/ / Общественно-политические
06.07.2016

Усё аб альтэрнатыўнай службе. Як вядома, з 1 лiпеня ўступіў у сiлу адпаведны закон

Як вядома, з 1 лiпеня ўступіў у сiлу адпаведны закон. У якiх арганiзацыях i сферах дзейнасцi будуць працаваць альтэрнатыўшчыкi? Цi залiчваецца час праходжання альтэрнатыўнай службы ў стаж працы? Цi распаўсюджваецца на альтэрнатыўшчыкаў вызваленне ад службы, калi яны – шматдзетныя бацькi? На гэтыя i iншыя пытаннi адказалi намеснiк Мiнiстра працы i сацыяльнай абароны Iгар Старавойтаў, начальнiк аддзела прававых пытанняў сацыяльнай абароны Вольга Лiхтаровiч, iншыя супрацоўнiкi Мiнiстэрства падчас анлайн-канферэнцыi «Арганiзацыя работы па альтэрнатыўнай службе», якая прайшла на сайтах Мiнпрацы i сацабароны i БЕЛТА.

Хто i як можа стаць альтэрнатыўшчыкам?

– Якi прынцып будзе прымяняцца ў дачыненнi да альтэрнатыўшчыкаў: заяўны або выяўляльны?

– Законам прадугледжваецца права хадайнiчаць аб замене вайсковай на альтэрнатыўную службу па рэлiгiйных перакананнях. Важны момант: чалавек павiнен не толькi заявiць пра сваё жаданне праходзiць альтэрнатыўную службу ўзамен вайсковай, але i належным чынам абгрунтаваць хадайнiцтва. Закон не прадугледжвае аўтаматычнага прызнання права на замену вайсковай службы альтэрнатыўнай.

У заяве павiнны быць выкладзены прычыны, якiя заахвоцiлi заявiць пра замену вайсковай службы на альтэрнатыўную. Да заявы прыкладаецца аўтабiяграфiя, а таксама iншыя матэрыялы, якiя могуць служыць пацвярджэннем iнфармацыi, выкладзенай у заяве.

На альтэрнатыўную службу могуць быць накiраваны грамадзяне, якiя падлягаюць прызыву на тэрмiновую ваенную службу, службу ў рэзерве, прыгодныя па стане здароўя i фiзiчным развiццi да праходжання гэтай службы, якiя асабiста заявiлi аб тым, што прыняцце ваеннай прысягi, нашэнне, прымяненне зброi або непасрэдны ўдзел у вытворчасцi i абслугоўваннi зброi, боепрыпасаў i баявой тэхнiкi супярэчаць iх рэлiгiйным перакананням.

– Якi парадак разгляду заявы аб замене вайсковай службы на альтэрнатыўную? Што можа стаць прычынай адмовы?

– Заява грамадзянiна разглядаецца ў яго прысутнасцi на пасяджэннi прызыўной камiсii. Прызыўная камiсiя мае права запрасiць на пасяджэнне прадстаўнiкоў рэлiгiйных i iншых арганiзацый, грамадзян, якiя могуць даць дадатковыя тлумачэннi.

Прызыўная камiсiя таксама мае права папрасiць характарыстыку з месца працы (вучобы), а таксама iншую iнфармацыю, якая мае адносiны да пытання, i на пасяджэннi абавязана праiнфармаваць аб гэтых дакументах i iнфармацыi.

Што датычыцца прычын адмовы ў замене вайсковай службы на альтэрнатыўную, то яны вызначаны арт. 17 Закона «Об альтернативной службе». У прыватнасцi, гэта адсутнасць прадугледжаных законам падстаў для накiравання на альтэрнатыўную службу, няяўка грамадзянiна без важных прычын на пасяджэнне прызыўной камiсii, выяўленне камiсiяй недакладнасцi звестак, якiя маюць iстотнае значэнне для прыняцця рашэння.

– Калi ў працэсе альтэрнатыўнай службы чалавек перадумаў i хоча пайсцi на тэрмiновую службу, цi ёсць у яго такая магчымасць? I як у такiм выпадку будуць пералiчвацца днi службы?

– Законам прадастаўлена права да дня пераезду да месца праходжання альтэрнатыўнай службы заявiць пра сваё жаданне прайсцi ваенную службу. Такiя грамадзяне прызываюцца на тэрмiновую ваенную службу на агульных падставах i не могуць быць паўторна накiраваны для праходжання альтэрнатыўнай службы. У перыяд праходжання альтэрнатыўнай службы перавод на тэрмiновую службу законам не прадугледжаны.

– Законам вызначаны тэрмiны альтэрнатыўнай службы для тых, хто не мае вышэйшай адукацыi, – 36 месяцаў, тым, хто мае вышэйшую адукацыю, – 24 месяцы. А якiя перыяды не будуць залiчвацца ў тэрмiн службы? Як наконт бальнiчнага, водпуску i г.д.?

– У адпаведнасцi з арт. 19 Закона не залiчваюцца днi адпачынку ў сувязi з паступленнем ва ўстанову адукацыi або арганiзацыю паслявузаўскай адукацыi i атрыманнем адукацыi. Не залiчваюцца i перыяды, якiя прыпадаюць на тэрмiн адбыцця пакарання ў выглядзе арышту, а таксама час, на працягу якога грамадзянiн не выконваў абавязкаў альтэрнатыўнай службы ў сувязi з ужываннем да яго адмiнiстрацыйнага спагнання.

