«Калі прымірэнне важнейшае за пакаранне» <em>(Вольга Мядзведзева, «Звязда» ад 4 лютага 2015 г.)</em>
У Палаце прадстаўнікоў распрацоўваецца законапраект аб укараненні медыяцыі ў Крымінальны кодэкс.

Медыяцыя як альтэрнатыўны суду метад вырашэння канфліктаў развіваецца ў нашай краіне з 2011 года. У 2013 годзе заканадаўча была вызначана сфера яе дзейнасці — грамадзянскія праваадносіны, працоўныя і сямейныя спрэчкі. Цяпер у ніжняй палаце Парламента распрацоўваецца законапраект, які закліканы ўвесці медыяцыю і ў крымінальны працэс. «Звязда» распытала намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Уладзіміра ЧАРАВАЧА пра асаблівасці вырашэння канфліктаў праз прымірэнне ў выпадку здзейсненага злачынства.
— Уладзімір Алегавіч, чым адрозніваецца медыяцыя ў грамадзянскай і крымінальнай судавытворчасцях?
— Гэта розныя рэчы па сутнасці. Калі ў першым выпадку медыяцыя выступае як форма вырашэння гаспадарчай ці грамадзянска-прававой спрэчкі, то ў другім — як форма канцэпцыі аднаўленчага правасуддзя, звязаная з вызваленнем ад крымінальнай адказнасці ці змяншэннем крымінальнага пакарання.
— Што такое аднаўленчае правасуддзе?
— Канцэпцыя аднаўленчай юстыцыі з’явілася ў апошнія дзесяцігоддзі. Гэта заканамерная праява сучасных тэндэнцый развіцця крымінальнага працэсу. Сацыяльна-эканамічныя змены, паскарэнне тэмпу жыцця людзей, развіццё новых тэхналогій і іншыя фактары ўплываюць на тыя формы, якія дзяржава абірае для барацьбы са злачыннасцю. Яе ўзровень цяпер застаецца адносна высокім, нягледзячы на невялікія ваганні, якія рэгіструюцца ў той ці іншы справаздачны перыяд. У тэорыі права нават паўстала пытанне пра «крызіс пакарання» і патрэбу распрацоўкі новых тэорый і альтэрнатыўных практык рэагавання на крымінальныя злачынствы.
Аднак не толькі высокі ўзровень злачыннасці ўплывае на змяненні крымінальнага працэсу, але і пэўныя праблемы, з якімі сутыкаецца практыка. У прыватнасці праблема забеспячэння праў асобы ў працэсе, нізкая эфектыўнасць забеспячэння праў пацярпелых і рэальнай кампенсацыі шкоды, прычыненай злачынствам, і г.д. Гэта і іншае прыводзіць да патрэбы пошуку новых рашэнняў, новых падыходаў да барацьбы са злачыннасцю, да змены сістэмы крымінальнага працэсу з тым, каб яна працавала эфектыўна.
Аднаўленчая юстыцыя па сваёй сутнасці прапануе новы падыход да разумення прыроды злачынства, а таксама да правасуддзя. У яе аснове ляжаць ідэі прымірэння і альтэрнатыўных спосабаў вырашэння канфліктаў, заснаваныя на пошуку кансэнсусу, у процівагу традыцыйнай канфрантацыі бакоў.
Самая пашыраная форма, якая выцякае з гэтай канцэпцыі, — медыяцыя. Гэта значыць, добраахвотнае дасягненне пагаднення падчас вырашэння крымінальна-прававога канфлікту паміж пацярпелым і парушальнікам права праз прымірэнне.
— Як працэдура прымірэння адбываецца ў выпадку здзейсненага злачынства?
— Працэдуру праводзіць адмыслова падрыхтаваны медыятар. Для ўсіх мадэляў медыяцыі характэрна, па-першае, добраахвотнасць удзелу: медыяцыя мае месца, калі абодва бакі крымінальна-прававога канфлікту выказваюць жаданне ўдзельнічаць у дадзенай працэдуры.
Таксама яна носіць нефармальны характар: цалкам адсутнічае рэгламентацыя дзеянняў удзельнікаў. Інфармацыя, атрыманая падчас медыяцыі, мае прыватны характар. А асноўная мэта медыяцыі — выпрацоўванне рашэння, якое задаволіць усіх удзельнікаў канфлікту.
— Якую ролю тут выконвае медыятар?
— Медыятар дапамагае выказаць і пачуць пункты гледжання, думкі, пачуцці бакоў, што фарміруе прастору паразумення. Самы важны вынік медыяцыі — аднаўленчыя дзеянні. Пад імі маюцца на ўвазе выбачэнне, прабачэнне, імкненне шчыра загладзіць прычыненую шкоду — такія дзеянні, якія дапамагаюць выправіць наступствы канфліктнай сітуацыі. Не менш важным вынікам медыяцыі можа стаць прымірэнчае пагадненне.
Такім чынам, увесь працэс медыяцыі накіраваны на вырашэнне галоўнага пытання пра тое, як можна ўрэгуляваць крымінальна-прававы канфлікт у дадзены момант і ў будучым. Увага ж крымінальнай судавытворчасці накіравана ў мінулае: здзейсніў абвінавачаны злачынства ці не здзейсніў, вінаваты ці не вінаваты ў здзяйсненні. На працягу ўсяго крымінальнага працэсу бакі супрацьпастаўляюцца адзін аднаму, пры гэтым яны нясуць пэўную працэсуальную функцыю (абвінавачання ці абароны) і адстойваюць сваю прававую пазіцыю па справе.
Апроч таго, падчас медыяцыі бакі самастойна прымаюць якія-небудзь рашэнні па крымінальна-прававым канфлікце з дапамогай медыятара. Але ён толькі праводзіць працэдуру прымірэння і не надзелены правам прыняцця якіх-небудзь рашэнняў па канфлікце. Што да традыцыйнага крымінальнага працэсу, то крымінальна-прававы канфлікт вырашаецца судом, які прымае ўладныя рашэнні.
— Якім чынам медыяцыя ў крымінальным справаводстве будзе адлюстравана ў беларускім заканадаўстве?
— Дэпутаты нашай камісіі распрацоўваюць праект закона аб укараненні інстытута медыяцыі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Пад медыяцыяй тут разумеецца выкарыстанне інстытута вызвалення ад крымінальнай адказнасці, які дапускаецца ў вызначаных заканадаўствам межах і звязаны з канцэпцыяй аднаўленчай юстыцыі. Не варта лічыць, што вынікі ўжывання медыяцыі ў грамадзянскай ці гаспадарчай судавытворчасцях робяць немэтазгодным увядзенне яе ў крымінальнае судаводства, бо, маючы аднолькавую юрыдычную форму, гэтыя два прававыя інстытуты накіраваны на дасягненне розных мэт і задач.
(фота – «Звязда»)
