/ / Общественно-политические
02.02.2018

Валокназнаўчая экспертыза. Як эксперты па адной нiтцы з места здарэння знаходзяць злачынцу

У выніку кантакту злачынца з ахвярай на вопратцы і на прыладах злачынства могуць застацца драбнюткія фрагменты валокнаў. Часта толькі яны дапамагаюць праліць святло на абставіны злачынства. Як па адной нітцы з адзення ўстанавіць вінаватага, высвятляла карэспандэнт «Р».

Экспертиза

– Валокны ў выглядзе слядоў-напластаванняў прысутнічаюць практычна на ўсіх навакольных прадметах, – пасвячае ў дэталі старшы эксперт аддзела даследавання мікрааб’ектаў Цэнтральнага апарата Дзяржкамітэта судмедэкспертыз Тамара Макаркова. – З-за асаблівасцей будовы валокны матэрыялаў пры кантакце з іншымі прадметамі лёгка пераносяцца на іх.

Эксперту неабходна высветліць, ці быў кантакт злачынца з пацярпелым і з прыладамі злачынства. А таксама з дэталямі транспартнага сродку, калі гаворка ідзе аб дарожна-транспартным здарэні. Працаваць даводзіцца з драбнюткімі фрагментамі валокнаў. Цікаўлюся: як зразумець, апынуўшыся на месцы здарэння, дзе менавіта шукаць узоры?

– Валокны можна выявіць практычна на ўсіх аб'ектах. Пры аглядзе месца здарэння іх неабходна выяўляць мэтанакіравана, зыходзячы з абставін крымінальнай справы, – тлумачыць Тамара Макаркова. – Шукаць доказы трэба на ўчастках падыходу да месца здарэння і адыходу з яго. Асабліва старанна аглядаюць месца пераадолення злачынцам перашкод. У нашай практыцы быў выпадак, калі злодзей, пералазячы цераз плот, зачапіўся за цвік і пакінуў на ім фрагменты нітак свайго адзення. У выніку праведзеных даследаванняў устанавілі адзінае цэлае канфіскаваных нітак са світарам падазронага. Доказ быў жалезны.

– Аднойчы міліцыя затрымала серыйных зладзеяў і канфіскавала ў іх частку ўкрадзенага. Ахвярам злачынстваў тады прыйшлося даказваць, што ўкрадзеныя рэчы раней належалі ім, – да размовы падключаецца начальнік аддзела даследавання мікрааб’ектаў Анатоль Івашкевіч. – У адной з пацярпелых разам з прадметамі хатняга ўжытку ўкралі шторы. Яна іх апазнала сярод канфіскаваных у злачынцаў рэчаў. У якасці доказу прадставіла фрагмент гэтых жа штор даўжынёй каля шасці метраў. Фрагмент застаўся, калі палатно ўкарацілі, падганяючы пад вышыню акна. Было ўстаноўлена поўнае супадзенне абедзвюх частак па лініі падзелу. Шторы пацярпелай вярнулі.

Пасля цяжкага ДТЗ вадзіцель можа паспрабаваць пазбегнуць адказнасці, схлусіць, што за рулём быў не ён, а нехта з загінулых. Вось толькі ў выніку комплекснага даследавання ўнутранай часткі аўтамабіля, у тым ліку з дапамогай экспертызы валакністых матэрыялаў, магчыма праліць святло на абставіны здарэння. Для гэтага вывучаецца следчая карціна як унутры аўтамабіля, так і на вопратцы ўдзельнікаў аварыі.

Тым часам Тамара Макаркова з дапамогай палярызацыйнага мікраскопа вызначае прыроду валокнаў узору спаленай тканіны і расказвае пра нядаўняе здарэнне, калі мужчына хацеў падпаліць суседскі аўтамабіль. Узяў свой стары джэмпер, намачыў яго ў гаручай вадкасці, паклаў пад дно машыны і падпаліў. Справа не выгарала. Уладальнік машыны своечасова заўважыў пажар і патушыў яго. Вывучыўшы абгарэлы джэмпер і фрагменты тэкстыльных матэрыялаў, выяўленых у гаражы падазронага, эксперты ўстанавілі іх супадзенне па многіх прыкметах.

– Матэрыял захаваў сваю структуру, нягледзячы на тэрмічнае ўздзеянне. Таму мы ўстанавілі від трыкатажу, размяшчэнне пяцелек, вывучылі склад пражы, структуру валокнаў і фарбавальнікі, – узгадвае Тамара Макаркова.

Старанна разгледзеўшы валокны пад мікраскопам, яна адносіць іх да баваўняных.

– Бавоўна адносіцца да групы прыродных валокнаў. Пры спальванні яны захоўваюць сваю марфалогію і структуру. Бачыце? – Тамара Макаркова прапаноўвае мне паглядзець у мікраскоп. – Сін­тэтыка гарыць па-іншаму. Яе валокны расплаўляюцца і ўтвараюць розныя структуры ў залежнасці ад класа палімера, з якога яны выраблены. Кожнае валакно мае сваю структуру. Краі ваўняных валокнаў зубчастыя, няроўныя, баваўняных – спіралепадобныя, а сінтэтычныя валокны практычна ідэальна роўныя.

Далей нам трэба ўстанавіць тып фарбавальніка і спосаб фарбавання. З афарбаванымі тканінамі працаваць складаней. Тамара Макаркова тлумачыць, чаму:

– Сінтэтычныя тканіны, напрыклад, могуць афарбоўвацца на этапе вырабу палімера, а могуць афарбоўвацца павярхоўна. Для кожнага віду валокнаў неабходна падбіраць методыку даследавання фарбавальнікаў. Гэты этап вельмі працаёмкі, бо даводзіцца мець справу з валокнамі даўжынёй 1-2 мм.

Часам толькі валокназнаўчая экспертыза можа паставіць кропку ў канфлікце пакупніка і прадаўца, калі кліент не задаволены пакупкай.

– Трапіла пад дождж, і вось! – звярнулася дзяўчына да прадаўца з джынсамі, на якіх з'явіліся падцёкі фарбавальніка.

Прадавец усумніўся ў словах пакупніцы. Справу вырашаў суд, які прызначыў комплексную экспертызу. У выніку праведзеных даследаванняў эксперты і спецыяліст па хімчыстцы прыйшлі да высновы, што пакупніца парушыла правілы догляду адзення, у выніку чаго і здарыўся канфуз. Рашэнне суда было не на яе карысць.

Іна Гарбаценка, «Рэспубліка», 2 лютага 2018 г.