/ / Общественно-политические
15.05.2017

Сакрэты працы раскрываюць эксперты-хімікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз

Свінец, ртуць, мыш'як, сурма... Колькі людзей сталі ахвярамі атручэння гэтымі рэчывамі, напэўна, ніхто і ніколі не даведаецца. Той жа мыш'як калісьці вельмі цаніўся за свае касметычныя ўласцівасці. Жанчыны спрабавалі з яго дапамогай дасягнуць свежага колеру твару і мажнасці фігуры, а мужчыны – павышалі сваю сексуальную патэнцыю. Сурма ўвогуле разглядалася ўрачамі ў якасці панацэі ад усіх хвароб... Сярод ахвяр свінцовага атручвання – Франсіска Гоя ці Ван Гог, які любіў высмоктваць свінцовыя фарбы са сваіх пэндзляў.

У 1930-я гады галоўным інгрэдыентам у надзвычай папулярных крэмах для выдалення валасоў стаў адкрыты яшчэ ў 1863 годзе талій. Але пасля апублікавання рамана Агаты Крысці «Віла «Белы конь» гэту небяспечную атруту з запаволеным дзеяннем пачалі шырока выкарыстоўваць у крымінальных мэтах. Вядомага майстра дэтэктыўнай прозы абвінавацілі ў тым, што менавіта яна падказала патэнцыяльным злачынцам спосаб атручвання солямі талію.

На жаль, але і сёння атручэнні – не такая ўжо рэдкая з'ява. Сярод прычын гвалтоўнай смерці яны знаходзяцца на другім месцы. Прычым нярэдка беларусы гінуць з прычыны ўласнага недагляду і глупства. Толькі чадны газ уносіць жыцці да тысячы чалавек за год. Пра гэта добра ведаюць эксперты-хімікі галоўнага ўпраўлення судова-медыцынскіх экспертыз Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, для якіх такія выпадкі – не проста статыстыка.

Людміла Сомава

Смерць ад... лекаў

– Наша ўпраўленне і падобныя структуры ў абласцях займаюцца экспертызай біялагічных аб'ектаў на наяўнасць у іх атрутных рэчываў, – тлумачыць начальнік упраўлення судова-хімічных экспертыз Юрый СІНЬКЕВІЧ. – Калі судова-медыцынскі эксперт пры ўскрыцці бачыць прыкметы атручэння, ён прызначае мэтавую экспертызу. Больш вопытны спецыяліст можа адразу накіраваць экспертаў-хімікаў у патрэбнае рэчышча. Але большасць атрутных спалучэнняў уздзейнічаюць на арганізм, не пакідаючы там слядоў сваёй прысутнасці, таму канкрэтнай марфалагічнай карціны агульны эксперт не бачыць. І тады наша задача або ўстанавіць рэчыва, якое стала прычынай смерці чалавека, даць яго колькасную ацэнку, або выключыць магчымае кола таксічных спалучэнняў. Адмоўны вынік – таксама вынік.

Дарэчы, па навуковых звестках, на біялагічны арганізм могуць уздзейнічаць каля 10 тысяч хімічных спалучэнняў.

Натуральна, што з эканамічных прычын шукаць усе іх немэтазгодна. Да таго ж гэта і немагчыма зрабіць за кароткі час (на экспертызу адводзіцца максімум месяц). У пералік спалучэнняў, якія ў першую чаргу шукаюць эксперты, было ўключана каля некалькі сотняў найменняў: калі спіс складаўся, пад увагу бралася статыстыка атручэння гэтымі рэчывамі, іх уласцівасці, высокая таксічнасць і даступнасць шырокім слаям насельніцтва.

– Майце на ўвазе, што прычынай смерці чалавека могуць стаць самыя банальныя рэчывы, якія ёсць у кожнай хатняй аптэчцы, – уводзіць у курс справы намеснік начальніка ўпраўлення судова-хімічных экспертыз Людміла СОМАВА. – Гэта ацэтылсаліцылавая кіслата, парацэтамол, ібупрафен, анальгін, любімая ўсімі жанчынамі но-шпа. Усё залежыць толькі ад дозы. Адна таблетка – гэта лячэбная доза, але калі ўпакоўку з аспірынам знайшло ваша дзіця і праглынула тры-чатыры таблеткі ці, напрыклад, лякарства трапіла ў арганізм сабакі або ката, усё можа скончыцца лятальным выпадкам. Прычынай смерці можа стаць той жа лідакаін, які патрабуецца для растварэння сухога антыбіётыка. Яго небяспека ў тым, што ён запускае механізмы імгненнага анафілактычнага шоку. Быў выпадак, калі жанчына папрасіла ў аптэцы лідакаін, не патлумачыўшы, для якіх мэт. І ёй прадалі 10-працэнтны раствор замест 1-працэнтнага. Растварэнне антыбіётыка ў такім растворы скончылася для дзіцяці трагічна.

