/ / Общественно-политические
21.02.2018

Фантом сярод яснага неба. Як міліцыя шукае злачынцаў з дапамогай квадракоптараў

Беспілотны лятальны апарат упершыню прыменены ў Мінскай вобласці для выяўлення з вышыні птушынага палёту падпольных самагонных заводаў, а таксама аматараў катання на квадрацыклах у забароненых месцах. Эфектыўнасць невялікага чатырохвінтавога беспілотніка на пульце дыстанцыйнага кіравання аказалася проста бліскучай. У гэтым карэспандэнт «Р» пераканалася на свае вочы.

Паветраны рэйд

Квадракоптар «Фантом-4» набыў для патрэб раёна Маладзечанскі райвыканкам. На гэты апарат вагой менш за паўтара кілаграма, аснашчаны камерай з высокім дазволам, ускладаюцца вялікія надзеі. Так, ужо зараз супрацоўнікі МНС выкарыстоўваюць яго здольнасці – вышыня палёту каля 500 метраў, час працы на адной зарадцы прыкладна 25 хвілін і дальнасць кіравання з пульта 3,5 кіламетра – для назірання за паводкавымі з’явамі, падтапленнямі. Невялікі дрон праляціць над самымі недаступнымі месцамі, пакажа, дзе варта разбіць лёд, пракантраляваць берагавую лінію. Ён дапаможа адшукаць ачаг ляснога пажару, прасачыць за браканьерамі, выявіць самагоншчыкаў.

На мінулым тыдні дзякуючы гэтаму беспілотніку супрацоўнікі Маладзе-чанскага РАУС і РАНС ліквідавалі буйны цэх па вытворчасці самагону ў вёсцы Насілава. Канфіскавана і знішчана 390 літраў гатовага прадукту і больш за 4 тоны брагі.

– Многія супрацоўнікі міліцыі былі заняты забеспячэннем парадку на выбарах, і некаторыя самагоншчыкі вырашылі скарыстаць гэта ў сваіх мэтах. Але дзе там! Мы вызначылі зоны, у якія трапілі двары тых, хто ўжо прыцягваўся да адказнасці за самагонаварэнне, паднялі ў паветра квадракоптар. Ён абляцеў гаспадарчыя пабудовы, перадаючы сігнал на планшэт. Камера высокага дазволу «разгледзела» не толькі дым, дровы ў машыне, але нават белыя каністры на снезе, – расказаў аб падрабязнасцях паветранага рэйду Яўген Жылінскі, намеснік начальніка Маладзечанскага РАУС.

У выхадныя беспілотнік працаваў у Мінскім раёне, дзе ў наваколлі вёскі Бараўляны любяць паганяць на квадрацыклах мясцовыя жыхары. Некаторыя дазваляюць сабе выязджаць на палі, засеяныя азімымi. Шырокія рэльефныя колы літаральна пераворваюць пасевы, безнадзейна іх псуючы. Дрону з вышыні выдатна відаць, дзе менавіта яны знаходзяцца і куды кіруюцца.

Аперацыя праводзілася маштабная: пасля абеду ў суботу ў раёне Бараўлян сабраліся інспектары ДАІ, супрацоўнікі абласнога АМАПа, патрульна-паставой службы Мінскага РАУС і нават служачыя ўнутраных войск. На зямлі ў любы момант гатовы пагнацца за парушальнікамі аўто павышанай праходнасці i нават два снегаходы. Побач з імі беленькі апарат з прымацаванай знізу камерай выглядае вельмі сціпла. На фоне снегу, а потым шэрага неба ён амаль незаўважны, затое сам «бачыць» далёка і вельмі добра. Як толькі ў поле яго зроку трапляў падазроны аб’ект, інфармацыя паступала на планшэт, а потым – па рацыі патрульным нарадам.

– А што такое? Што я парушыў? – дзівіцца мужчына сярэдніх гадоў, якога спынілі супрацоўнікі міліцыі.

Яму тлумачаць, што катацца па засеяных палях нельга, а па дарозе – тым больш, квадрацыклы па сваіх тэхнічных характарыстыках і асаблівасцях канструкцыі не прызначаны для ўдзелу ў дарожным руху.

– Чаму? – не перастае абурацца вадзіцель.

Дакументаў на транспартны сродак у яго няма, таму ў бліжэйшы час квадрацыкл будзе знаходзіцца на стаянцы каля Бараўлянскага аддзела міліцыі – пакуль не вызначаць яго паходжанне і прыналежнасць

– На жаль, многія купляюць гэтыя дарагія цацкі, не задумваючыся аб іх статусе, – сочыць за выявай, якую перадае квадракоптар, на планшэце Аляксей Мацак, камандзір групы АМАП УУС Мінаблвыканкама. – Яны лічаць, што могуць катацца там, дзе ўздумаецца, вадзіцельскія правы ж непатрэбныя. Чатыры колы квадрацыкла даюць ілжывае адчуванне бяспекі. На самай справе з-за асаблівасцей кіравання і канструкцыі снегаходы, усюдыходы, квадрацыклы дастаткова няўстойлівыя. Да таго ж дзе на іх катаюцца? Па палях, лясных сцежках, калдобінах… Так і да бяды недалёка.

Падчас рэйду прэтэнзіі ў супрацоўнікаў міліцыі ўзніклі да пяці вадзіцеляў. У трох з іх адсутнічалі дакументы на транспартныя сродкі.

Пры выкананні такіх розных задач беспілотнік зарэкамендаваў сябе проста выдатна. Нічога дзіўнага, што станоўчы вопыт па выкарыстанні дронаў плануецца ўкараняць і ў іншых раёнах.

Аксана Неўмяржыцкая, «Рэспубліка», 20 лютага 2018 г.
(фота – УУС Мінаблвыканкама)