«Бібліятэкі зоймуцца прававым лікбезам» <em>(Надзея Юшкевіч, «Звязда» ад 5 чэрвеня 2014 г.)</em>
Сёння ў другім чытанні дэпутаты ніжняй палаты беларускага Парламента разгледзяць праект Закона «Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь». Наталля Кучынская, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, культуры і навуцы, расказала «Звяздзе» пра асноўныя новаўвядзенні законапраекта.
Нагадаем, у першым чытанні яго прынялі ў лістападзе 2013 года. Да сённяшняй сесіі праект закона дайшоў з дадатковымі 40 папраўкамі, многія з якіх, лічыць парламентарый, маюць змястоўны характар.
— Увядзенне тэрміну «кніжныя помнікі» і рэгуляванне звязаных з гэтым пытанняў адпавядае патрабаванням гарманізацыі заканадаўства Садружнасці Незалежных Дзяржаў аб бібліятэчнай справе, — паведаміла Наталля Кучынская.
На практыцы прадугледжваецца стварэнне дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў краіны, які будзе ўяўляць сабой сукупнасць звестак аб каштоўных кнігах. Бібліятэкі абавязваюцца не толькі забяспечыць іх якаснае захаванне, але і ўключыць выданні ў вышэйзгаданы рэестр, іншыя зводныя каталогі і базы даных. Усё гэта дазволіць мець дакладную інфармацыю аб колькасці кніжных помнікаў, клапаціцца аб тым, каб фаліянты знаходзіліся ў добрых умовах.
Яшчэ адно новаўвядзенне закранае супрацоўніцтва паміж бібліятэкамі.
— У адпаведнасці з законапраектам бібліятэкі будуць кааперыраваць і каардынаваць сваю дзейнасць па набыцці, стварэнні і выкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў, аказанні электронных паслуг, — расказала дэпутат.
Каардынацыйным і метадычным цэнтрам сукупнай сеткі бібліятэк вызначана Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
Законапраект прадугледжвае стварэнне спецыяльнага органа — Рэспубліканскага бібліятэчнага савета, — які закліканы садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці працы бібліятэк. Савет будзе створаны пры Міністэрстве культуры. Асноўная функцыя новага органа — выпрацоўка рэкамендацый па пытаннях бібліятэчнай справы.
Закладзена аснова для пашырэння міжнародных кантактаў дзяржаўных бібліятэк. Яны атрымаюць магчымасць праводзіць міжнародныя выставы дакументаў з фондаў замежных бібліятэк і музеяў.
Яшчэ адно новаўвядзенне накіравана на павышэнне прававой культуры грамадзян.
— У якасці асноўнага прынцыпу дзейнасці бібліятэк замацоўваецца распаўсюджванне прававых ведаў, плануецца стварэнне і функцыянаванне на базе дзяржаўных бібліятэк публічных цэнтаў прававой інфармацыі, — дадала парламентарый. — Для бібліятэк устанаўліваецца абавязак забяспечваць магчымасць доступу да эталоннай прававой інфармацыі.
Будуць скарэктаваны правы некаторых груп карыстальнікаў бібліятэк.
— Для непаўналетніх асоб выключана абмежаванне на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне. Для людзей з аслабленым зрокам і тых, хто зусім не бачыць, зроблены акцэнт на пераважнасці іх права на абслугоўванне ў публічных і спецыяльных дзяржаўных бібліятэках. Пры гэтым незаконныя дзеянні або бяздзейнасць работнікаў бібліятэк, якія абмяжоўваюць правы карыстальнікаў, могуць быць абскарджаны ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.




