/ / Общественно-политические
20.07.2018

Зразумелы «квадрат»: Новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса рыхтуецца да другога чытання

Законапраект «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін» быў прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні 17 мая. «Гэта было канцэптуальным прыняццем, да другога чытання будуць улічаны ўсе прапановы па дакуменце», – тлумачыць куратар праекта ў Палаце прадстаўнікоў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Аксана Гайдук.

Жилье

Дзеючы Жыллёвы кодэкс уступіў у сілу параўнальна нядаўна – у 2012 годзе. За гэты час выйшлі тры асноўныя дакументы, якія ўтрымліваюць прынцыповыя змены ў сферы жыллёвага заканадаўства. У 2013 годзе прыняты Указ Прэзідэнта № 563, які прадугледжваў перавод дзяржаўнага жылля ў арэнднае. У 2015 годзе падпісаны два ўказы: № 535, які забяспечыў празрыстасць выдаткаў насельніцтва на тэхнічнае абслугоўванне жылога дома, і № 536, які павысіў адказнасць старшынь таварыстваў уласнікаў і арганізацый забудоўшчыкаў. Усе гэтыя нарматыўныя акты законапраект замацоўвае ў кодэксе.

«Новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса не ўтрымлівае рэвалюцыйных змяненняў, – каментуе Аксана Гайдук. – Яна толькі сістэматызуе і злучае ў адным дакуменце нарматыўныя акты, прынятыя пасля 2012 года. Пры гэтым са структуры Жыллёвага кодэкса выключаюцца раздзелы аб прыватызацыі і дагаворы паднайму, бо два гады таму скончыўся тэрмін для зваротаў грамадзян наконт прыватызацыі, і абавязацельствы па дагаворах паднайму спыненыя».

Абноўлены Кодэкс замацоўвае новую структуру дзяржаўнага жыллёвага фонду, у якую цяпер уваходзяць сацыяльнае жыллё, «квадраты» ў інтэрнатах, спецыяльныя жылыя памяшканні і арэнднае жыллё. Доля арэнднага жылля на пачатак гэтага года складала 50,5 % ад агульнай плошчы дзяржаўнага жыллёвага фонду.

«Стварэнне фонду дзяржаўнага арэнднага жылля дае станоўчы эфект, – лічыць дэпутат. – Яно паўплывала на зніжэнне цэн на рынку і стала не толькі альтэрнатывай прыватнай арэндзе, але і дадатковай крыніцай сродкаў для будаўніцтва новага і рамонту існуючага арэнднага жылля».

У кодэксе прапануецца замацаваць, што памер платы за карыстанне арэндным жыллём устанаўліваецца на падставе базавай стаўкі і каэфіцыента ў залежнасці ад ступені добраўпарадкаванасці і месцазнаходжання. Базавая стаўка вызначацца ўрадам, сёння яна складае 0,2 базавай велічыні або 4 руб. 90 кап. за квадратны метр.

Максімальны тэрмін дзеяння дагавора найму арэнднага жылля абмяжоўваецца альбо перыядам працоўных адносін альбо пры агульным парадку давання – 5 гадамі з абавязковым яго працягам пры належным выкананні наймальнікамі сваіх абавязацельстваў.

Новая рэдакцыя кодэкса фіксуе дакладныя падставы для высялення з арэнднага жылля: спыненне працоўных адносін з арганізацыяй, якая забяспечвала жыллём на час работы; запазычанасць без уважлівых прычын за арэнду і камунальныя паслугі; заканчэнне тэрміну дзеяння дагавора арэнды пры неналежным выкананні наймальнікамі сваіх абавязацельстваў.

Законапраект прадугледжвае выключную адказнасць уласнікаў жылых памяшканняў (незалежна ад формы ўласнасці) за іх утрыманне. «У сувязі з гэтым абавязак па ўтрыманні ўсяго дзяржаўнага жыллёвага фонду, у тым ліку арэнднага і сацыяльнага жылля, будзе накладацца не на наймальніка – часовага «карыстальніка», які плаціць арэндную плату, а на выканкамы як прадстаўнікоў дзяржавы (уласніка) гэтых кватэр», – удакладняе Аксана Гайдук.

Парламентарый падкрэслівае, што сацыяльныя гарантыі неабароненых груп насельніцтва, а таксама тых, хто мае асаблівыя заслугі перад дзяржавай, не толькі захоўваюцца ў новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса, але і ўзмацняюцца. Праект прадугледжвае права пазачарговага ўключэння ў арганізацыі забудоўшчыкаў ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Цяпер на чарзе знаходзіцца каля 620 воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Яшчэ адна важная норма – магчымасць пераводу арэнднага жылля ў сацыяльнае для неабароненых катэгорый грамадзян, якія там пражываюць. Такі перавод можна зрабіць толькі аднойчы.

У выпадках прызнання жылля, якое знаходзіцца ў долевай уласнасці, непрыдатным для пражывання, прадугледжваецца выплата грашовай кампенсацыі кожнаму з уласнікаў (цяпер такая кампенсацыя выплачвацца толькі аднаму ўласніку). Замацоўваецца абавязак удзельнікаў долевай уласнасці адпаведна сваёй долі аплачваць камунальныя паслугі.

Устанаўліваецца адзіны падыход пры высяленні грамадзян з любога дзяржаўнага жылля ў выпадках яго сістэматычнага (тры і болей разоў на працягу каляндарнага года) разбурэння або псавання, выкарыстання не па прызначэнні або сістэматычнага парушэння правілаў карыстання жылымі памяшканнямі і правілаў пажарнай бяспекі, з-за якіх немагчыма для іншых сумеснае пражыванне з імі ў адным жылым доме.

«Праект новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса замацоўвае тое новае і перспектыўнае, што зроблена ў жыллёвай палітыцы дзяржавы за апошнія гады, і захоўвае пры гэтым сацыяльную накіраванасць існуючага прававога механізма рэалізацыі грамадзянамі канстытуцыйнага права на жыллё», – рэзюмуе куратар законапраекта ў Палаце прадстаўнікоў.

Парламентарый адзначае, што адбылося грамадскае абмеркаванне законапраекта ў маі-чэрвені на сайце «Прававы форум Беларусі», і ўсе выказаныя прапановы і заўвагі былі ўлічаныя.

Вольга Мядзведзева, «Звязда», 20 ліпеня 2018 г. (Фота – Анатоль Клешчук)