыцца абвінавачанаму і пацярпеламу наўпрост прапісана ў Крымінальным кодэксе і з’яўляецца для суда абавязковай прычынай для спынення справы.

– Медыяцыйныя сесіі найчасцей прымяняюцца ў эканамічным судаводстве. Аднак паступова не толькі суб’екты гаспадарання, але і грамадзяне ўсё часцей звяртаюцца да гэтай працэдуры. Мы не выключаем укараненне медыяцыі і ў крымінальны працэс, – мяркуе спецыяліст. – У пэўнай ступені людзей стрымлівае кошт паслуг медыятара, які сёння досыць істотны. Суды расказваюць пра магчымасць скарыстацца па ўзаемнай згодзе медыяцыйнымі працэдурамі. Часам у ролі такіх перамоўцаў выступаюць абаронцы абвінавачаных. Калі за гэтым няма ніякай крамолы, то гэта нармальна. Пытанне не ў лічбавых паказчыках, а ў вырашэнні канфлікту, праз які людзі апынуліся ў судзе.

Яшчэ адзін напрамак працы ў плане пашырэння магчымасцяў доступу да правасуддзя, яго разумнай эканамічнасці і адкрытасці судовай сістэмы ў ведамстве бачаць праз укараненне ў сістэму сучасных інфармацыйных тэхналогій і, як следства, спрашчэнне судовых працэдур. Прынамсі, гэта датычыцца законапраекта, які дазволіць перайсці ад складання падрабязных папяровых пратаколаў у судзе да аўдыя- і відэафіксацый працэсу практычна ва ўсіх відах судавытворчасці.

– Спадзяёмся, што ён будзе прыняты на вясновай сесіі Парламента і мы пачнём яго практычна рэалізоўваць. Восенню мы павінны скончыць забеспячэнне сродкамі аўдыя- і відэафіксацыі ўсе абласныя суды. У Вярхоўным Судзе і ў шэрагу раённых такія сістэмы ўжо існуюць, – заўважыў першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда.

Інфармацыйная сістэма АІССАЮ, якая павінна запрацаваць сёлета, дазволіць больш аператыўна атрымліваць інфармацыю пра правасуддзе і павінна значна пашырыць магчымасці для дыстанцыйнага звароту ў суд праз сеціва. У сваю чаргу, гэта дазволіць удзельнікам працэсу аператыўна атрымліваць інфармацыю пра ход справы.

На гэты год запланавана і распрацоўка канцэпцыі законапраекта аб доступе да інфармацыі аб дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі. Валерый Калінковіч падкрэсліў неабходнасць заканадаўчага ўпарадкавання работы з інфармацыяй, якая датычыцца судовай дзейнасці:

– Законапраект дазваляе ў межах аднаго нарматыўна-прававога акта сканцэнтраваць усе асноўныя патрабаванні, якіх неабходна прытрымлівацца пры рабоце з такой адчувальнай інфармацыяй, як вынікі разгляду канкрэтных спраў. Мы працуем з людзьмі, якія таксама маюць права на асабістае жыццё і разумнае захаванне яго таямніцы.

Адно з пытанняў, якое будзе рэгулявацца гэтым законам, – магчымасць трансляцыі адкрытых судовых пасяджэнняў у інтэрнэце. Дзякуючы такому стрыму могуць не вытрымлівацца пэўныя судовыя каноны, калі сведка, які чакае сваёй чаргі, спакойна назірае за тым, што адбываецца ў зале пасяджэння, што недапушчальна.

У аб'ёмны электронны банк судовых рашэнняў, які запрацуе ў 2021-м, будуць змяшчаць рашэнні, што выносяцца ва ўсіх відах судавытворчасці пры захаванні патрабаванняў заканадаўства на ахову персанальных дадзеных удзельнікаў працэсу.

– Гэта патрабуе стварэння досыць складанага дадатковага праграмнага прадукту. Сумесна з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі мы працуем над тым, каб, публікуючы прававы складнік спраў, не дапусціць распаўсюджвання інфармацыі пра прыватнае жыццё ўдзельнікаў працэсу ў межах, больш за тыя, што вызначаны законам, – удакладніў Валерый Калінковіч.

Ірына Сідарок, «Звязда», 18 лютага 2020 г.