Экспертыза

Вельмі легкадумна людзі з немедыцынскай адукацыяй ставяцца і да гарачкапаніжальных сродкаў. Пры высокай тэмпературы вып'юць таблетку і чакаюць імгненнага эфекту, а пры грыпе, напрыклад, не так і лёгка знізіць тэмпературу. Праз гадзіну зноў прымаюць таблетку, затым яшчэ адну...

Бацькі, якія знаходзяцца ў паніцы, могуць вельмі лёгка «нашпігаваць» сваё дзіця лекамі: у ход ідуць ібупрафен, парацэтамол.

Клінічныя фармаколагі сцвярджаюць, што 10 таблетак парацэтамолу, якія трапляюць у арганізм адначасова, – гэта гарантаванае сур'ёзнае пашкоджанне печані, а 20 таблетак ужо могуць выклікаць смерць. Таму трэба вельмі строга прытрымлівацца інструкцый урача і не займацца самалячэннем...

Хімік-эксперт Аляксандр Старэнкоў

Выпіў і... на пагост

З шырока даступных рэчываў, якімі труцяцца беларусы, трэба згадаць бытавыя растваральнікі, якія прадаюцца ў гаспадарчых крамах, тармазныя, паяльныя вадкасці, шклоачышчальнікі...

«Зараз вельмі актуальныя атручэнні спіртаўтрымліваючымі вадкасцямі, якія змяшчаюць метанол і этыленгліколь. Яны лёгка ўсмоктваюцца праз мембраны, трапляюць у мозг, уздзейнічаюць на цэнтральную нервовую сістэму. І для лятальнага канца дастаткова зусім невялікай іх колькасці, – папярэджвае Юрый Сінькевіч. – Усяго 5–10 мілілітраў метанолу хопіць для таго, напрыклад, каб аслепнуць. А паяльная вадкасць утрымлівае шмат цынку: гэты таксічны метал разбуральна ўздзейнічае на ўнутраныя органы...»

Статыстыка сведчыць: на этылавы спірт прыпадае 70 працэнтаў усіх атручэнняў. Нават якаснага алкаголю можна выпіць столькі, што ўсё скончыцца для чалавека лятальна.

У сельскай мясцовасці выпадкова можна атруціцца ядахімікатамі і рэчывамі, якія прапануюцца дачнікам у вялікай колькасці – для павышэння ўраджаю ці барацьбы са шкоднікамі. Здараецца, што ветэрынары атручваюцца селенам, паколькі маюць доступ да селеніту натрыю.

Аднойчы спецыялісты знайшлі 50-працэнтны раствор селеніту натрыю ў «лячэбнай» вадкасці, якую прапісаў свайму пацыенту так званы знахар з Віцебскай вобласці. Абяцаў з яе дапамогай вылечыць усе хваробы, але пацыенту станавілася ўсё горш і горш, пакуль той не звярнуўся па дапамогу да ўрачоў. Так гэта «цуда-лякарства» і трапіла ў лабараторыю...

Экспертыза

Увогуле сур'ёзную небяспеку ўяўляюць розныя солі, знешнія падобныя на кухонную. І калі ў кагосьці ёсць доступ да хімічных рэактываў, усім членам сям'і трэба быць вельмі ўважлівымі і сачыць, каб тыя не трапілі на кухню. У 2001 годзе ў адной сям'і атруціліся адразу чатыры чалавекі: бабуля, дзядуля, іх дачка і ўнук. Ядам аказаўся банальны нітрыт натрыю. Яго дабаўляюць, напрыклад, у каўбасу для атрымання прыгожага ружовага колеру. У мікрадозах нітрыт натрыю не ўяўляе пагрозы, але адной чайнай лыжкі яго дастаткова для таго, каб забіць чалавека. Як паказала хімічная экспертыза, нітрытам натрыю былі пасоленыя ўсе стравы ў гэтым доме.

– Пасля таго, як у паліва перасталі дабаўляць тэтраэтылсвінец, адразу спыніліся атручэнні свінцом, – канстатуе Юрый Сінькевіч. – Гэта вельмі таксічнае спалучэнне, якое хутка трапляе ў галаўны мозг, і ўсё завяршаецца лятальным канцом. І, нават, калі чалавек застаецца жывы, ён усё роўна становіцца разумовым інвалідам. Цяжкія металы ўваходзяць у абавязковы пералік нашых даследаванняў, таму прайсці незаўважаным такое атручэнне не можа. Што датычыцца наўмыснага атручэння мыш'яком – пасля таго, як стала зразумела, што факт атручэння гэтым ядам лёгка ўстанавіць, ён перастаў разглядацца злачынцамі ў якасці сродку для забойства. Больш за тое, сёння нашы метады дазваляюць устанавіць нават нязначнае павышэнне фону мыш'яку ў мачы чалавека, калі той, напрыклад, з'еў напярэдадні морапрадукты. Такой дасканалай стала лабараторная дыягностыка.

