/ / Общественно-политические
24.05.2017

Як не згубіцца на «ціхім паляванні» і што рабіць, калі вы ўсё ж заблукалі? Парады дае памочнік Міністра па надзвычайных сітуацыях

Нягледзячы на тое, што вясна сёлета выдалася даволі позняя, людзі ўжо выбіраюцца ў лясы. Але не заўсёды вяртаюцца дадому своечасова. Літаральна на мінулым тыдні стужкі інфармацыйных агенцтваў абляцела навіна аб бабулі, якая правяла ў лясах Хоцімскага раёна трое сутак і якую знайшлі падчас пошукаў.

Як жа не зацягнуць неспадзявана для сябе паход у грыбы і ягады на нявызначаны тэрмін? І што рабіць, калі вы ўсё ж заблукалі? Аб гэтым карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з памочнікам Міністра па надзвычайных сітуацыях Віталем Навіцкім.

Рыхтуемся да шпацыру

– Галоўная праблема, з якой сутыкаюцца ратавальнікі і міліцыя падчас пошуку зніклых у лесе, – гэта тое, як людзі апранаюцца, – расказвае Віталь Навіцкі. – Шмат хто лічыць, што найбольш практычная вопратка для паходаў у лес – гэта стары добры камуфляж. Яго выбіраюць таму, што ён утульны, шчыльны і добра абараняе ад кляшчоў. Але разам з тым ён выдатна выконвае сваю першапачатковую функцыю – маскіраваць апранутага ў яго. І тады заўважыць зверху чалавека сярод зеляніны амаль немагчыма. Праўда, на гэтую акалічнасць зважаюць не ўсе. У тэстах у нашай мабільнай праграме «Дапамога побач» найбольшы працэнт памылак выдаецца пры адказе менавіта на гэтае пытанне.

Таму лепш апранаць пры паходзе ў лес нешта яркае. Калі ж з куртак дома асаблівага выбару няма, то трэба падумаць над тым, як жа сябе пазначыць, калі вас будуць шукаць. Гэта можа быць які-небудзь капюшон, павязкі на рукавах. Адным словам, тое, што будзе прыкметна кантраставаць на фоне суцэльнага лісця. Перад любой вандроўкай у лес трэба паведаміць родным і блізкім, куды вы збіраецеся і калі плануеце вярнуцца. Гэтая інфармацыя стане пунктам адліку для таго, каб пачаць вас шукаць.

Збіраючыся ў лес, абавязкова пакладзіце ў кошык ці заплечнік паўлітровую бутэльку з несалодкай вадой. Калі маеце хранічныя захворванні – прыхапіце з сабой лекі. Нават калі зараз хвароба, здаецца, «пайшла ў падполле», ад стрэсу яна можа рэзка абвастрыцца. Што да ежы, то лепш узяць штосьці каларыйнае, напрыклад, плітку шакаладу. Адкрытыя ўчасткі цела трэба абараніць ад кляшчоў.

Навошта ў лесе... сшытак?

Самае цяжкае пры падарожжы ў лесе – гэта ісці прама. Чалавечыя ногі маюць адну анатамічную асаблівасць – адна з іх на некалькі міліметраў даўжэйшая за другую. У горадзе ці вёсцы гэта заўважыць немагчыма – мы міжволі выпраўляем крок на гэтую драбязу, арыентуючыся па дарогах ці сцежках. А вось у лесе такіх зручных арыенціраў няма. І таму вандроўнік будзе апісваць сярод дрэў кругі з радыусам 3–4 кіламетры.

Аднак ёсць адзін спосаб, які дазваляе рухацца ў лесе па больш-менш прамой траекторыі. Трэба выбраць дрэва і стаць да яго спінай. Калі вы не ведаеце, куды ісці – выберыце які-небудзь напрамак, які вам падаецца правільным. На ім трэба выбраць другое дрэва. Яны ў вас атрымаліся на прамой лініі. Цяпер трэба выбраць трэцяе дрэва, каб першае аказалася роўна за спінай, а трэцяе – роўна перад вамі. Толькі па такім арыенціры вы здолееце ісці прама.

– Самы лепшы варыянт, як не заблукаць у лесе, – гэта прыгадаць школьныя ўрокі геаграфіі, – раіць Віталь Навіцкі. – Менавіта там вучаць, як правільна карыстацца компасам. Калі ж у вас гэтага маленькага памочніка няма ці вы ніколі ім не карысталіся – гэта не крытычна. Падчас ляснога падарожжа вам абавязкова сустрэнуцца якія-небудзь ямкі, валуны, расшчэпленыя ствалы... Запамінайце гэтыя арыенціры.

Калі ж усе дрэвы здаюцца на адзін капыл, то тут вам дапаможа звычайны агульны сшытак на 96 лістоў. Можна вырываць адтуль аркушыкі і насаджваць іх на галінкі дрэў з такім улікам, каб яны заставаліся ў зоне бачнасці.

Беларускія лясы – не сібірская тайга. У нас працуе добрая сістэма прасек, з дапамогай якіх лес раздзелены на кварталы. Таму, калі вы выйшлі на такую прасеку, яна абавязкова прывядзе вас або да дарогі, або да лініі электраперадачы ці да іншай прыкметы цывілізацыі. І трэба прыслухоўвацца да абстаноўкі навокал. Напрыклад, сабачы брэх можна пачуць за два кіламетры. Гук ад трактара разносіцца на ўдвая даўжэйшую дыстанцыю. Цягнік і ўвогуле можна пачуць на адлегласці да дзесяці кіламетраў. Далёка разносяцца і сігналы аўтамабіляў, з дапамогай якіх шукаюць зніклых у лясах.

Калі ж вы напаткалі па дарозе ручай або раку, то трэба ісці ўніз па цячэнні. Выток ракі звычайна знаходзіцца ў цяжкадаступным глухім месцы. А так любая рака куды-небудзь, але ўпадае. Да таго ж на берагах рэк, як правіла, знаходзіцца шмат людскіх паселішчаў.

Ну а калі выбрацца да заходу сонца не атрымалася, то адзінае, што застаецца, – гэта ўладкоўваць месца для начлегу. Для гэтага ідэальна падыходзяць ямы, якія ўтварыліся ад вывернутых дрэў. Пад вопратку пажадана напіхаць паперы, каб затрымаць цяпло. Развядзіце агонь, калі зямля не сухая, – ён дапаможа адпужваць драпежных жывёл. Піць ваду з ручаёў і лужын нельга, як бы спакусліва гэта ні выглядала, – без спецыяльнай апрацоўкі вы праглыняце мільярды шкодных бактэрый. Што-небудзь яркае неабходна прымацаваць на дрэве, каб вас заўважыла выратавальная група. Бо калі яна пройдзе непадалёк ад вас і нічога не заўважыць, то раён будзе лічыцца адпрацаваным. І пошукі рызыкуюць зацягнуцца на большы тэрмін...

Валяр'ян ШКЛЕННІК, «Звязда», 24 мая 2017 г.