/ / Общественно-политические
10.07.2015

У пошуках бацькі. Пятая частка беларускіх мужчын, што робяць экспертызу на бацькоўства, атрымліваюць адмоўны рэзультат (<em>Наталля Лубнеўская, «Звязда» ад 10 лiпеня 2015 г.)</em>

Звычайная судовая справа. Жанчына пажыла з каханым у грамадзянскім шлюбе, нарадзіла яму двайнят, а потым, як той казаў, не сышліся характарамі і разбегліся. Дзеці не зарэгістраваны, а аліменты патрэбны. Суд прызначыў экспертызу, каб устанавіць бацькоўства. Фармальнасць, здавалася б. І тут нечаканасць: у дзяцей (разнаяйцавых блізнят) — розныя бацькі!

Гэта не сюжэт чарговага бразільскага серыяла, а рэальная беларуская гісторыя. У Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз, дзе штогод праводзіцца каля дзвюх тысяч тэстаў на бацькоўства, з кур’ёзнымі, трагічнымі і неверагоднымі выпадкамі сутыкаюцца часта. Кожнае даследаванне — гэта сям’я са сваімі праблемамі і таямніцамі.

Дзвесце долараў за праўду

— Званкоў да нас паступае шмат,– расказвае намеснік начальніка аддзела генетычных экспертыз упраўлення судова-біялагічных экспертыз галоўнага ўпраўлення судова-медыцынскіх экспертыз цэнтральнага апарата Дзяржаўнага камітэта Мікалай Кузуб. – Але больш за палову тых, хто тэлефануе, так і не даязджае.

Даследаванні праводзяць па асабістых зваротах і па рашэнні суда (на долю апошніх прыпадае 70 працэнтаў). Распаўсюджаныя прычыны – патрэба ў аліментах і прэтэнзія на частку пры падзеле маёмасці. У апошнія два-тры гады павялічылася колькасць спраў, калі неабходна вызначыць, ці з’яўляўся бацькам дзіцяці памерлы чалавек. Гэта раней жанчыне, у якой засталіся малыя ад грамадзянскага мужа, было больш выгадна мець статус маці-адзіночкі. Цяпер жа, пасля пэўных змен у заканадаўстве, беларускі, што апынуліся ў такой сітуацыі, стараюцца аформіць пенсію па страце карміцеля.

— Генетычныя экспертызы ў дачыненні памерлага чалавека складаныя. Часам прымяняюцца ўскосныя даследаванні, па родзічах. Калі дзіця – хлопчык, сувязь з татам можна прасачыць па мужчынскай лініі – праз дзеда ці дзядзьку. Калі дзяўчынка, глядзім, ці ўнаследавала яна прыкметы ад бабулі, – тлумачыць Мікалай Мікалаевіч.

Кошт экспертызы ў розных рэгіёнах адрозніваецца. У сталіцы яна абыдзецца ў 2,9 мільёна рублёў, у абласцях і раёнах – ад 2,2 да 2,6 мільёна. У параўнанні з сусветнымі расцэнкамі – там за тэст на бацькоўства плацяць каля 300 долараў (а ў суседняй Расіі, за даследаванні ў федэральным цэнтры па судовых справах і ўсе 800) – нядорага.

Маючы за плячыма сур’ёзны серыяльны бэкграунд, не маглі не спытаць: ці не звяртаюцца да спецыялістаў жанчыны, якія падазраюць, што іх дзіця падмянілі ў радзільні? Мой суразмоўца ўсміхаецца і згадвае толькі адзін падобны выпадак, калі кіраўніцтва радзільні само арганізавала экспертызу, каб супакоіць недаверлівую жанчыну. Але даследаванні па ўстанаўленні мацярынства часам праводзяць. Напрыклад, у дачыненні жанчын, якія нараджалі дома.

Мутацыі і пільныя бабулі

Мінімальны ўзровень, пры якім эксперты могуць даваць пацверджанне бацькоўства — 99,9 працэнта. Звычайна гэта лічба значна большая (выключэнне складаюць даследаванні, якія праводзяць без маці), але ніколі не дасягае ста працэнтаў. Заўсёды ёсць верагоднасць выпадковага супадзення.