Юрый Сінькевіч

Шампанскае з таліем

– У маёй практыцы быў кур'ёзны выпадак, – расказвае Людміла Сомава. – У дзвюх суседак склаліся няпростыя ўзаемаадносіны, і адна другую вырашыла пачаставаць блінчыкамі з ртуццю. Высыпала ртутныя шарыкі з медыцынскага тэрмометра ў цеста. Але тая іх заўважыла і прынесла свой пачастунак да нас. Усе засталіся жывыя. Справа ў тым, што, трапіўшы ў страўнік, ртуць праходзіць па арганізме, так бы мовіць, транзітам і нідзе ў ім не адсарбіруецца. А небяспечная яна, найперш, пры ўдыханні. Прычым ртуць выпарваецца нават пры пакаёвай тэмпературы, а патэльня, на якой смажыліся блінчыкі, толькі ўзмацніла выпарванне ртутных пароў. Атрымліваецца, што жанчына, якая спрабавала адпомсціць суседцы, нашкодзіла, у першую чаргу, сабе, а не сваёй саперніцы.

Дарэчы, адна з самых гучных «спраў атручальнікаў» адбылася ў Мінску ў пачатку 1980-х гадоў: тады тры чалавекі загінулі і яшчэ некалькі сталі інвалідамі.

Было ўстаноўлена, што злачынца дабавіў у бутэлькі з ліманадам і шампанскім талій, а ў віно – саляную кіслату і мыш'як. Усяго былі тры спробы, але кожны раз ахвярамі станавіліся выпадковыя людзі, а не той чалавек, якому прызначалася атрута. Пазней высветлілася, што такім чынам пакрыўджаны рабочы сцэны спрабаваў, як ён лічыў, аднавіць справядлівасць і пакараць свайго крыўдзіцеля...

Экспертыза

– У чым сіла судова-хімічнай лабараторыі? Гэта не прабірачны метад, як у Шэрлака Холмса... Мы бачым не толькі таксічныя дозы, але і тэрапеўтычны фон – што чалавек прымаў у лячэбных мэтах учора, пазаўчора, – падкрэслівае Людміла Сомава. – Чалавечая думка пастаянна развіваецца, як, між іншым, і крымінальная. Таму трэба працаваць на апярэджанне, выпрацоўваць і колькасныя, і якасныя метады для новых рэчываў, якія будуць трапляць на наш рынак.

– Як я ўжо казаў, з 10 тысяч хімічных спалучэнняў мы даследуем толькі каля трох працэнтаў, таму час ад часу сутыкаемся з новым рэчывам, і тады наша работа ўскладняецца ў разы. А заключэнне эксперта можа скласці ўжо не 5–10, а 20, і нават, 30 машынапісных старонак, таму што даводзіцца праводзіць параўнальныя даследаванні, выпрацоўваць новы алгарытм. Затое, другі раз нам такія намаганні ўжо не спатрэбяцца, – падтрымлівае калегу начальнік упраўлення. – Увогуле, экспертыза з унутранымі органамі лічыцца вельмі складанай і такіх экспертыз на аднаго спецыяліста прыпадае ў год каля 30.

З'яўленне на нашым рынку новых псіхатропных рэчываў, так званых спайсаў, таксама дадало работы. Моцнай дапамогай стала створаная сумесна хімікамі і ІТ-кампаніяй «БелХард» праграма «Антынаркотыкі». Гэта база пастаянна актуалізуецца, у яе дабаўляюцца не толькі новыя рэчывы, але і метабаліты (прадукты распаду), якія застаюцца ў арганізме пасля спажывання спайсаў. Таму рэчыва яшчэ не трапіла на наш рынак, а мы ўжо ведаем, як яно будзе паводзіць сябе ў арганізме, і што нам трэба шукаць.

У цэнтральным апараце Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз працуюць 10 медыцынскіх судовых экспертаў-хімікаў. А ўсяго па краіне іх 75. Гэта няшмат, улічваючы статыстыку гвалтоўных смерцяў. Да таго ж медыцынскія судовыя эксперты-хімікі займаюцца таксама электраметкамі (маецца на ўвазе гібель людзей ад паражэння токам), агнястрэльнымі і колата-рэзанымі раненнямі. Любыя прадметы, якімі была нанесена траўма, пакідаюць свае сляды. Ад той жа кулі застаюцца на скураных покрывах сляды металізацыі, па якіх можна ўстанавіць, з якога матэрыялу яна была зроблена, якім чынам быў здзейснены выстрал. У параўнанні з 1990-мі гадамі колькасць экспертыз агнястрэльных раненняў у краіне зменшылася ў разы, а вось выпадкі агнястрэльных раненняў жывёл, наадварот, пачасціліся.

Надзея НІКАЛАЕВА, «Звязда», 13 мая 2017 г.
(фота – Надзея БУЖАН)