/ / Общественно-политические
21.08.2020

Што адбылося за тыдзень у Савеце Рэспублікі

Са святам, Iндыя

Старшыня Савета Рэспублiкi Наталля Качанава павiншавала з нацыянальным святам Рэспублiкi Iндыя – Днём Незалежнасцi – вiцэ-прэзiдэнта Iндыi, спiкера Радж Сабха Сансада гэтай краіны Мупаварапа Венкая Знайду i спiкера Лок Сабха Сансада Iндыi Ом Бiрла.

Наталля Качанава падкрэслiла, што адносiны памiж краiнамi развiваюцца ў атмасферы ўзаемаразумення i даверу, з’яўляюцца надзейнай асновай для рэалiзацыi вялiкага патэнцыялу двухбаковага супрацоўнiцтва.

Старшыня Савета Рэспублiкi зазначыла, што далейшае пашырэнне канструктыўнага мiжпарламенцкага дыялогу дазволiць умацаваць мiждзяржаўныя сувязi i пашырыць узаемавыгаднае партнёрства ва ўсiх сферах дзейнасцi.

Заўсёды абапiрацца на законы

Старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па адукацыi, навуцы, культуры i сацыяльным развiццi Вiктар Лiсковiч правёў асабiсты прыём грамадзян.

Людзей пераважна хвалявалi розныя жыццёвыя тэмы: пытаннi залiчэння ў школу, падрыхтоўкi дысертацыйных даследаванняў, работы банкаматаў i iншыя. Заяўнiкi атрымалi парады i тлумачэннi.

Паводле слоў Вiктара Лiсковiча, сенатары на сiстэмнай аснове працягваюць работу па ўсiх кiрунках сваёй дзейнасцi, у тым лiку са зваротамi грамадзян. Нягледзячы на часовыя цяжкасцi, мы павiнны жыць, думаць, як развiваць нашу краiну, што рабiць далей – заўтра, паслязаўтра. У гэтай дзейнасцi важна заўсёды абапiрацца на закон. Датычыцца тое як кожнага грамадзянiна, так i грамадства ў цэлым, звярнуў увагу старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi.

Дапамога бiзнесу

Старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па эканомiцы, бюджэце i фiнансах Таццяна Рунец у фармаце вiдэаканферэнцыi ўзяла ўдзел у рабоце Мiжведамаснай камiсii па вызваленнi юрыдычных асоб i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў ад адмiнiстрацыйных спагнанняў i платы пеняў.

У пасяджэннi камiсii таксама ўдзельнiчалi дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў, прадстаўнiкi Мiнiстэрства па падатках i зборах, Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь, Камiтэта дзяржкантролю, Генеральнай пракуратуры, Дзяржаўнага мытнага камiтэта, Нацыянальнага статыстычнага камiтэта, Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны.

Члены Мiжведамаснай камiсii разгледзелi хадайнiцтвы i матэрыялы спраў суб’ектаў гаспадарання, якiя звярнулiся па вызваленне ад адмiнiстрацыйных спагнанняў i (або) выплаты пенi. Па кожным звароце прыняты станоўчыя рашэннi ў задавальненнi хадайнiцтва цалкам або часткова.

«Звязда», 21 жніўня 2020 г.