Днi, на працягу якiх альтэрнатыўшчык адсутнiчаў без уважлiвых прычын больш за 3 гадзiны падчас выканання абавязкаў альтэрнатыўнай службы альбо знаходзiўся ў гэты перыяд часу ў стане алкагольнага, наркатычнага, таксiчнага ап’янення або распiваў спiртныя напоi, спажываў наркатычныя сродкi, псiхатропныя рэчывы, таксама не ўваходзяць у тэрмiн альтэрнатыўнай службы.

А вось водпуск па хваробе, водпуск па ўважлiвых прычынах асабiстага i сямейнага характару залiчваюцца ў тэрмiн альтэрнатыўнай службы.

– Цi распаўсюджваецца на альтэрнатыўшчыкаў вызваленне ад службы, калi яны – шматдзетныя бацькi?

– Законам прадугледжана адтэрмiноўка ад прызыву на тэрмiновую ваенную службу, службу ў рэзерве па сямейным становiшчы, у тым лiку калi маецца двое дзяцей. Адпаведна, гэтыя грамадзяне не накiроўваюцца на альтэрнатыўную службу.

Час праходжання альтэрнатыўнай службы залiчваецца ў працоўны стаж

– Якiя гарантыi для альтэрнатыўшчыкаў, у прыватнасцi па жыллi, захаваннi папярэдняга працоўнага месца i г.д.?

– Грамадзяне, якiя праходзяць альтэрнатыўную службу, вызваляюцца ад платы за карыстанне прадастаўленым iм на перыяд праходжання альтэрнатыўнай службы памяшканнем i за жыллёва-камунальныя паслугi. Пры гэтым за грамадзянамi, якiя праходзяць альтэрнатыўную службу, захоўваецца права знаходзiцца на ўлiку для паляпшэння жыллёвых умоў па месцы жыхарства i месцы працы (службы) на працягу ўсяго часу праходжання альтэрнатыўнай службы i аднаго года пасля яе заканчэння.

Акрамя гэтага, альтэрнатыўшчыкi маюць права на бясплатнае забеспячэнне лекавымi сродкамi, якiя выдаюцца па рэцэптах урачоў у межах пералiку асноўных лекавых сродкаў.

Пасля звальнення з альтэрнатыўнай службы гарантуецца працяг навучання на ранейшых умовах ва ўстановах адукацыi, у якiх яны навучалiся да накiравання на альтэрнатыўную службу, а таксама прадастаўленне першага працоўнага месца ў адпаведнасцi з заканадаўчымi актамi.

За грамадзянамi, якiя працавалi да накiравання на альтэрнатыўную службу ў дзяржаўных арганiзацыях, захоўваецца права паступлення на працу да таго ж наймальнiка на пасаду, раўназначную займанай да накiравання на альтэрнатыўную службу, на працягу трох месяцаў з дня, наступнага за днём звальнення з альтэрнатыўнай службы, а ў выпадку захворвання ў перыяд праходжання альтэрнатыўнай службы – на працягу трох месяцаў з дня аднаўлення працаздольнасцi або ўстанаўлення iнвалiднасцi.

Грамадзянам, прынятым на ранейшае месца працы, Законам прадугледжана прадастаўленне аднаразовай матэрыяльнай дапамогi ў памеры не менш як адной мiнiмальнай заработнай платы.

Час праходжання грамадзянамi альтэрнатыўнай службы залiчваецца ў стаж працы.

– Цi можа альтэрнатыўшчык навучацца завочна або на вячэрнiм аддзяленнi?

– Так, можна атрымлiваць адукацыю ў завочнай форме i ў форме саiскальнiцтва.

– Цi прадугледжваюцца нейкiя прэферэнцыi па прадастаўленнi першага працоўнага месца грамадзянам, звольненым з альтэрнатыўнай службы?

– Згодна з арт. 35 Закона аб альтэрнатыўнай службе i новай рэдакцыi арт. 281 Працоўнага кодэкса, грамадзянам, звольненым з альтэрнатыўнай службы, гарантуецца прадастаўленне першага працоўнага месца.

– Цiкава, што будзе лiчыцца дэзерцiрствам – прагулы? I якiя санкцыi за гэта прадугледжаны?

– Ухiленнем ад праходжання альтэрнатыўнай службы з’яўляецца няяўка без важных прычын да месца праходжання альтэрнатыўнай службы, у тым лiку пры пераводзе ў iншую арганiзацыю або прыбыццi з адпачынку, на тэрмiн звыш трох сутак, але не больш за месяц, альбо ўхiленне ад праходжання альтэрнатыўнай службы на той жа тэрмiн шляхам падробкi дакументаў або iншага падману. За гэта прадугледжана пакаранне ў выглядзе арышту.

Калi перыяд здзяйснення такiх парушэнняў перавысiў месяц, то прадугледжваецца адказнасць у выглядзе абмежавання волi на тэрмiн да пяцi гадоў або пазбаўлення волi на той жа тэрмiн.

Святлана Бусько, «Звязда» ад 6 ліпеня 2016 г.