Генетычныя прыкметы дзіцяці па 15 тэстах параўноўваюцца з ДНК-характарыстыкамі патэнцыйнага бацькі. Усюды супадзенне – значыць, мужчына сапраўды тата. У трох працэнтах выпадкаў супрацоўнікі камітэта сутыкаюцца з мутацыямі. Каб упэўніцца ў тым, што разыходжанне ў адным з 15 тэстаў – справа прыроды, а не ўдзел блізкага сваяка верагоднага таты, праводзяць паглыбленае даследаванне. Калі ў трох і болей тэстах няма супадзенняў, бацькоўства выключаецца. Такія несуцяшальныя вынікі (хоць для тых, хто не збіраўся плаціць аліменты і прызнаваць сына ці дачку, гэты варыянт пажаданы) чакаюць пятую частку мужчын (каля 400 чалавек за год), што прыйшлі на экспертызу.

Абавязковая ўмова для правядзення даследавання – адначасовая яўка ў лабараторыю дзіцяці, маці і патэнцыйнага таты.

— Бывае, бабулі тэлефануюць: маўляў, нявестка ненадзейная, падманула майго сына, я да вас зараз прыеду з матэрыяламі. Вядома, мы такія звароты не разглядаем. Пара павінна сама вырашыць, ці патрэбна ёй гэтае даследаванне, і свядома прыйсці, – кажа Мікалай Кузуб.

Зрабіць тэст уціхую ад маці дзіцяці? Можна. Праз прыватныя кампаніі. Праўда, Мікалай Мікалаевіч папярэджвае, што за якасць працы такіх экспертаў ручацца не будзе: ніхто з іх не атрымліваў ліцэнзію ў Дзяржкамітэце.

Сабраць сям’ю

Перыпетыі прыватнага жыцця, што адкрываюцца падчас экспертызы, – гатовы сюжэт меладрамы, над якой будзе плакаць і ўздыхаць не адна хатняя гаспадыня. «На маёй памяці было да пяці спроб знайсці бацьку, – расказвае Мікалай Мікалаевіч (ён займаецца генетычнымі даследаваннямі больш за 20 гадоў). – Максімальная колькасць дзяцей, што ўдзельнічалі ў экспертызе, – сем. Аднойчы тата прыязджаў да нас паслядоўна з трыма «камплектамі» малых. Прычым з усімі жанчынамі ён быў у добрых адносінах».

Некаторыя сітуацыі наогул здаюцца неверагоднымі. Пару разоў да генетыкаў звярталіся з просьбай вызначыць бацьку з братоў-блізнят! Праўда, тымі метадамі, якімі валодаюць навукоўцы, адрозніць на генетычным узроўні аднаяйцавых двайнят немагчыма. У тэорыі, калі цалкам разабраць геном чалавека, шанц ёсць. Але на практыцы такога даследавання не робяць. Падобны тэст будзе настолькі дарагім, што значна танней выплачваць аліменты да канца жыцця.

Бываюць і шчаслівыя выпадкі, калі заключэнне генетыкаў дапамагае аб’яднаць сям’ю. Мой суразмоўца згадвае гісторыю дзесяцігадовай даўнасці пра жанчыну, якая паехала на заробкі ў Германію, пазнаёмілася там з мужчынам і зацяжарала ад яго. На чужыне маладая маці не засталася: вярнулася ў Беларусь. Але праз колькі часу памерла ад анкалогіі, а малы трапіў у інтэрнат. Калі хлопчыку з нязвыклым для беларусаў імем Эрык было сем гадоў, яго заўважыла перакладчыца, якая разам з нямецкімі прадстаўнікамі развозіла гуманітарную дапамогу па дзіцячых дамах. Пачала распытваць школьніка, звярталася ў СМІ. І нарэшце знайшла тату. Экспертыза бацькоўства пацвердзіла, і ў хлопчыка з’явілася сям’я.

Цяпер, дарэчы, папулярна шукаць родзічаў праз тэсты ДНК. Так званая генетычная генеалогія. На Захадзе гэты рух набыў шырокія маштабы. Нягледзячы на тое, што пра 5-6 папярэдніх пакаленняў можна даведацца ў архіве, некаторыя хочуць атрымаць пацверджанне з боку навукі.

Наталля Лубнеўская, «Звязда» ад 10 лiпеня 2015 г.