«Дзейнічаць адэкватна часу» <em>(Аляксандр Філімонаў, «Звязда» ад 25 сакавіка 2015 г.)</em>
Напярэдадні вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, якая адкрыецца 2 красавіка, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА адказаў на пытанні «Звязды».
ПРА СЕСІЙНЫЯ ПРЫЯРЫТЭТЫ
Па словах Уладзіміра Андрэйчанкі, сесія будзе даволі насычанай і працаёмкай. У парламенцкім партфелі ўжо больш за 60 законапраектаў. Яны і складуць аснову заканатворчай праграмы.
— Дэпутатам трэба будзе прыняць заканадаўчыя рашэнні па шэрагу важных пытанняў, накіраваных найперш на мадэрнізацыю эканомікі і павышэнне ўзроўню жыцця ў краіне, — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.
У прыкладным парадку дня сесіі ён выдзеліў праект Ляснога кодэкса, законапраекты аб барацьбе з карупцыяй, аб прамысловай бяспецы, аб ідэнтыфікацыі і прасочванні сельскагаспадарчых жывёл і прадуктаў жывёльнага паходжання, папраўкі ў заканадаўства па пытаннях абароны дзяцей ад шкоднай інфармацыі, аб якасці і бяспецы харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў, ратыфікацыю пагаднення аб супрацоўніцтве краін СНД у міждзяржаўным абмене навукова-тэхнічнай інфармацыяй. Адметнасцю сесіі стане прыняцце блока новых заканадаўчых актаў або ў новай рэдакцыі, сярод якіх некаторыя названыя, а таксама некалькі законапраектаў аб судавытворчасці і аб альтэрнатыўнай службе.
ПРА ЭКАНАМІЧНЫ ВЕКТАР ЗАКАНАДАЎСТВА
— Калі нешта перашкаджае эканамічнаму развіццю, састарэла — трэба прававую базу мяняць, гэта адназначна, — лічыць Старшыня Палаты прадстаўнікоў.
За апошнія гады, сказаў ён, многае зроблена па абнаўленні гаспадарчага, грамадзянскага, падатковага, банкаўскага, фінансавага і зямельнага заканадаўства ў напрамку аптымізацыі, пазбаўлення ад залішніх бюракратычных працэдур. На вясновай сесіі будуць зроблены чарговыя крокі. Дэпутаты ўрэгулююць некаторыя пытанні гаспадарчых таварыстваў, архітэктурнай і будаўнічай дзейнасці, племянной справы ў жывёлагадоўлі, біржавага гандлю і іншыя. Прадоўжыцца ўдасканаленне законаў, звязаных з вырашэннем праблем прыродных рэсурсаў, экалогіі і прыродакарыстання.
— Сутнасцю прававых новаўвядзенняў з’яўляецца стымуляванне дзелавой актыўнасці, прадпрымальніцтва ў яго шырокім сэнсе і канкрэтных сегментаў рэальнага сектара эканомікі, — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.
ПРА МАТЫВАЦЫЮ ЗМЯНЕННЯЎ
Заканадаўчая база ўдасканальваецца ў асноўным шляхам унясення ў яе змяненняў і дапаўненняў, але ў грамадскай думцы стаўленне да гэтага неадназначнае. Маўляў, пра якую стабільнасць рэгулятарнага поля весці гаворку, калі столькі змяненняў? Уладзімір Андрэйчанка мяркуе так:
— Я перасцярог бы ад занадта спрошчанага разумення стабільнасці прававой базы. Інтэнсіўнае развіццё краіны патрабуе аператыўнага заканадаўчага рэагавання на ўзнікаючыя праблемы дзеля іх вырашэння. Калі да гэтага абгрунтаваны, узважаны, абачлівы падыход, да чаго мы і імкнёмся, то папраўкамі ў законы ствараюцца лепшыя ўмовы для развіцця эканомікі, сацыяльнай сферы, паляпшэння абароненасці і якасці жыцця людзей.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў паведаміў, што Саветам Міністраў зацверджаны план падрыхтоўкі законапраектаў рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання на 2015 год. Рэгламентуецца комплекс сур’ёзных пытанняў. «Новыя законапраекты пры іх паступленні ў Парламент мы разгледзім без прамаруджання», — сказаў Уладзімір Андрэйчанка.
