/ / Общественно-политические
06.12.2017

Нагадаем аб каляндарным плане выбараў мясцовых Саветаў дэпутатаў 28-га склікання, згодна з якім рэалізуецца электаральны працэс

Нагадаем аб каляндарным плане, згодна з якім рэалізуецца электаральны працэс. Так, да 24 лістапада былі створаны тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, а да 4 снежня – акруговыя. Далей, да 16 снежня, будуць арганізаваны ўчасткі для галасавання, а да 3 студзеня – участковыя выбарчыя камісіі.

У Гродзенскай вобласці ўтворана 60 акруговых камісій па выбарах у Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў, у складзе кожнай – 11 чалавек. Як паведамляе БЕЛТА, 2 снежня прайшло сумеснае пасяджэнне прэзідыума Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў і Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

– У склад камісій былі абраныя тыя, хто зможа правесці выбарчую кампанію кампетэнтна і арганізавана, – адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Валерый Клімовіч.

Розныя арганізацыі праяўляюць немалую цікавасць да выбараў – дастаткова сказаць, што ў акруговыя камісіі ўвайшлі прадстаўнікі камуністаў, «Белай Русі», «БРСМ», Беларускага саюза жанчын, Беларускага фонду міру і многіх іншых.

Склад 60 акруговых камісій зацверджаны і ў Віцебску.

– Найбольшую актыўнасць тут праявілі грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі – больш за 60% ад агульнай колькасці заяў. Заявы ад працоўных калектываў складаюць 9,9%. Шляхам збору подпісаў грамадзян пададзена 29,5% заяў, – расказаў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.

Што датычыцца Брэста, то прэзідыумы Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта на сумесным пасяджэнні таксама зацвердзілі склады акруговых выбарчых камісій. Цікавы факт – само мерапрыемства адбылося ў фармаце відэаканферэнцыі. Тут выбары пройдуць у 57 акругах. У складзе акруговых камісій – 759 прадстаўнікоў, з іх 99 вылучана працоўнымі калектывамі, 227 – грамадзянамі шляхам падачы заяў, 46 – палітычнымі партыямі, а 387 – грамадскімі аб'яднаннямі.

Што да беларускай сталіцы, то тут створана дзевяць раённых выбарчых камісій па выбарах у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў, якія і ажыццяўляюць паўнамоцтвы акруговых. У кожнай – па 13 чалавек, усяго ж налічваецца 117 членаў, тады як вылучалася 187 прадстаўнікоў. Дарэчы, у акруговых выбаркамах Мінска прадстаўнікі палітычных партый і аб'яднанняў склалі высокія 86,3%.

Па інфармацыі «Звязда»