ПРА БЯСПЕКУ
На вясновай сесіі дэпутаты разгледзяць шэраг законапраектаў па пытаннях нацыянальнай бяспекі. Ключавая тэма — барацьба з карупцыяй. Адпаведны дакумент па ініцыятыве Прэзідэнта прайшоў грамадскую экспертызу, абмяркоўваўся і шырокім колам спецыялістаў. Уладзімір Андрэйчанка лічыць, што прыняцце Закона «Аб барацьбе з карупцыяй» павысіць адказнасць службовых асоб і створыць трывалыя бар’еры супраць карупцыйных праяўленняў. Умацаванню законнасці будзе садзейнічаць таксама ўдасканаленне прававога механізма аператыўна-пошукавай дзейнасці. Базавы законапраект на этапе падрыхтоўкі да другога чытання. Працягваецца рабочы працэс і па некаторых іншых законапраектах.
Адзначыўшы маючую адбыцца ратыфікацыю Пагаднення Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй аб павышэнні эфектыўнасці ўзаемадзеяння ў барацьбе са злачыннасцю, Старшыня Палаты прадстаўнікоў дадаў:
— Мы аказаліся перад сур’ёзнымі знешнімі пагрозамі бяспецы і павінны дзейнічаць адэкватна выклікам часу. Наша дзяржава будзе рабіць усё магчымае, у тым ліку на заканадаўчым узроўні, каб жыццё і бяспека грамадзян былі надзейна абаронены.
ПРА ЗНЕШНІЯ СУВЯЗІ
Па словах Уладзіміра Андрэйчанкі, у сесійны перыяд Парламент прадоўжыць нарошчваць дагаворна-прававую базу міжнароднага супрацоўніцтва. Плануецца ратыфікацыя міжурадавых пагадненняў: з Аўстрыяй — аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах, з Латвіяй — па пытаннях міжнародных аўтамабільных зносін, з Кубай — аб узаемных пастаўках, з Венгрыяй — аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі і іншых.
Дэпутатаў чакае разнастайная праца па развіцці міжнародных і міжпарламенцкіх сувязяў і кантактаў, геаграфія якіх за апошнія гады значна пашырылася. Як сказаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў, галоўная мэта парламенцкай дыпламатыі — садзейнічаць стварэнню максімальна спрыяльных умоў для гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва нашай краіны.
— Прыярытэтным для нас будзе парламенцкае ўзаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы, СНД, Еўразійскага эканамічнага саюза і Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, — канстатаваў Уладзімір Андрэйчанка.
Гаворачы пра перспектывы беларуска-еўрапейскага міжпарламенцкага партнёрства, кіраўнік Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што яно магчыма пры наяўнасці ў еўрапейскіх парламенцкіх структур добрай волі да раўнапраўных адносін.
ПРА САЮЗНУЮ ДЗЯРЖАВУ
— Інтэграцыйны праект Беларусі і Расіі рэалізуецца пры няўхільным захаванні дзяржаўнага суверэнітэту дзвюх краін не ў нейкіх кан’юнктурных мэтах, а на карысць нашых народаў, насуперак усім цяжкасцям, праблемам і знешнім перашкодам, — сказаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.
З саюзнага бюджэту фінансуюцца і выконваюцца сумесныя праграмы і праекты вытворчай, інавацыйнай, абарончай, сацыяльнай, праваахоўнай, экалагічнай і іншай накіраванасці. У іх дасягненні, адзначыў Уладзімір Андрэйчанка, вялікая роля Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, які з’яўляецца эфектыўнай дыялогавай пляцоўкай беларускіх і расійскіх парламентарыяў.
— Ва ўмовах жорсткай сусветнай канкурэнцыі і няпростай эканамічнай сітуацыі, якая склалася ў Расійскай Федэрацыі пад уздзеяннем знешніх фактараў, нам асабліва важна паглыбляць эканамічны складнік нашых адносін, — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка. — Таму я лічу вельмі своечасовым падпісанне міжурадавага плана мерапрыемстваў антыкрызіснай накіраванасці і вызначэнне Вышэйшым дзяржаўным саветам Саюзнай дзяржавы прыярытэтаў саюзнага будаўніцтва на сярэднетэрміновую перспектыву. Гэта створыць яшчэ большы запас трываласці для руху наперад.
Напрыканцы інтэрв’ю Старшыня Палаты прадстаўнікоў звярнуўся да чытачоў «Звязды»:
2 красавіка дзяржаўнае свята — Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Шчыра віншую вас і ад сэрца жадаю ўсяго самага добрага. Няхай вам заўсёды шанцуе ў добрых справах!
